У Навасёлках прайшоў День сельсавета

События

Аграгарадок Навасёлкі, цэнтральная сядзіба  СВК “Ашмянскі Світанак” і  мясцовага сельсавета,  першым у раёне атрымаў такі статус. Магчыма, па гэтай прычыне на яго ўладкаванне  было выдаткавана значна менш сродкаў, чым на наступныя  аграгарадкі. Аднак вёска па-ранейшаму з’яўляецца адным  з самых прыгожых і добраўпарадкаваных населеных пунктаў раёна. Парадак тут падтрымліваецца сіламі мясцовай улады і жыхароў.  Падчас правядзення дня Навасёлкаўскага сельсавета яго ўдзельнікі адзначылі, што на тэрыторыі ўсёй адміністрацыйнай адзінкі назіраецца цесны кантакт паміж людзьмі і кіраўніцтвам сельвыканкама.

Узяць хаця б навядзенне парадку на могілках вёскі Агароднікі. Як патлумачыў старшыня сельвыканкама Андрэй Садоўскі, з бюджэту сельсавета была закуплена агароджа, жыхары  сабралі грошы на яе ўстаноўку. Яны ж  займаліся  афарбоўкай плоту.  Усе арганізацыйныя пытанні ўзяла на сябе дэпутат сельсавета Яўгенія Жукоўская.

Усе службы, размешчаныя на тэрыторыі   сельсавета,  дзейнічаюць супольна. Калісьці гэту работу актыўна вяла былы старшыня сельвыканкама Надзея Селятыцкая. Малады кіраўнік, які прыйшоў ёй на змену, узяў на ўзбраенне гэтыя моманты і арганізуе сваю работу сумесна з кіраўніцтвам мясцовай гаспадаркі, амбулаторыяй, навучальна-педагагічным комплексам, участковым інспектарам міліцыі.

У аграгарадку Навасёлкі два магазіны: прыватны, размешчаны ў будынку лазні, і “Журавінка” – уласнасць райспажыўтаварыства.  Якая ні якая, аднак канкурэнцыя. Па водгуках мясцовых жыхароў больш падабаецца ім дзяржаўная крама. Нараканняў на яе работу ў людзей не ўзнікае. Шырокі асартымент тавару, магчымасць заказаць  бытавую тэхніку і мэблю ў растэрміноўку, ветлівасць прадаўцоў – усё гэта садзейнічае добрай рэпутацыі і прыцягвае да сябе пакупнікоў.  Як паведаміла загадчыца крамы Галіна Каханоўская, запыты пакупнікоў тут заўсёды выконваюцца  ў кароткі тэрмін.

Шмат наведвальнікаў і ў мясцовай амбулаторыі. Гэта само сабой зразумела: насельніцтва старэе.  На абслугоўванні медыцынскай установы знаходзіцца каля дзвюх тысяч жыхароў: Навасёлкаўскі сельсавет і частка Барунскага. У амбулаторыі можна здаць аналізы, зрабіць кардыяграму, пралячыцца на дзённым стацыянары, наведаць стаматалагічны кабінет. Загадчыца амбулаторыі Людміла Казлова  прымае пацыентаў не толькі на месцы, але і выязджае раз на тыдзень у Гінеўцы. Штомесячна медыцынскія работнікі  вядуць прыём і прадаюць лекі ў доме сацыяльных паслуг у Навадворцах. У абавязкі работнікаў амбулаторыі ўваходзіць таксама рэгулярнае  наведванне ляжачых хворых, ветэранаў вайны, маленькіх дзетак. У гэтым годзе  іх нарадзілася 21. Пагадзіцеся, для сельскай мясцовасці гэта шмат, аднак лічба памерлых усё-такі яе перавышае.

Між іншым, 35 малышоў наведваюць дзіцячы садок у аграгарадку, адкрыты тры  групы. Для выхавання і навучання  дзяцей створаны  належныя ўмовы.  У навучальна-педагагічным комплексе  пашырылі  абедзенную залу сталоўкі, адвялі больш прыдатнае  месца пад  бібліятэку.  Як зазначыў дырэктар НПК Раман Янушкевіч, задум у адміністрацыі і педагагічнага калектыву шмат. Усе яны накіраваны на тое, каб выхаванцы навучальнай установы  не толькі маглі вучыцца, але і зарэкамендавалі сябе выдатнымі студэнтамі, а затым граматнымі спецыялістамі розных галін народнай гаспадаркі нашай краіны.

Удзельнікі семінару наведалі таксама  грамадскі пункт  аховы парадку, які  размяшчаецца ў адным будынку з сельвыканкамам.  Участковы інспектар міліцыі Аляксандр Сілюк  паведаміў аб стварэнні савета грамадскага пункта, кіраўніком якога з’яўляецца старшыня сельвыканкама.  У склад савета ўваходзяць усе арганізацыі, якія размяшчаюцца на адміністрацыйнай тэрыторыі.  Яны прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні прафілактычнай работы  з грамадзянамі.

Пасля наведвання аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы ўдзельнікі дня сельсавета  абмеркавалі шэраг пытанняў  і падвялі вынікі работы. Старшыня Навасёлкаўскага  сельвыканкама Андрэй Садоўскі  расказаў аб рабоце сельвыканкама па забеспячэнні комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця падведамаснай тэрыторыі. У паведамленні  было адзначана, што ў сельсавеце значная ўвага ўдзяляецца пытанню папярэджання гібелі  людзей на пажарах. Як наладжана  работа ў гэтым накірунку ў іншых сельсаветах, расказалі старшыні Барунскага і Гальшанскага  сельвыканкамаў Галіна Ігнатовіч і Войцех Коўзан. Аб аснашчанасці сродкамі пажарнага апавяшчэння адзінокіх састарэлых грамадзян у раёне  паведаміла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Галіна Яшына.

Вынікі семінара падвёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *