Лепшыя кухары Ашмяншчыны працуюць у СВК “Крэйванцы”

Общество

Вядома, кожная сельгасарганізацыя – гэта не толькі механізатары, вадзіцелі, жывёлаводы і раслінаводы. Калектыў любой гаспадаркі – гэта і кухары. Так, гэта амаль непрыкметныя, але вельмі важныя людзі, якія падчас сезона палявых работ штодзень гатуюць розныя стравы, каб рупліўцы на палетку маглі падмацавацца і засяродзіцца на працы.

Іх таленты і здольнасці – таксама частка ўборачнай кампаніі. І, калі на жніве кожная з іх імкнецца пераўзысці хіба што саму сябе, то на свяце дажынак кухары паказваюць сваю фантазію і майстэрства на раённым узроўні.

IMG_6987

І сёлета падчас свята ўраджаю ў Барунах адбыўся традыцыйны конкурс паміж кухарамі гаспадарак Ашмяншчыны. На сталах, усланых белымі абрусамі і ручнікамі, былі спакусліва расстаўлены слодычы, мясныя стравы, салаты і іншыя стравы, прыгожа і з гумарам аформленыя. На кожным падвор’і можна было пабачыць і паспытаць разнастайныя прысмакі, прыгатаваныя рукамі рупных гаспадынь.

IMG_6945

Ініцыятарам конкурсу быў райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Арганізатары пастараліся, каб намаганні кожнай удзельніцы былі заўважаны і ўзнагароджаны. Такім чынам, вызначыліся лепшыя шэф-кухары: на трэцім месцы – Алена Ігнацьеўна Кураловіч (СВК “Ашмянскі світанак”), на другім – Яніна Іванаўна Болзан (СВК імя Кляцкова), на першым – Алена Іванаўна Сцефановіч (СВК “Гальшанскі”). Гран-пры ўзяла Людміла Іосіфаўна Былінская (СВК “Крэйванцаўскі”). Акрамя прызавых месцаў, былі таксама асобныя намінацыі. У намінацыі “Нацыянальны каларыт” перамогу справядліва прысудзілі Вользе Эдуардаўне Пабядзінскай (КРСУП э/б “Баруны”). У намінацыі “Гасціннасць” лепшай стала Святлана Уладзіміраўна Гроцкая (СВК “Кракоўка”). У намінацыі “Хлебасольнасць” роўных не было Алене Іванаўне Рачыцкай (СВК “Прыгранічны”). А прыз сімпатый гледачоў дастаўся Алене Міхайлаўне Місюкевіч (СВК “Граўжышкі”).

IMG_6565

Таму без падарункаў не засталася ніводная ўдзельніца. А пасля конкурсу гаспадыні падвор’яў запрасілі ўсіх гасцей свята пачаставацца сваімі кулінарнымі шэдэўрамі.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *