У Ашмянах вандалы разламалі павільён

Происшествия

Калі мы працуем, спадзяёмся, што работа наша будзе карыснай і патрэбнай: сабе, родным, чужым людзям, якія «пладамі» нашай працы будуць карыстацца і іх спажываць. А іначай навошта прыкладваць намаганні!

У любой справе павінен быць стымул, бачанне канчатковага рэзультату, да якога мы імкнёмся. Калі яго няма, то і выніку станоўчага не атрымаецца. Тады і працаваць не хочацца, бо апускаюцца рукі.

Думаецца, што людзям, якія займаюцца добраўпарадкаваннем нашага горада, сельскіх населеных пунктаў, аўтамабільных дарог, месцаў масавага адпачынку, не раз хацелася завярнуцца і пайсці куды вочы глядзяць. Ім, як і кожнаму гаспадару, хочацца, каб тое, што яны зробяць, спажывалася з карысцю, каб радавала вока, каб людзі дзякавалі за клопат і ўвагу. Аднак так, на жаль, атрымліваецца не заўсёды. Не паспела пасаджанае дрэўца ўкараніцца, як яго ўжо зламалі. Толькі адрамантавалі дом, пафарбавалі, як адразу ж знайшліся жадаючыя пакінуць на сцяне аўтограф. Пастаянныя «напады» вандалаў перажываюць як у горадзе, так і на вёсцы бетонныя платы. Дастаецца па поўнай праграме і прыпыначным павільёнам, дарожным знакам, лаўкам і сметніцам у скверах і парках.

IMG_3413

Яшчэ зусім нядаўна мы радаваліся добраўпарадкаванню вуліцы Барунскай. Тут адрамантавалі дарогу, пусцілі гарадскі аўтобус, зрабілі месцы прыпынку з сучаснымі павільёнамі, каб пасажырам было зручна ў чаканні грамадскага транспарту. Аднак адзін з павільёнаў, што размяшчаецца паблізу паварота на бальніцу, быў разламаны. У чым ён правініўся, цяжка сказаць. Сцены з полікарбанату не вытрымалі націску раз’юшанага чалавека, якому ўсё роўна, што ў гэты павільён укладзены грошы, што работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі прыкладваюць намаганні, каб было прыгожа, чыста і па-людску. Яны перыядычна зафарбоўваюць красамоўныя выказванні, што пакідаюць падлеткі, латаюць сцены і месцы для сядзення.

IMG_3412

IMG_3415

IMG_3416

Неяк успомніўся зварот у рэдакцыю пенсіянераў-гараджан, якія жаліліся на тое, што ў Ашмянах лаўкі на прыпынках зроблены з металу. Зімой на іх холадна сядзець. А можа таму яны зроблены з такога матэрыялу, каб нашы «любімыя дзеткі» не змаглі з імі «справіцца». Можа, варта і работнікам ЖКГ задумацца: сцены і дах прыпыначных павільёнаў зрабіць таксама з жалеза — каб было дыхтоўна і на вякі. Непрыгожа, скажаце вы. А рабіць вось такія ўчынкі хіба прыгожа!?

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *