У аграрна-эканамічным каледжы прайшла вучэбна-даследчая канферэнцыя навучэнцаў

Общество

Традыцыйна ў красавіку ў аграрна-эканамічным каледжы прайшла VIII вучэбна-даследчая канферэнцыя навучэнцаў «Вучэбна-даследчая дзейнасць навучэнцаў як фактар развіцця даследчага тыпу мыслення».

IMG_6571

У гэтым годзе ў ёй прынялі ўдзел не толькі навучэнцы каледжа, але і вучні гарадскіх школ, а таксама госці  з Гудагайскай сярэдняй школы Астравецкага раёна.

У склад арганізацыйнага камітэта былі запрошаны ганаровы грамадзянін горада Тамара Філіповіч  і загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінету Вольга Барысенка. Тамара Уладзіміраўна прывітала ўдзельнікаў канферэнцыі, расказала аб сваім шматгадовым працоўным вопыце на пасадзе дырэктара ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», адзначыла важнасць удзелу маладога пакалення ў развіцці навукі.  Дарэчы, хутка музейны пакой каледжа папоўніць кніга Тамары Філіповіч «Час і людзі».

IMG_6564

— Заняткі навучэнцаў вучэбна-даследчай працай — неад’емная частка навучальнага працэсу ў аграрна-эканамічным каледжы і аснова якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аксана Суравец.- Сёння нам патрэбны спецыяліст, які можа жыць і працаваць у інфармацыйным свеце, прымаць нестандартныя рашэнні, а значыць пастаянна асвойваць і ўкараняць інавацыі.

У Год навукі школьнікі і навучэнцы ўразілі глыбокімі і цікавымі даследаваннямі, якія разам з навуковымі кіраўнікамі прадставілі ў розных галінах. Адметна, што сямікласнікі СШ №1 Кацярына Асмольская і Ян Віткоўскі разам з настаўнікам Алай Плявака падрыхтавалі даклад на беларускай мове. У працы «Ад захаплення — да творчасці» яны спынілі ўвагу на пейзажных работах мастака, дырэктара школы-інтэрната Уладзіміра Бізюка.

Не менш цікавае даследаванне «Погляд на этнасы Ашмянскага раёна праз прызму гісторыі і геаграфіі» прадставіла адзінацацікласніца гімназіі №1 Лізавета Юркантовіч (кіраўнік Святлана Ляпко). У працы Лізаветы перапляліся не толькі гісторыя і сучаснасць, але і людскія лёсы. Аб гэтым сведчаць інтэрв’ю з людзьмі розных нацыянальнасцей, якія жывуць на тэрыторыі Ашмяншчыны.

Вучань гімназіі №1 Алег Сліжоў (кіраўнік даследавання Ала Сліжова) на сваім прыкладзе прадэманстраваў, як важна ведаць свае карані. У працэсе стварэння даклада «Мой радавод» школьнік знайшоў інфармацыю аб сваіх продках, фотаздымкі, узнагароды і склаў генеалагічнае дрэва.

Дзевяцікласнік СШ №3 Дзмітрый Буйвід (кіраўнік Кацярына Талочка) спыніў увагу на праблемах экалогіі. Юнак стварыў web-праект, у якім дэтэктыў шукае адказы на пытанні, удзельнічае ў эка-раследаваннях і стараецца зрабіць свой горад чыстым. На пытаннях экалогіі засяродзілі ўвагу і навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа Андрэй Тарасевіч і Максім Ярынскі (кіраўнік даследавання Надзея Самайловіч). Яны шукалі шляхі рашэння экалагічнай праблемы нашага горада — забруджвання невялічкай ракі Лэйлубка. Юнакі правялі вялікую працу — размаўлялі са спецыялістамі, праводзілі вопыты і эксперыменты, а таксама рэалізавалі шматлікія мерапрыемствы па добраўпарадкаванні прыбярэжнай тэрыторыі.

Вялікую краязнаўчую працу правялі вучаніцы СШ №2 Маргарыта Галашэўская і Таццяна Вайгеніца (кіраўнік Любоў Пятрова). На сайце школы дзяўчынкі стварылі даведачна-інфармацыйны комплекс «Ашмяны: падзеі, людзі». Тут прадстаўлены розныя матэрыялы па гісторыі Ашмяншчыны — гісторыя ў асобах, праекты па розных тэмах, фатаграфіі, карты, гульні, відэаэкскурсіі.

Глыбока пагрузіцца ў праблематыку прафесійных пытанняў змаглі навучэнцы аграрна-эканамічнага каледжа: пераможца алімпіяды па бухгалтарскаму ўліку Наталля Машута (кіраўнік даследавання Вольга Рэзановіч) і Дзінара Біркас (кіраўнік даследавання Вольга Каханоўская).

Выпускнік аграрна-эканамічнага каледжа, будучы праграміст Дзмітрый Яроцкі ў гэтым годзе разам з кіраўніком Алегам Молчанам стварыў праграмны сродак «Суправаджэнне электроннай падпіскі на раённую газету». Дарэчы, распрацоўка праграмістаў дапаможа захаваць час пры працы з кліентамі.

Англійская мова — адна з самых распаўсюджаных у свеце. Цяжка ўявіць, што калісьці англійская мова была мовай бедных, нават у самой Велікабрытаніі. Экскурс у гісторыю развіцця і глабалізацыі замежнай мовы зрабіла Віялета Савіцкая (кіраўнік даследавання Наталля Лобан).

Юныя даследчыкі з Гудагайскай сярэдняй школы ў простай і даступнай форме расказалі аб складаных фізічных з’явах.

Па выніках канферэнцыі і даследчай дзейнасці, якую курыравала метадыст каледжа Таццяна Матвейка, усе ўдзельнікі і іх науковыя кіраўнікі атрымалі сертыфікаты і памятныя падарункі ад раённай арганізацыі «Белая Русь». Патрэбна адзначыць, што кожнае з прадстаўленых даследаванняў цікавае па-свойму: не толькі заснавана на практыцы, але і накіравана на павышэнне эфектыўнасці і развіццё розных сфераў жыцця.

Даклады навучэнцаў будуць уключаны ў зборнік матэрыялаў канферэнцыі, а таксама размешчаны ў архіве адкрытага доступу на сайце каледжа.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *