Як «Родны кут» у Заходнім мікрараёне супернічае з буйнымі «сецевікамі»

Общество

Брэнд «Родны кут» аб’ядноўвае больш за дзве тысячы магазінаў, размешчаных на ўсёй тэрыторыі Беларусі: у невялікіх вёсках, аграгарадках, раённых і абласных цэнтрах. Ён належыць Беларускаму рэспубліканскаму саюзу спажывецкіх таварыстваў — аднаму з буйнейшых шматпрофільных аб’яднанняў нашай краіны. Дарэчы, трэба адзначыць, што гэтымі днямі спажывецкая кааперацыя адзначае свой 100-гадовы юбілей.

IMG_6105

Юбілейную дату святкуюць і на Ашмяншчыне, дзе налічваецца 58 крамаў спажывецкай кааперацыі: 33 — у сельскай мясцовасці, 19 — у горадзе, 6 — аўтамагазінаў, якія па адпаведным маршруце, у любое надвор’е, часам — сабе ў страту, накіроўваюцца да сваіх пакупнікоў у аддаленыя куточкі раёна.

Адзін з самых маладых магазінаў пад брэндам «Родны кут» адчыніўся ў Ашмянах напрыканцы 2014 года. З’явіўся ён у густанаселеным новым мікрараёне Заходнім і адразу ж прыйшоўся даспадобы гараджанам. Сучасны гандлёвы аб’ект агульнай плошчай больш за 700 квадратных метраў (плошча гандлёвай залы на першым паверсе складае 370 квадратных метраў) прывабіў пакупнікоў не толькі шырокім выбарам прадуктаў харчавання Белкааапсаюза, але і іншых айчынных вытворцаў, а таксама лінейкай тавараў гаспадарча-бытавога прызначэння. Кажучы папросту, тут ёсць усё, што гараджанін прывык купляць у адным магазіне.

IMG_6131

І хаця за два з паловай гады ў «Роднага кута» ў Заходнім з’явіўся сур’ёзны канкурэнт, па-ранейшаму «аранжавы магазін» карыстаецца ў пакупнікоў папулярнасцю. Асабліва шматлюдна тут у канцы рабочага дня, калі гараджане вяртаюцца дамоў з працы і па дарозе заходзяць у краму за прадуктамі для вячэры. Выручка гандлёвага аб’екта ў месяц складае звыш 87 тысяч рублёў, у дзень выходзіць каля 3 тысяч.

З першага дня работы магазіна пакупнікам прапанаваны зніжкі на шэраг тавараў першай неабходнасці. Змяншэнне гандлёвай надбаўкі можна заўважыць па жоўтых цэнніках на паліцах і па палетнай выкладцы ў цэнтры гандлёвай залы. Па словах загадчыцы ўніверсальнага магазіна Ганны Раманаўны Топаль, акцыі Белкаапсаюза праводзяцца ў магазіне пастаянна. Руплівыя гаспадыні ніколі не праходзяць міма абвестак са словамі «Цана дня», а таксама «Цана тыдня». «Свежыя айчынныя прадукты па даступных цэнах» — менавіта гэты выраз, на думку Ганны Раманаўны, павінен стаць галоўным дэвізам у рабоце сістэмы спажывецкай кааперацыі, што дазволіць не толькі павялічыць таваразварот, але і падніме прэстыж кааператыўнага гандлю.

Прадукцыя ўласнай вытворчасці шырока прадстаўлена ў магазіне ў кулінарным аддзеле: запечаная рыба, куры-грыль, галубцы, хатняя каўбаса, салаты, мясныя рулеты. Іх вытворчасцю займаецца кафэ «Лаванда» і рэстаран «Імперыя». Вырабы кандытарскага цэха, а таксама ўласная хлебабулачная прадукцыя таксама знаходзяць свайго пакупніка. І хаця прыярытэт аддадзены прадуктам Белкааапсаюза, прадаюцца ў «Родным куце» і тавары папулярных вытворцаў краіны. Гэта ж датычыцца лінейкі каўбасных вырабаў і мясных паўфабрыкатаў, прадукцыі бакалейнага аддзела. Лашчыць вока выкладка фруктаў і агародніны. Большасць садавіны і агародніны нарыхтавана работнікамі філіяла з дапамогай мясцовых фермераў і вяскоўцаў, якія лішкі вырашчанага на сваіх участках ураджаю здаюць спажывецкаму таварыству. Амаль заўсёды танней, чым у іншых гандлёвых кропках, тут агуркі і памідоры, буракі і морква, яблыкі, у летню пару — ягады. На гэту прадукцыю ў магазіне гандлёвыя надбаўкі мінімальныя.

IMG_6126

Універсальны магазін у мікрараёне Заходнім заўсёды ўражвае сучаснай і акуратнай выкладкай тавараў, які б гэта не быў аддзел: малочнай прадукцыі ці бакалеі, тавараў гаспадарчага прызначэння ці кандытарскі. Пра такое слова, як «мерчындайзінг» калектыў крамы ведае добра. Дарэчы, ён зусім яшчэ малады. Сярэдні ўзрост прадаўцоў і кантралёраў-касіраў не перакінуўся яшчэ за 30 год. Усяго толькі год загадчыцай працуе тут Ганна Топаль, хаця да гэтага на працягу чатырох год яна ўзначальвала калектыў магазіна «Юбілейны». З маладымі калегамі заўсёды гатова падзяліцца ведамі, набытымі на працягу 17 год працы ў гандлёвай галіне, прадавец Ганна Пяткевіч. З добрым настроем сустракаюць сваіх пакупнікоў кантралёр-касір Людміла Ждановіч і прадавец Аліна Юцко, а таксама іх напарніцы з другой змены Анастасія Ягела, Вераніка Андрыловіч, Анжэла Гецэвіч. Калі мы наведаліся ў магазін, азы будучай прафесіі спасцігалі тут практыканткі з аграрна-тэхнічнага каледжа Анжаліка Буйніцкая і Вераніка Швабовіч, а таксама вучаніца прадаўца Вольга Бас. Зусім хутка яны ўвальюцца ў дружныя калектывы спажывецкай кааперацыі.

— Дзесяць год назад прыйшла ў гэту структуру і я, — адзначыла Ганна Топаль. — Памяняць спажывецкую кааперацыю на прыватную жадання ў мяне няма, бо тут я адчуваю сябе абароненай. Белкаапсаюз — арганізацыя надзейная. Падабаецца мне і наш магазін. Універсам «Родны кут» адпавядае запытам самых патрабавальных пакупнікоў. Вялікая гандлёвая зала з шырокім асартыментам як харчовых, так і прамысловых тавараў. Прыемнае асвятленне, зручна размешчаныя халадзільныя вітрыны і стэлажы. Магчымасць самому выбраць любы тавар. Усё гэта, безумоўна, прыцягвае пакупнікоў і, нягледзячы на высокую канкурэнцыю з боку буйных «сецевікоў» і прыватнікаў, дазваляе спажывецкай кааперацыі трымацца на плаву і займаць дастойныя пазіцыі ў айчынным гандлі і перапрацоўцы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *