Дзевяноста гадоў адзначыў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Уладзіміравіч Лашкевіч

Общество

Ранішнюю цішыню цёплага жнівеньскага дня ў Жупранах парушылі мілагучныя гукі скрыпкі і баяна. Звонкія галасы музыкантаў народнага ансамбля «Жытніца» разліваліся па ўсёй вуліцы Міра. Пачуўшы шчырыя песні і шум на двары, з дому выйшаў сустракаць гасцей  Уладзімір Уладзіміравіч разам са сваёй жонкай Вандай Міхайлаўнай.

IMG_4991

У гэты жнівеньскі дзень мужчына пачуў шмат цёплых слоў і пажаданняў і ад сваіх самых родных і блізкіх, ад жонкі, якая большую частку жыцця побач. Не абышлі дом руплівых гаспадароў і аднавяскоўцы, якія любяць і паважаюць сваіх суседзяў.

IMG_5003

— Вы пражылі доўгае цяжкое жыццё, дзяцінства, якое апаліла вайна, і юнацтва, якое закранула пасляваенная разруха, — звярнуўся да ветэрана старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч. — Але дзе б вы не жылі, дзе б не працавалі, вы заўсёды ставіліся да справы сумленна і адказна, карысталіся аўтарытэтам у кіраўніцтва, калег і падначаленых. Мы вельмі рады, што слаўная сям’я Лашкевічаў ужо дваццаць пяць год жыве на ашмянскай зямлі.

Пасля цёплых слоў віншавання Мікалай Уладзіміравіч уручыў юбіляру  грамату раённага Савета дэпутатаў за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і выхаванні падрастаючага пакалення.

IMG_5036

З цудоўнай падзеяй юбіляра павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Наталля Станкевіч і дырэктар аграрна-эканамічнага каледжа Наталля Ліпавая. Не засталіся ў баку і ваенны камісар ваеннага камісарыята Аляксандр Ляўкоўскі, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, старшыня арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Людміла Каханоўская, старшыня  Ашмянскага ДТСААФ Віталій Віткоўскі, старшыня Жупранскага сельвыканкама Андрэй Клышэўскі, старшыня райсавета ветэранаў Уладзімір Бельчанка. На свята завіталі і прадстаўнікі Жупранскай СШ, якія часта наведваюць мужчыну не толькі ў святочныя, але і звычайныя працоўныя дні. Яны павіншавалі Уладзіміра Лашкевіча, уручылі падарункі і кветкі. Ад маладога пакалення ашмянцаў ветэрана павіншавала першы сакратар раённага камітэта БРСМ Вольга Шыдлоўская.

IMG_5054

Падчас юбілейнай урачыстасці то светлая шчырая ўсмешка асвятляла лагодны твар Уладзіміра Уладзіміравіча, то па шчаках каціліся буйныя кроплі слёзаў. Пражыўшы такое доўгае і сумленнае жыццё, абараняючыся ад цяжкіх успамінах пра вайну і пасляваенную разруху, дорачы любоў сваім дзецям, унукам і праўнукам, Уладзімір Уладзіміравіч з упэўненасцю можа сказаць, што гэтыя слёзы толькі ад шчасця, ад ўпэўненасці ў тым, што яго памятаюць і паважаюць.  Няхай мы не засталі Уладзіміра Лашкевіча ў самым росквіце гадоў, але мы можам ганарыцца яго подзвігам. Подзвігам героя, работніка, чалавека, які захаваў цэнны дар — жыццё, годнае для пераймання.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *