“Ашмянскія замалёўкі. З запаснікаў памяці Пятра Шаколы”

Праекты

Хлебнікаў

Вось вам ці то анекдот, ці то показка-праўда. Было гэта тады, калі Пётр Міронавіч Машэраў кіраваў Беларуссю. Неяк ехаў ён у нашу зону — Ашмянскую, Астравецкую, каб праверыць стан жывёлагадоўлі. Першая гаспадарка на шляху — калгас Багушэвіча. Туды пад’ехала раённае кіраўніцтва: першы сакратар, старшыня райвыканкама. Тое-другое… “Выстраілі ў лінеечку” кіраўнікоў гаспадарак. Пётр Міронавіч прыехаў, вылез з машыны, падышоў. Наш першы сакратар знаёміць са старшынямі калгасаў. Міронаў падае кожнаму руку — здароваецца.

Старшыня:

-Сівуха!

Заатэхнік:

-Сала!

Сакратар парткама:

-Цыбульскі!

Пётр Міронавіч усміхнуўся:

-А дзе Хлебнікаў?

Ну, людзі не адразу зразумелі жарт. А яму смешна. З пачуццём гумару быў мужчына.

А ў нас і на самай справе так было, прозвішчы гэтыя былі. Сівуха быў “харошы чалавек”, старшыня калгаса. Потым ён працаваў начальнікам міжраённага ўпраўлення асушальна-арашальнай сеткі. Сала быў заатэхнікам ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, а потым, калі пайшоў на пенсію, да гадоў 90 яшчэ “па аўтобусах лазіў” — кантралёрам рабіў. Яго, беднага, бабулі часта білі сумкамі ў гэтых аўтобусах, выштурхоўвалі з салона, а ён усё сваю прынцыповасць паказваў. А Пётр Купрыянавіч Цыбульскі быў сакратаром парткама. Потым ён працаваў старшынёй жылкамгаса ў горадзе.

Так на самай справе было ці не было, я не ведаю, але людзі гэтыя былі, таму, магчыма, гэта гісторыя і нявыдуманая.

Чеслав Янковский “Повет Ошмянский”(стр.261): «В том же 1683 году первого июня ошмянская шляхта выбрала хорунжих: Ежего Вавжинца Землу, писаря казначейства ВКЛ – Михаила Козимера Котла-Ежего Козя Поклевского и Станислава Поздняка. Этот документ подписали: Гектор Пётр, Озенбловский… Цыбульский…Михаил Мошевич.”

Плашчык

Аднойчы, калі я якраз працаваў у райкаме партыі, Машэраў аблятаў палеткі на самалёце, а потым савет у Ашмянах праводзіў з акружнымі раёнамі.

Вось ён абляцеў, а потым усю гэту “брацію рукавадзіцеляў” цугам сабраў.

А пакуль ён не прыехаў у Ашмяны, усе на сувязі знаходзяцца.

Папрасіла мяне сакратарка першага: ”Пеця, пасядзі тут трохі, можа хто патэлефануе?”

Я сеў, а тут:

— Дзінь-брынь! “Хазяін” ужо прыехаў? “Хазяін” у вас?”

— Не яшчэ,- паклаў трубку.

Праз некаторы час:

— “Хазяін” у вас?

— Не.

Вярнулася сакратарка. Я выйшаў, а тут бягом па лесвіцы паднімаецца старшыня райвыканкама:

— Хутчэй, хутчэй давай! Вешалкі возьмем, занясем іх у залу, каб Машэраў не на калідоры распранаўся.

Мы толькі за гэтыя вешалкі схапіліся, як ззаду падыходзіць Пётр Міронавіч:

— Здрасце! – і падае мне руку.

— А што вы тут робіце?

— Вось хочам вешалкі паставіць туды.

— А навошта, я і тут распрануся.

Зняў ён свой плашчык, павесіў. А далей што. Нядзелю таму, дзве можа, ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі хтосьці куртку ўкраў на першым паверсе. Хадзіў там прашчалыга нейкі. Убачыў, што ў кабінеце нікога не было. Забраў куртку, апрануў там яе, ці як, і пайшоў… А выпадак то помніцца. Не дай бог хто-небудзь зойдзе… Ну што, значыць, трэба міліцыянера “прыгласіць, каб ахраняў”. Ахоўваць плашчык Пятра Міронавіча Толіка Казлова прыслалі. Быў такі капітан у мясцовым аддзеле, добры чалавек.

Машэраў гаварыў доўга, громка, чуваць было праз дзверы. Ставіў задачы можа мінут сорак пяць, час. Калі ўсіх распусцілі, мне затым калегі сказалі:  «Ты глядзі, нядзелю рукі не мый, сам Пётр Міронавіч руку паціснуў!».

Званы

У 50-я гады царква яшчэ працавала. Зачынілі яе дзесьці ў пачатку 60-х, калі кіраваў краінай Мікіта Хрушчоў. Касцёл раней быў зачынены — у 48-м. Мы з хлопцамі часта бадзяліся па горадзе, нават ужо пакурвалі цішком. Парой заглядвалі ў царкву. Неяк бацюшка, згледзеўшы нас, падазваў да сябе і кажа: “Хлопцы, ёсць сур’ёзная размова. Тут у мяне адзін служка захварэў, няма каму званіць у званы, можа вы пазвоніце?”

Мы адразу ж згадзіліся, тым больш, што нам паабяцалі нейкія грошы заплаціць. Бацюшка сваё абяцанне стрымаў. Нават віном пачаставаў царкоўным, кагорам. Званілі мы можа тыдзень, можа два. Тады неяк часцей званілі перад службай. У той час гадзіннікі не ва ўсіх былі, можа таму і званілі, каб ведаць колькі часу…

Памятаю, што былі тры званы: адзін вялікі і два меншыя – па баках. У званіцы быў брус з дугой драўлянай, абабітай войлакам — каб мякчэй было. Трэба было грудзямі ўпірацца. А мы ж малыя яшчэ. Нам нейкую падстаўку паставілі. Мы званілі па чарзе. Спачатку вялікі звон:”Дзын!” А затым малыя:”Дзын! Дзын!”

Ну, мы там прылаўчыліся так — адзін штурхае, а два другіх — у вяровачкі, каб ніхто пакрыўджаным не быў. Затым мяняліся.

Потым бацюшка напісаў у газету “самаразаблачыцельную стацью”, адказаўся ад пасады. Доўгі час ён вадзіцелем працаваў Ашмянах. Калі ўжо сталі цэрквы адчыняць у 80-я гады, ён, здаецца, ці не ў Іўеўскім раёне прыход займеў. Стаў там служыць.

Пётр Шакола.

Праект “Ашмянскія замалёўкі. З запаснікаў памяці…”

zama5



1 комментарий по теме ““Ашмянскія замалёўкі. З запаснікаў памяці Пятра Шаколы”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *