Прафесійныя здабыткі майстра вытворчага навучання аграрна-тэхнічнага каледжа

Тадэвуш Вікенцьевіч Місюкевіч шмат гадоў працуе майстрам вытворчага навучання ў аграрна-тэхнічным каледжы. Мабыць, нямногія ўстановы адукацыі могуць ганарыцца тым, што ў іх ёсць людзі, якія працавалі і працягваюць працаваць на адным рабочым месцы амаль сорак год і ні разу не пашкадавалі аб сваім выбары…

Мудры, сціплы чалавек, педагог і вадзіцель Тадэвуш Вікенцьевіч на працу прыйшоў пасля вучобы ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме. Першым аўтамабілем, з якога пачалася прафесійная дзейнасць, быў старэнькі ЗІЛ -130. У добрага і клапатлівага гаспадара ён яшчэ чатыры гады ад’ездзіў па дарогах раёна. Пасля мужчына  перасеў у кабіну новага КАМАЗа.

IMG_6787

Калі мы прыехалі на сустрэчу з майстрам вытворчага навучання, на аўтадроме аграрна-тэхнічнага каледжа Тадэвуш Вікенцьевіч займаўся з трэцякурснікам Паўлам. Як звычайна, роўным спакойным голасам выкладчык расказаў, чым яны будуць займацца наступныя дзве гадзіны, пасля яны ўспомнілі асноўныя правілы дарожнага руху і адправіліся на скарэнне шматлікіх «лабірынтаў» вучэбнай пляцоўкі. Праўда, гэта толькі пачатак — Паўлу хутка давядзецца адточваць сваё майстэрства на дарогах.

Велікагрузны МАЗ спрытна пераадольваў кожны паварот, эстакаду і шматлікія перашкоды. Нават і не скажаш, што гэтаму аўтамабілю дзесяць гадоў. Тадэвуш Вікенцьевіч пільна сочыць за яго станам, а калі МАЗ ламаецца, то і рамантуе сам, нікому не давярае свайго жалезнага таварыша. Не дзіўна, мужчына адзначае: «Калі сваімі рукамі перабярэш запчасткі, прыкруціш кожны болт, толькі тады будзеш упэўнены ў сваёй машыне».

На працягу многіх гадоў Тадэвуш Місюкевіч выкладае будучым вадзіцелям (катэгорыя «С») у некалькіх групах, а сёлета з’яўляецца яшчэ і куратарам 41-й групы «Тэхнічнае забеспячэнне».

Сваім вучням Тадэвуш Місюкевіч заўсёды расказвае, што вадзіцельская справа сур’ёзная і адказная.  Нягледзячы на тое, што юнакі вывучаюць правілы дарожнага руху і ўстройства аўтамабіля на тэарэтычных занятках з іншымі выкладчыкамі, падчас урокаў Тадэвуша Вікенцьевіча ім даводзіцца па некалькі разоў успамінаць і ўдакладняць свае веды.

Напрыклад, калі навучэнец каледжа пасля некалькі заняткаў усё роўна не запомніў дарожны знак, перад тым як растлумачыць, выкладчык можа адправіць «гультая» адкрыць даведнік і прачытаць. А калі праехаў знак і не заўважыў яго, то пакідай машыну і вяртайся (хоць за кіламетр назад!) — глядзі і запамінай! Тадэвуш Вікенцьевіч вельмі адказна адносіцца да гэтага, таму што на тым ці іншым адрэзку шашы навучэнец можа не заўважыць, што забаронены рух, напрыклад, і здарыцца аварыя.

Майстар вытворчага навучання і сам дакладна ведае, што цяжка справіцца з кіраваннем такой вялікай машыны, таму не абходзіцца без розных непрыемных сітуацый —   нехта не заўважыць перашкоду і разаб’е люстэрка, нехта бокам зачэпіць знак…

Аднойчы юнак не мог адолець кіраванне заднім ходам, ніяк не атрымоўвалася заехаць у імправізаваны гараж. Тадэвуш Вікенцьевіч урачыста ўручыў будучаму вадзіцелю велікагрузнай машыны… веласіпед. Юнак не разгубіўся, сеў на веласіпед, павярнуў руль і лёгка заехаў у гараж. З таго моманту да гэтага пытання не вярталіся, а манеўр у навучэнца стаў атрымлівацца лепш за астатнія. Патрэбна адзначыць, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, выхаванцы Тадэвуша Місюкевіча здаюць экзамен на кіраванне аўтамабілем з першага разу.

У арсенале чалавека з багатым жыццёвым і педагагічным вопытам дзясяткі і нават сотні цікавых гісторый, якія цяпер спецыяліст успамінае з усмешкай на твары. Часу для такіх гісторый дастаткова, таму што Тадэвуш Місюкевіч нават у суботу на рабочым месцы (у гэты дзень ідзе перападрыхтоўка навучэнцаў з катэгорыі «В» на «С»).

Кожны год адні навучэнцы змяняюць другіх, на працу ва ўстанову адукацыі прыходзяць маладыя спецыялісты, якіх з вялікім задавальненнем вучыць Тадэвуш Вікенцьевіч, дае важныя парады, знаёміць са спецыфікай працы. Ён упэўнены, што змена расце годная.  Ды і ў маладых заўсёды ёсць чаму павучыцца!

Прысвяціўшы чатыры дзясяткі гадоў выкладанню, Тадэвуш Вікенцьевіч ужо не ўяўляе сваё жыццё без вучняў. Немагчыма палічыць, колькі вучэбных груп ён выпусціў, колькі выдатных спецыялістаў, якія вучыліся ў яго, працуюць у гаспадарках, на прадпрыемствах і ў арганізацыях вобласці і рэспублікі. Вось, напрыклад, нядаўна свайго выпускніка Дзмітрыя Адашкевіча майстар убачыў на  Дошцы гонару аўтабазы.

Кажуць, што моладзь цяпер пайшла не такая, як раней —  паміж пакаленнямі няма паразумення. І хоць гэта сцвярджэнне з большага праўдзівае, усё ж у майстра Тадэвуша Місюкевіча такіх праблем няма. З навучэнцамі ў яго сяброўскія адносіны,  іх умацаванню спрыяе і тое, што, акрамя куратарства і выкладання, ён можа проста пагутарыць з юнакамі, падзяліцца жыццёвым вопытам…

IMG_6801

Надзейная апора — жонка Таццяна Сцяпанаўна — таксама працуе майстрам у аграрна-тэхнічным каледжы. Маладая дзяўчына прыехала ў Ашмяны па размеркаванні пасля вучобы ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме ў 1981 годзе. Тадэвуш Вікенцьевіч з асобай цеплынёй успамінае, якая бойкая дзяўчына прыехала на Ашмяншчыну — сама ездзіла на трактары, выкладала вадзіцельскую справу і ні хвіліны не сядзела на месцы. Дарэчы, цяпер Таццяна Сцяпанаўна займаецца выхаваўчай працай. Тадэвуш і Таццяна пазнаёміліся на рабоце, мужчына прызнаецца, што гэта было каханне з першага погляду. У 1984 годзе калегі ажаніліся, і да гэтага часу жывуць дружна і падтрымліваюць адзін аднаго. Яны жывуць поўным жыццём, займаюцца хатнімі клопатамі, таксама любяць працаваць на ўчастку — на прысядзібнай тэрыторыі заўсёды ўтульна, чысціня і парадак, шмат кветак.

Тадэвуш Вікенцьевіч расказвае, што яму падабаецца пасядзець на беразе возера ці рэчкі, падыхаць свежым паветрам і парыбачыць. Нягледзячы на тое, што большасць часу яны з жонкай на рабоце, усё роўна стараюцца выбрацца ў лес па грыбы ці на рыбалку. На жаль, цяпер Таццяна Сцяпанаўна хварэе, але ведае, што мае надзейную падтрымку і апору — чалавека, які дапаможа перажыць усе цяжкасці, нягледзячы на розныя акалічнасці.

Жыццё не стаіць на месцы, пішацца гісторыя аграрна-тэхнічнага каледжа. Вялікі раздзел яе будзе прысвечаны Тадэвушу Місюкевічу, яго чалавечым якасцям і прафесійным здабыткам. Ён заўсёды смела і з поўнай аддачай бярэцца за любую справу, і за гэта яго шануюць як калегі, так і кіраўніцтва. Цёпла адгукаецца аб Тадэвушу Вікенцьевічу старэйшы майстар Віктар Станіслававіч Кульніс, з якім яны шмат гадоў працуюць разам. Аб плённай працы спецыяліста сведчаць шматлікія ўзнагароды раённага і абласнога маштабу, а таксама занясенне на раённую Дошку гонару. Спецыяліст не лічыцца з асабістым часам, да яго прыходзяць за парадай і навучэнцы, і калегі, таму што ведаюць, што ён ніколі не адмовіць і заўсёды дапаможа.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.

Опубликовать в Одноклассники
Стоит почитать:

Комментарии:

2 комментариев для “Прафесійныя здабыткі майстра вытворчага навучання аграрна-тэхнічнага каледжа

  • 18.09.2017 в 10:13
    Permalink

    Мастер отличный! Учился у него

  • 18.09.2017 в 15:13
    Permalink

    Які цікавы матэрыял! Кацярына — Вы малайчына! Больш бы такіх артыкулаў!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>