У Барунах прайшоў «Бульбяны кірмаш» (дададзена відэа)

Культура

Цёплы «баб’ялетні» восеньскі дзень сабраў жыхароў аграгарадка Баруны і яго гасцей на традыцыйны «Бульбяны кірмаш». Шмат гадоў вяскоўцы адзначаюць свята «другога хлеба», бо мясцовая гаспадарка КСУП «Эксперыментальная база «Баруны» спецыялізуецца на вырошчванні бульбы.

IMG_8478

IMG_8481

Зараз тут культывіруюць такія гатункі, як «Скарб», «Уладар» і «Янка». Удзельнікі свята змаглі не толькі ацаніць іх знешнія характарыстыкі — усе гатункі былі прадстаўлены на выставе, але і паспытаць страў, прыгатаваных з гэтай бульбы.

Свята, прысвечанае «другому хлебу» беларусаў, зладзілі супрацоўнікі мясцовага сельскага клуба і раённага цэнтра культуры. Менавіта яны прапанавалі ўдзельнікам насычаную культурную праграму. А пачалася яна з харэаграфічнай пастаноўкі «Бульбяны карагод». Вялікую цікавасць выклікалі тэатралізаванае прадстаўленне «На кірмашы», гульнявыя пляцоўкі «Барунскі асілак», «Смачны дранік» і іншыя. Падчас святочных конкурсаў і эстафет прадэманстраваць свае фізічныя дадзеныя змаглі і дзеці, і дарослыя: адныя «садзілі бульбу», другія падымалі кашы з ёй. Словам, спаборніцтва атрымалася.

IMG_8470

Даспадобы прыйшлася ўсім прысутным дэгустацыя народных страў з бульбы. Яе арганізавала КСУП «Эксперыментальная база «Баруны». За апетытнымі дранікамі са смятанай, традыцыйнымі беларускімі клёцкамі выстраіліся сапраўдныя чэргі. Анастасія Якель са сваімі памочнікамі ледзь паспявала абслугоўваць аматараў бульбы. Такую цудоўную магчымасць падсілкавацца ўдзельнікі свята атрымалі таксама дзякуючы повару гаспадаркі Вользе Пабядзінскай.

IMG_8500

IMG_8509

IMG_8525

IMG_8574

А пакуль вяскоўцы частаваліся стравамі з бульбы, супрацоўнікі культуры працягвалі радаваць прысутных конкурсамі, жартамі і прыгожымі музычнымі кампазіцыямі. Сваім добрым настроем падзяліліся з барунцамі ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні «Жытніца», артысты народнага ансамбля цыганскай песні «Джана Рома» і лідар гурта беларускай сярэднявечнай музыкі PAWA Юрась Панкевіч. Музыкант, які жыве ў суседняй вёсцы Бянюны, з радасцю прыняў запрашэнне прыняць удзел у канцэрце і выканаў некалькі прыгожых і таямнічых мелодый на ўласнаручна змайстраванай дудзе.

IMG_8580

IMG_8583

IMG_8592

IMG_8622

Вучні мясцовай школы акурат да свята падрыхтавалі незвычайную выставу, на якой прадставілі вырабы з бульбы. Якіх толькі цацак і дзівосаў тут не было?! А побач размясцілася кніжная выстава, прысвечаная “другому хлебу”.

Падчас кірмаша працавалі таксама гандлёвыя рады, дзе можна было набыць папкорн, салодкую вату і нават мёд, а юных барунцаў чакаў надзіманы атракцыён.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Відэа Аляксандра НАУМЧЫКА.



1 комментарий по теме “У Барунах прайшоў «Бульбяны кірмаш» (дададзена відэа)

  1. Учора паелі драніка у Барунах, сёння — усе на капусту, у Кальчуны!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *