Ветэрану з Ашмянскага раёна — 90 год

Общество

Юбілей — гэта не проста дзень нараджэння, а, напэўна, своеасаблівая  мяжа паміж пражытымі раздзеламі жыцця. Вялікую павагу ў нас выклікаюць людзі, якія дажылі да 90-гадовага юбілею, бо пераадолець такі жыццёвы рубеж даводзіцца далёка не ўсім…

IMG_4367

Напярэдадні дзевяностага дня нараджэння разам з ветэранам вайны Уладзімірам Уладзіміравічам Лашкевічам і яго жонкай Вандай Міхайлаўнай мы перагортваем старонкі жыццёвага летапісу. Разглядаючы старыя фотаздымкі, здавалася, Уладзімір Уладзіміравіч ізноў прагартаў кнігу свайго жыцця. Вось на старой, патрапанай ад часу картцы, ён у ваеннай форме, на адваротным боку шматлікіх фотаздымкаў стаяць подпісы і цёплыя пажаданні ад баявых таварышаў. Яшчэ з адной карткі на нас глядзела прыгожая пара з агеньчыкамі ў вачах — Уладзімір і Ванда ў маладосці, на астатніх — іх дзеці, унукі і праўнукі, якія прыехалі на чарговае майскае свята. Кожны фотаздымак, кожная рэч дарагія мужчыне, бо менавіта яны адлюстроўваюць важныя і добрыя моманты жыцця, якія больш ніколі яму перажыць не давядзецца.

IMG_4365

Жыццё Лашкевічаў складалася са шматлікіх падзей і клопатаў, кахання, мараў і расчараванняў, дома і сям’і, паўсядзённай працы… Праўду кажуць, толькі праз дзесяцігоддзі чалавек можа ацаніць і падсумаваць свае жыццёвыя здабыткі, зрабіць вывады аб тым, ці ўсё было добра на працягу пражытых гадоў. Нялёгка даводзілася часам Уладзіміру Лашкевічу і яго сям’і. Нават праз столькі гадоў перад вачыма паўстаюць цяжкія ўспаміны аб вайне, пасляваеннай разрусе, аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі…

14Уладзімір Лашкевіч нарадзіўся ў вёсачцы Востраў Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір закончыў сем класаў мясцовай школы. Тады хлопчыку было ўсяго чатырнаццаць год, але ён не змог сядзець на месцы, калі дакладна ведаў, што яго сям’і і яго вёсачцы пагражае смяротная небяспека.  З 1944 года ён прымае ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб’ектаў.

Прайшло некалькі дзясяткаў год, а Уладзімір Уладзіміравіч добра памятае кожны дзень, пражыты на вайне. У памяці захаваліся твары таварышаў і звілістыя баявыя дарогі. Хоць ветэран не любіць гаварыць пра ваеннае ліхалецце, у яго словах, дрыжачым голасе ажывае мінулае. Так стройна ўплёўся лёс аднаго мужнага чалавека ў гісторыю нашай краіны, а вайна стала асноўнай главой, якую ён зноў і зноў перапісвае, нягледзячы на хваляванне і слёзы. Аб мужнасці і стойкасці ветэрана вайны кажуць і яго баявыя ўзнагароды — медаль «За перамогу над Германіяй» і шматлікія юбілейныя ўзнагароды.

11Жыццёвы шлях Уладзіміра Лашкевіча прайшоў у сумленнай працы. Працоўная дзейнасць гэтага чалавека пачалася пасля службы ў Савецкай Арміі ў 1951 годзе. Мужчына  сорак год добрасумленна і адказна працаваў на розных пасадах у будаўнічай і дарожнай галінах. На заслужаны адпачынак пайшоў пазней патрэбнага ўзросту, бо яго вопыт быў вельмі запатрабаваны.

Там, у вёсцы Востраў, пачаў віць сваё сямейнае гняздо з каханай дзяўчынай Вандай, з якой яны раслі разам і хадзілі ў адну школу. Уладзіміра часта адпускалі з арміі на невялікі адпачынак дамоў. Ён так спяшаўся да сваёй сям’і і да каханай, што не звяртаў увагі на цяжкасці, з якімі сутыкаўся па дарозе дамоў. Шчуплы юнак ішоў тры дні з Гомеля ў Карму (а гэта сто кіламетраў!) з вялікім «чамаданам» і «заплечнікам».

Ванда Міхайлаўна з усмешкай на твары ўспамінае, як дваццаць восьмага сакавіка 1951 года Уладзімір Уладзіміравіч вярнуўся з арміі, а вяселле яны справілі дваццаць чацвёртага красавіка. Вяселле атрымалася сціплым — без гасцей, без пышнай белай сукенкі. Пасля рэгістрацыі шлюбу маладыя пайшлі ў кіно, а пасля… разышліся па дамах.

З таго часу яны жылі душа ў душу амаль семдзесят гадоў, перажываючы ўсе нязгоды і праблемы, якія сталі агульнымі. Зусім не верыцца, што столькі гадоў прайшло з той шчаслівай пары, калі яны звязалі свае жыцці. Гэта можна заўважыць хіба па невялікай колькасці маршчынак на твары ды па шчырых і лагодных усмешках і звонкіх галасах дзяцей, унукаў і праўнукаў, якія запаўняюць пакоі. А яшчэ па бязмежнаму шчасцю, якое свеціцца ў вачах двух гэтых людзей. Тут нарадзіліся і выраслі іх дзеці — Тамара, Таццяна, Святлана і Ірына.

У 1992 годзе пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС сям’я Лашкевічаў была вымушана пераехаць з Гомельскай вобласці. Лёсам ім было наканавана жыць на Ашмяншчыне — у Жупранах. Тут Уладзімір Уладзіміравіч уладкаваўся на працу ў гаспадарку. Мужчына з усмешкай успамінае, як старшыня калгасу Вацлаў Ждановіч гаварыў: «Мне б такіх дваццаць работнікаў, як Лашкевіч, вось зажылі бы!».

IMG_4382

Шчырыя гаспадары Уладзімір Уладзіміравіч і Ванда Міхайлаўна доўгія гады з любоўю завіхаліся тут, рупіліся над добраўпарадкаваннем свайго жытла, — тут ўсё было зроблена іх працавітымі рукамі. Нават сёння, не зважаючы на стомленасць і хваробы, яны стараюцца кожны куточак вакол сябе зрабіць прыгожым і ўтульным.

Жыццё — дзіўны дар. Пражыўшы на свеце дзевяць дзясяткаў год, Уладзімір Лашкевіч дакладна ведае яго сапраўдную каштоўнасць, і, як бы цяжка не даводзілася, ён прымае жыццё такім, якое яно ёсць. Сёння гэтаму састарэламу мужчыне не адмовіш у цвярозасці розуму і добрай памяці. Трохі блытаючыся ў падзеях, ён на здзіўленне добра памятае далёкія мінулыя гады і дзеліцца ўспамінамі, якія назаўжды запалі ў душу. Падчас гутаркі то светлая ўсмешка асвятляла яго лагодны твар, то з вачэй каціліся  буйныя слёзы.

Уладзімір Уладзіміравіч і Ванда Міхайлаўна ганарацца сваімі дачкамі, дзевяццю ўнучкамі, а таксама пятнаццаццю праўнукамі. Нягледзячы на тое, што, нібы птушак, лёс раскідаў па ўсёй Беларусі, яны часта прыязджаюць да сваіх родных людзей, і хочацца верыць, што нашчадкі не дадуць прыйсці ў запусценне маленькай кропачцы на карце нашай краіны, бо ім яшчэ працягваць справу дзеда і прадзеда, ствараць мір і дабрабыт для сваіх родных.

…Якім бы не было жыццё — доўгім ці кароткім, яно не заўсёды бывае лёгкім. Кожны чалавек піша ў свой жыццёвы летапіс хвіліны ўзлётаў і падзенняў. Вось і на шляху Уладзіміра Лашкевіча было шмат выпрабаванняў, але нягледзячы на хваробы, крутыя павароты і звілістыя сцежкі лёсу, ён як і раней, застаецца добрым, вясёлым і жыццярадасным. І з нецярпеннем чакае, калі ў госці завітаюць дзеці, унукі і праўнукі, каб адзначыць чарговы юбілей.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *