Школьныя базары ў Ашмянах (фота, відэа)

Общество

На календары лета, але трэба памятаць, што наперадзе восень, якая традыцыйна пачынаецца новым навучальным годам.

IMG_2340

У школьнікаў яшчэ амаль месяц будуць працягвацца бесклапотныя канікулы, а вось бацькі ўжо ва ўсю турбуюцца, дзе, як і па якім кошце сабраць сваё дзіця ў школу. Дзённік, ручкі, каляровая папера, пластылін, а яшчэ ранец, спартыўны абутак і касцюм — і гэта далёка не ўвесь спіс, які прыйдзецца здужаць бацькам школьніка да пачатку навучальнага года. Аб падрыхтоўцы да гэтай важнай падзеі мамы і таты пачынаюць думаць загадзя, каб сэканоміць і час, і грошы.

У дапамогу ім — школьныя кірмашы, якія ўжо пачалі працаваць ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. Ва ўпраўленні IMG_2318гандлю і паслуг Гродзенскага аблвыканкама адзначылі, што перад пачаткам навучальнага года ў вобласці будуць працаваць больш за 60 школьных кірмашоў, 22 з іх — пастаянна, а яшчэ 39 — па выхадных днях. Першыя кірмашы адкрыліся яшчэ ў сярэдзіне ліпеня.

На вуліцах Ашмян напярэдадні навучальнага года шмат дзе можна сустрэць аб’явы аб школьных выставах і кірмашах. Пакупнікоў запрашаюць раённы філіял Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства і індывідуальныя прадпрымальнікі. Асобныя гандлёвыя аб’екты арганізавалі гандаль на вуліцах, дзе таксама прадстаўлены амаль што ўвесь асартымент школьных тавараў. У крамах адведзены спецыяльныя секцыі, каб бацькам было зручней арыентавацца сярод разнастайнасці рэчаў.

Тавар — на любы густ і кашалёк. Летам, традыцыйна, асартымент пашыраецца. Прадукцыі дастаткова, ёсць магчымасць выбару вытворцы ў залежнасці ад асабістых пераваг.

Некалькі гандлёвых аб’ектаў нам давялося наведаць. Вось, напрыклад, крама «Смайлик», дзе некалькі мам разам з дзеткамі актыўна прыглядаюцца да паліц і прымяраюць адзенне.

«Лічу, што ў краме прадстаўлена ўсё неабходнае для школьніка з адзення і абутку. Ажыятажу пакуль што няма, але і бязлюдна ў нас не бывае,» — расказвае нам уладальніца крамы.

IMG_2307

А вось у гандлёвай палатцы, што размясцілася ля ўваходу ва ўнівермаг, не так шматлюдна: «Гэта ўсё таму, што яшчэ рана. Людзі ходзяць, прыглядаюцца, цікавяцца коштам. Большасць купляе ўсё напрыканцы жніўня. Зараз карыстаюцца большым попытам дзённікі, сшыткі ідуць добра», — сцвярджае прадавец-кансультант.

«Детский мир» і крама «Микс», што насупраць яго, таксама гатовы да прыёму пакупнікоў. Сцелажы запоўнены рознымі мадэлямі заплечнікаў, абутку, адзення. Кідаюцца ў вочы яскравыя паліцы з каляровай канцылярыяй.

Калі верыць спецыялістам упраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага аблвыканкама, то поўны камплект, які ўключае канцылярскія тавары, адзенне і абутак для школы і спартыўных заняткаў, для дзяўчынкі малодшага школьнага ўзросту абыйдзецца ад Br 245 да Br447, для хлопчыка — ад Br 221 да Br 403. Старшакласнікам прыйдзецца заплаціць больш — для дзяўчынкі ад Br 276 да Br 403 і ад Br 240 да Br 564 — для хлопчыка.

Інга ГІЗ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *