У Ашмянскі раён прыйшло працаваць 55 маладых настаўнікаў

Общество

Хутка верасень. Водар восені, здаецца, разліты ў паветры: у прахалодных раніцах, у першых нітачках-павуцінках, што сарамліва трымцяць ад самага лёгка дотыку вятрыскі, у хрусткім белым наліве, празрыстасць якога вось-вось выдасць карычневыя зярняты, у шыкоўных кустах вяргінь, што буяюць у кветніках…

Хутка ў школу. Цяжка сказаць, хто больш хвалюецца ў гэтыя апошнія жнівеньскія дні. Будучыя першакласнікі? Але ж яны яшчэ не разумеюць, што іх чакае наперадзе. Бацькі? Бо для іх гэта чарговы, несумненна, важны этап у жыцці сына або дачкі. Настаўнікі? Ім зноў акунацца ў паўсядзённыя школьныя клопаты: рабочыя планы, сшыткі, журналы, наведванне вучняў, пазакласная работа, бацькоўскія сходы, падрыхтоўка справаздач і конкурсы, конкурсы, конкурсы… Бадай, наўрад ці дагадваюцца пра ўсё гэта маладыя спецыялісты.

Хутка свой першы сапраўдны экзамен на званне педагога — сустрэчу з дзецьмі — будуць трымаць 55 маладых спецыялістаў. Менавіта столькі выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў уладкавалася сёлета на работу ва ўстановы адукацыі раёна. Двое маладых спецыялістаў атрымалі ступень магістра: Дзмітрый Чыстабаеў будзе выкладаць матэматыку ў сярэдняй школе №2, Ілона Вашкінэль падзеліцца сваімі ведамі гісторыі з вучнямі Кальчунскай сярэдняй школы. Прыемна, што амаль семдзесят працэнтаў з маладых настаўнікаў — мясцовыя. А гэта значыць — ёсць надзея, што большасць замацуецца ў раёне. Кіраўніцтва школ і садкоў заўсёды зацікаўлена ў добрых спецыялістах: будзь то настаўнік замежнай мовы, фізікі, матэматыкі або педагог дашкольнай адукацыі ці дэфектолаг.

IMG_5095

Зусім хутка ім самім даваць урокі і парады, падбіраць словы-ключыкі, якія дапамогуць адкрыць дзіцячыя сэрцы насустрач настаўніку і новым ведам. А пакуль маладыя спецыялісты прымаюць віншаванні. На мінулым тыдні ва ўрачыстай абстаноўцы яны атрымалі працоўныя кніжкі і шчыры наказ — быць годнымі педагогамі. На сустрэчу з маладымі калегамі, якая адбылася ў сярэдняй школе №3, прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Баркоўская, галоўны спецыяліст аддзела Тамара Сахарчук, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Кунцэвіч, дырэктар СШ №3 Уладзімір Войнюш.

IMG_5152

Маладыя спецыялісты пачулі не толькі шмат цёплых слоў і віншаванняў, але і вельмі карысную для сябе інфармацыю. Цікавыя звесткі пра сістэму адукацыі раёна, пра метадычную работу і работу з маладымі спецылістамі, пра прафсаюзныя спаборніцтвы і конкурсы паведамілі Наталля Станкевіч, Святлана Баркоўская і Мікалай Кунцэвіч. Падрабязна аб «пад’ёмных», заработнай плаце і розных надбаўках расказала начальнік планава-эканамічнага аддзела цэнтралізаванай бухгалтэрыі Яніна Баляславаўна Чумачэнка.

IMG_5172

Хутка ім прыйдзецца задаваць вучням складаныя пытанні і разам знаходзіць адказ. А падчас уручэння працоўных кніжак бліц-інтэрв’ю з маладымі калегамі правяла Тамара Сахарчук — іх першы дарадца на педагагічным шляху. Настаўнікі ахвотна дзяліліся  поглядамі на прафесію, сваімі ідэаламі, расказвалі, чаму спынілі свой выбар на педагогіцы. Настаўніцы замежнай мовы адрасавалі прысутным віншаванне на іспанскай мове, а педагог-псіхолаг Цудзенішскага вучэбна-педагагічнага комплексу Дзіяна Кеўра падзялілася парадамі, як адаптавацца ў новым калектыве.

Музыкальныя віншаванні даслалі прысутным вучні сярэдняй школы №3, а таксама маладая спецыялістка, былая выпускніца сярэдняй школы №1, а зараз настаўнік-дэфектолаг Жупранскай сярэдняй школы Ангеліна Цюлькевіч. Завяршылі сустрэчу гімн настаўніцтва Ашмяншчыны і першае ў прафесійнай біяграфіі фота.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *