У Мураванай Ашмянцы рэалізуецца праект «Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў вёсак «КУТ»

Общество

Семінар «Формы ўдзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні» прайшоў у Мураванай Ашмянцы ў межах рэалізуемага на тэрыторыі мясцовага сельсавета праекта «Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў вёсак «КУТ».

Вышэйзгаданы праект стаў пераможцам у конкурсе міні-праектаў «ТАНДЭМ — II», фінансуемых на тэрыторыі Беларусі ў рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі, і быў адобраны Еўракамісіяй у намінацыі «Партнёрства паміж мясцовымі ініцыятывамі і ўладай». Ажыццяўляецца ён пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, работнікаў раённай бібліятэкі, Мураванаашмянкоўскага сельвыканкама, мясцовай бібліятэкі і клубнай установы.

IMG_2299

Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, кіраўнік праекта Людміла Каханоўская, работа, распачатая на тэрыторыі сельсавета, скіравана на павышэнне ўзроўню жыцця мясцовых жыхароў. Гэта справа ладзіцца праз клуб старастаў «КУТ». Важна, каб грамадзяне зразумелі, што палепшыць жыццё на вёсцы яны могуць і самі, а для гэтага трэба прымаць удзел у вырашэнні пытанняў мясцовага значэння.

Аб ролі раённага і сельскага Саветаў дэпутатаў у сістэме мясцовага самакіравання вёў гаворку на пасяджэнні старшыня Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч.

На жаль, з кожным годам колькасць жыхароў у сельскай мясцовасці зніжаецца. Па дадзеных за мінулы год, вяскоўцаў у раёне стала менш на 458 чалавек. На Ашмяншчыне налічваецца 353 населеныя пункты. З 7500 вясковых домаўладанняў 1278 не заселены. Гэта ў сваю чаргу стварае праблему для мясцовай улады — вёскі зарастаюць травой, у дварах няма каму наводзіць парадак. У сувязі з тым, што сельскае насельніцтва старэе, змяншаецца колькасць жывёлы ва ўласных гаспадарках. На пачатак года ў раёне налічваецца 1196 кароў, а каля дзесяці год назад іх было больш за 3000.

Усё гэта сведчыць аб тым, што людзям сталага ўзросту жыць на вёсцы няпроста, асабліва ў аддаленых населеных пунктах, дзе колькасць жыхароў складае часам два-тры чалавекі. У такіх вёсках-хутарах няма аніякай інфраструктуры.

— Сувязь з гэтымі людзьмі дапамагаюць нам трымаць старасты вёсак, сацыяльныя работнікі, — адзначыла ў сваім выступленні старшыня Мураванаашмянкоўскага сельвыканкама Галіна Каспяровіч. — Старастаў у нас 13. На абслугоўванні ў сацыяльных работнікаў знаходзяцца 20 людзей пажылога ўзросту.

Звыш 30 працэнтаў жыхароў сельсавета — пенсіянеры. Многім з іх патрэбна падтрымка, улічваючы тое, што дзеці некаторых жывуць за мяжой, у Літве, а хтосьці і, наогул, застаўся адзін. Таму рэалізацыя падобных праектаў хоць і нязначна, аднак можа змяніць жыццё вяскоўцаў.

Як пацвярджэнне таму, аналагічны праект, рэалізаваны на базе Кальчунскага сельсавета. Аб тым, як праходзіла работа і які плён атрымаўся з той справы, расказала Алена Шкелда, бібліятэкар сельскай бібліятэкі аграгарадка Кальчуны, кіраўнік праекта ў 2014 годзе.

— Любая ідэя альбо ініцыятыва патрабуе падтрымкі грамадскасці, актыўных і неабыякавых людзей. Таму праект мы ажыццяўлялі ў партнёрстве з сельвыканкамам, раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, — падзялілася Алена Адольфаўна. — У выніку працы над праектам быў пабудаваны мост праз р. Ашмянку на Будзёнаўку. У вёсцы Мардасы пасаджаны пладовы сад. У Кальчунах з’явілася дзіцячая пляцоўка. Праз праект мы змаглі ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу бібліятэкі. Створаны пры бібліятэцы сацыяльна-інфармацыйны цэнтр дазволіў набыць сучаснае абсталяванне, якое актыўна выкарыстоўваецца ў рабоце. Пры бібліятэцы працуе група валанцёраў, у склад якой уваходзяць вучні старэйшых класаў мясцовай школы. У іх распараджэнні тры веласіпеды. Акрамя таго, што валанцёры аператыўна могуць данесці інфармацыю да людзей у аддаленыя вёскі, жадаючым актывісты-падлеткі змераюць артэрыяльны ціск: на сродкі праекта набыты танометр. Дарэчы, пакарыстацца медыцынскім прыборам можна і ў бібліятэцы. Дзякуючы праекту ў холе ўстановы культуры размясціўся тэнісны стол. Тым, хто цікавіцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, мы можам прапанаваць асвоіць ткацкі станок, быў набыты за сродкі праекта.

Дырэктар Ашмянскай раённай бібліятэкі, член рабочай групы праекта Марына Белавус адказала на пытанне, якое часта задаюць людзі: «Якое дачыненне да ўсяго гэтага маюць бібліятэкі?» Як адзначыла Марына Раманаўна, бібліятэкі падтрымліваюць з насельніцтвам цесную сувязь, таму менавіта праз гэтыя ўстановы можна рэалізаваць не толькі праекты культурныя, краязнаўчыя, асветніцкія, але і вось такія, з акцэнтам на мясцовае самакіраванне.

Тэму дзейнасці сістэмы «Ініцыятыва — праект — развіццё» на рэгіянальным узроўні дапоўнілі загадчыца сельскай бібліятэкі аграгарадка Гальшаны Алёна Юневіч і намеснік дырэктара раённай бібліятэкі Вольга Тарашкевіч. Гальшанская бібліятэка некалькі год назад стала ініцыятарам праекта «Дуга, якая аб’ядноўвае народы і культуры». Асноўная яго задача — праз геадэзічны пункт Дугі Струвэ Тупішкі (Цюпішкі), размешчаны на тэрыторыі сельсавета, данесці да грамадзян інфармацыю пра мясцовасць. Дзякуючы праекту ў бібліятэцы створаны музей, дзейнічае сайт, набыта неабходнае абсталяванне, завязаліся сяброўскія сувязі з іншымі краінамі, праз якія праходзіць Дуга Струвэ. Турысты, якія наведваюцца ў Гальшаны, абавязкова заходзяць у музей пры бібліятэцы.

Аб тым, што бібліятэчная ўстанова можа многае, сведчыць і яшчэ адзін праект, скіраваны на папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны. Каардынатар праекта «Нявесцін камень» Вольга Тарашкевіч расказала аб выніках этнаграфічнай экспедыцыі і друкаванай прадукцыі, якая з’явілася ў бібліятэцы дзякуючы праекту. Ашмянскі раён набыў турыстычны аб’ект — Нявесцін камень. Месца гэта было абазначана і добраўпарадкавана.

— Хочацца спадзявацца, што і Мураваная Ашмянка стане такім жа аб’ектам для турызму, — падкрэсліла кіраўнік клуба старастаў вёсак «КУТ», стараста аграгарадка Мураваная Ашмянка, каардынатар праекта Аліна Лыскойць.

Справа ў тым, што мястэчка звязана з імем Крыштафа Монвіда Дарагастайскага — аўтара кнігі «Гіпіка». Пад Мураванай Ашмянкай знаходзіўся яго маёнтак і захаваліся рэшткі будынка друкарні. Лічыцца, што і пахаваны маршалак Вялікага Княства Літоўскага, паэт і пісьменнік, доктар медыцыны на ашмянскай зямлі. Частка выдаткаваных на рэалізацыю праекта сродкаў пойдзе на стварэнне музейнага пакоя нашага земляка. Гэта адзін з пунктаў конкурсу «Добрая справа». Для правядзення тэатралізаваных экскурсій будуць пашыты два касцюмы той эпохі. Работы ў гэтым накірунку ўжо вядуцца. Яшчэ дзве добрыя справы будуць ажыццёўлены мясцовымі жыхарамі: пры клубнай установе з’явіцца пакой для дзіцячай творчасці, а побач са школай абсталявана зона адпачынку. У хуткім часе пры бібліятэцы адчыніцца сацыяльна-інфармацыйны цэнтр, для дзейнасці якога закуплены тэлевізар, тры веласіпеды, танометр, стэнды. На чэрвень запланавана свята народнай культуры «Землякі», на якім будуць падведзены вынікі конкурсу «Лепшы гаспадар». У конкурсе прыдамавых тэрыторый могуць прыняць удзел жыхары аддаленых вёсак сельсавета. Абвестку аб гэтым месцічы ўжо атрымалі. Юныя вяскоўцы — вучні Мураванаашмянкоўскай школы праявяць здольнасці ў конкурсе дзіцячай творчасці «Замалёўкі з вандроўкі». Атрымаюць узнагароды і ўдзельнікі конкурсу «Добрая справа».

Аліна САНЮК.

Фота Вольгі ТАРАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *