Жылінскія з Дакурнішак

У першыя дні новага года да мяне звярнуліся з пытаннем, якое дачыненне да маёнтка Дакурнішкі меў генерал-лейтэнант Іосіф Іпалітавіч Жылінскі. Імя ваеннага геадэзіста і інжынера, пачынальніка асушэння балот Палесся было добра вядома беларускім краязнаўцам, але сувязь гэтай постаці з нашым краем раней не вывучалася. Тым болей, што ў надрукаваных біяграфіях І.Жылінскага не сустракалася ніякіх зачэпак пра яго повязь з Дакурнішкамі. Таксама вядомым фактам з’яўляўся і той, што па інфармацыі І.Гашкевіча за 1905 год у Сольскай воласці маёнткі Дакурнішкі і Медрыкі належалі Жылінскім. Трэба было паспрабаваць удакладніць, паходзілі гэтыя асобы з аднаго роду ці былі з аднолькавым прозвішчам. Тэма зацікавіла, а пошук адказу на пытанне прывёў да ўзнаўлення забытых старонак гісторыі Ашмянскага краю.

Іосіф Жылінскі

Іосіф Жылінскі

Нагадаю вартыя ўвагі факты біяграфіі сусветна вядомага гідратэхніка, без удзелу якога не абыходзіліся значныя праекты па меліярацыі зямель на вялікіх абшарах Расійскай імперыі. Нарадзіўся Іосіф Жылінскі 8(20) красавіка 1834 года на віленскай зямлі, у Троках. Скончыў Пецярбургскі інстытут корпуса інжынераў і геадэзічны аддзел Акадэміі Генштаба, потым працягнуў навучанне на астрамічных курсах у Пулкаве, Боне і Грынвічы. Ад ваеннатапаграфічнага дэпо ў 1861 г. камандзіраваны на рэкагнасцыроўку мясцовасці па градусным вымярэнні дугі паралелі 52-га градуса паўночнай шыраты паміж Мінскай і Магілёўскай трыангуляцыямі.

З 1873 па 1898 гг. з’яўляўся кіраўніком Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот Палесся. За гэты час было выкапана 5 тысяч кіламетраў каналаў, створана сетка метэаралагічных станцый і вадамерных пастоў. Асушаныя плошчы адведзены пад сенажаці ці выкарыстаны пад ворыва і агарод. Вынікі працы генерала Жылінскага пераканаўча сведчаць аб вялікім подзвігу заснавальніка меліярацыі на нашых землях і гераічнай працы яго паплечнікаў, якія паспяхова завяршылі грандыёзныя па тым часе гідратэхнічныя пераўтварэнні.

Праект асушэння Палесся атрымаў у 1878 годзе ганаровы дыплом Міжнароднай выставы ў Парыжы. Кіраўніка работ І.Жылінскага ўзнагародзілі залатым медалём, неўзабаве ён стаў сябрам Акадэміі навук у Пецярбургу. У 1894 годзе ўзначаліў Дэпартамент сельскагаспадарчай меліярацыі, пад яго непасрэдным кіраўніцтвам праводзіліся работы ў Сібіры, Туркестане, Каўказе і Крыме. Звольнены са службы ў 1909 годзе з прысваеннем звання генерал ад інфантэрыі, ён асеў у Бабруйскім павеце. Пасля рэвалюцыі выехаў у Варшаву, дзе памёр 16 сакавіка 1921 года і быў пахаваны на варшаўскіх могілках Паважкі. За плённую шматгадовую працу ўзнагароджваўся шматлікімі ордэнамі Расійскай імперыі і іншых замежных дзяржаваў. Яго імя выгравіравана на юбілейным медалі “У памяць 50-годдзя Корпуса ваенных тапографаў 1872”.

Гіпаліт Жылінскі

Гіпаліт Жылінскі

Вывучэнне радаводу генерала дазволіла ўзнавіць той факт, што яго бацька Гіпаліт Жылінскі (1800-1882) ў 40-я гады ХIХ стагоддзя набыў ад Брыгіты Дмахоўскай з Сабаньскіх маёнтак Дакурнішкі. Стала зразумелай тая сувязь, якая лучыла І.Жылінскага з нашым краем. Нельга не заўважыць яшчэ адну акалічнасць. Яго маці Юстына паходзіла з вядомага роду Адынцоў, прадстаўнікі якога былі добра вядомымі ў той час на Ашмяншчыне і, магчыма, тут крыецца яшчэ адна прычына, чаму Жылінскія набываюць менавіта маёнтак Дакурнішкі.

Пра новага ўладальніка паселішча захавалася няшмат звестак. Вядома, што нарадзіўся Г.Жылінскі ў Троцкім павеце, вучыўся ў Віленскай гімназіі. Будучы студэнтам Віленскага ўніверсітэта, уваходзіў у тайнае згуртаванне студэнтаў “Таварыства філарэтаў”. Перабраўшыся на новае месца жыхарства, у 1849 годзе Гіпаліт Жылінскі ўваходзіць у састаў будаўнічага камітэта па ўзвядзенні новага драўлянага касцёла ў Солах. У 1853 годзе сольскі касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай быў асвечаны віленскім біскупам Вацлавам Жылінскім. Дарэчы, гэты вядомы святар быў родным братам Гіпаліта. Маюцца звесткі, што ў Дакурнішкі біскуп В.Жылінскі заязджаў у 1856 годзе, калі накіроўваўся на кансекрацыю касцёла Св.Іосіфа ў Валожыне. Пасля смерці Гіпаліта Жылінскага развівае гаспадарку ў Дакурнішскім маёнтку яго малодшы сын Станіслаў.

Усё жыццё новага гаспадара Дакурнішак было звязана з гэтай мясцінай: тут ён нарадзіўся ў 1842 годзе, тут і памёр ў 1915 годзе. Пры ім уводзяцца новыя сучасныя падыходы вядзення сельскай гаспадаркі. З гэтай мэтай ў 1889 годзе закладваецца Дакурнішскі вінакураны завод №317. С.Жылінскі набывае вядомасць паспяховага гаспадара завода па вытворчасці спірту. У пачатку мінулага стагоддзя ён становіцца сябрам рады Віленскага сельскагаспадарчага таварыства, а ў 1903 годзе яго абіраюць старшынёй вінакуранага камітэта, які аб’ядноўвае спіртазаводчыкаў Віленшчыны. Па дадзеных за 1910 год вытворчасць дакурнішскага завода складала 17200 вёдзер спірту (1вядро-12,3 літра), на ім працавала 6 рабочых, меўся адзін рухавік на 10 конскіх сіл. Гадавая вытворчасць прадпрыемства ацэньвалася 15 тысячамі рублёў — значнай па тым часе грашовай сумай.

Аляксандр Жылінскі

Аляксандр Жылінскі

Станіслаў Жылінскі адным з першых у краі пачынае выкарыстоўваць торф для патрэб гаспадаркі. Яго пляцоўка па апрацоўцы торфу была адзінай у Ашмянскім уездзе. На 1906 год у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях налічвалася ўсяго 19 маёнткаў торфанарыхтоўшчыкаў. Дапамагае ўзорна весці гаспадарку таксама яго сын Аляксандр Жылінскі (1880-1941), які пасля смерці бацькі становіцца апошнім уладальнікам Дакурнішак. Адным з першых у нашых мясцінах ён праводзіць тут сціплыя палявыя даследаванні, дзе эксперыментуе з гатункамі і насеннем бульбы, прыстасоўвае да іх патрэбныя мінеральныя ўгнаенні. У пасляваенны час разам з раслінаводствам актыўна займаецца жывёлагадоўляй: разводзіць элітныя пароды хатняй жывёлы.

Запамінальнай падзеяй для гаспадара, яго родных і суседзяў стала наведванне Дакурнішак 21 чэрвеня 1930 года Ігнацыем Масціцкім. Праязджаючы па славутых мясцінах Ашмянскага павета, прэзідэнт Польшчы вячэру і начлег у гэты дзень правёў ў маёнтку пана А.Жылінскага. Гэты факт стаў адной з падстаў, па якой ён 16 чэрвеня 1941 года быў арыштаваны і сасланы ў лагер пад Архангельск, дзе знайшоў свой апошні зямны прытулак.

У час працы над матэрыялам натрапіў яшчэ на адну цікавую звестку, якая датычыцца Жылінскіх. У міжваенны час на землях маёнтка быў заснаваны фальварак Жылінкі. Назва новага паселішча была ўтворана ад прозвішча ўладальнікаў Дакурнішак. Такія выпадкі былі вядомымі раней на нашай зямлі. Напрыклад, навасёлкаўскія Чапскія, прадаючы зямлю, надавалі надзелам імёны сваіх родных. Жылінскія таксама жадалі такім чынам захаваць памяць пра сябе. На жаль, тапонім Жылінкі не вытрымаў выпрабаванне часам, і сёння на карце раёна не існуе паселішча з такой назвай.

Карта Дакурнішак 1930-я

Карта Дакурнішак 1930-я

Але мы не павінны забываць гісторыю жыцця прадстаўнікоў трох пакаленняў роду Жылінскіх у нашым краі. Без ведання гэтага мінулага наша будучыня страціць каштоўную спадчыну, якая была назапашана папярэднікамі.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

Опубликовать в Одноклассники
Стоит почитать:

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>