У Барунах пасадзілі алею асветніцтва

Общество

Вучні Барунскага вучэбна-педагагічнага комплексу ў мінулую пятніцу пасадзілі алею асветніцтва у гонар 400-годдзя развіцця адукацыі ў Барунах.

Алея асветніцтва будзе нагадваць, што школа ў Барунах з’яўляецца адной з найстарэйшых у Беларусі. 400 гадоў таму манахі базыльянскага ордэна пачалі тут навучанне мясцовай моладзі, якая шчыра гарнулася да асветы. Цягам мінулых стагоддзяў Барунская школа стала месцам спасціжэння навукі для тысяч маладых людзей. Выпускнікамі школы былі грамадскія дзеячы і літаратары Антоні Эдвард Адынец, Ігнат Ходзька, Леанард Ходзька, Юліян Корсак ды іншыя. У Барунах выкладаў між іншым сын класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча — Тамаш Багушэвіч.

IMG_4859

Алею асветніцтва заклалі каля будынка базыльянскага кляштара, дзе доўгі час размяшчалася школа. Было высаджана каля сотні дрэваў, пераважна ялін і бяроз, якія сімвалізуюць жыццё і неўміручасць ведаў. Саджанцы для алеі прадставіў мясцовы лясгас. Барунскі сельскі Савет дапамог у арганізацыі працы.

IMG_4922

Моладзь, якая ўдзельнічала ў закладцы алеі, выказала спадзяванне, што пасаджаныя дрэвы стануць помнікам імкнення да ведаў многіх пакаленняў барунцаў.

Алена БРАЖЫЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *