“Катастрафічны пажар у Гальшанах”

Главное

Выразная і адметная архітэктура Гальшан у так званым “яўрэйскім” квартале стварае моцнае і непаўторнае ўражанне. Закладзеныя цэглай праёмы былых уваходаў у крамы і майстэрні, глухія драўляныя дзверы на штабах, прыступкі неіснуючых ганкаў нагадваюць нам аб мінулым прызначэнні пабудоў. Кожны наведвальнік гэтай часткі забудовы заўважае самабытны дэкор фасадаў цагляных будынкаў, высокія дахі з мезанінамі і мансардамі, якія пакрыты ацынкаванай бляхай. Ланцужок гэтых аднапавярховых мураваных дамоў на Замкавай вуліцы, іншыя аднатыпныя дамы на суседніх вуліцах маюць свой індывідуальны воблік і каларыт.

Гальшанская забудова

Разам з тым пабудовы аб’яднаны адной агульнай трагічнай падзеяй, якая адбылася 21 чэрвеня 1929 года і стала падставай для іх узнікнення.

“Катастрафічны пажар у Гальшанах” — пад такой назвай падаў інфармацыю пра трагедыю “Кур’ер Віленскі” на наступны дзень пасля пажару. Так як публікацыя ўтрымлівае каштоўныя звесткі пра падзею, варта яе прывесці поўнасцю.

“Учора паміж 5 і 6 гадзінамі раніцы ў мястэчку Гальшаны, якое знаходзіцца ў 21 км ад Ашмян, выбухнуў надзвычай моцны пажар, які ўстрывожыў усю ваколіцу і нават Вільню. У мястэчку ўзнікла неапісальная паніка. Пры спрыяльным ветры агонь з маланкавай хуткасцю перакідваўся на суседнія пабудовы і ахопліваў усё новыя дамы. Дзякуючы тытанічным намаганням выкліканых пажарных дружын і пры дапамозе мясцовага насельніцтва пасля шматгадзіннай барацьбы са стыхіяй пажар удалося лакалізаваць і пазбегнуць яшчэ большай катастрофы. Нягледзячы на гэта, полымя знішчыла 27 жылых дамоў і 4 гаспадарчыя пабудовы разам з інвентаром. Пры першай звестцы аб пажары з суседніх населеных пунктаў выехалі пажарныя каманды, спяшаючыся на дапамогу гальшанскім пажарным, якія ўжо змагаліся з агнём. Прыехалі каманды з Ашмян, Граўжышак, Дзявенішак, Крэва. Лідскі стараста пры першай жа звестцы з Гальшан на спецыяльным выратавальным цягніку выслаў атрад Лідскай пажарнай аховы, якая прыбыла на станцыю Багданава, што знаходзіцца ў 13 км ад Гальшан, і была адсюль адазвана назад, бо пажар за гэты час быў лакалізаваны.

З самай раніцы паведамленне пра пажар атрымаў таксама  віленскі ваявода Рачкевіч, які ў сувязі з гэтым неадкладна выехаў на аўтамабілі на месца пажару. Пана ваяводу суправаджалі дарадца Троцкі і сакратар Станевіч. Пасля прыезду ў Гальшаны пан ваявода накіраваўся на ўчастак, ахоплены пажарам, пасля чаго прыняў дэлегацыю мясцовага насельніцтва ў сядзібе гміны. Пан ваявода загадаў неадкладна стварыць камітэт па выратаванні, які б заняўся размяшчэннем пагарэльцаў і іх харчаваннем. Сярод іншага згарэла і пошта (мураваны будынак) разам з усім скарбам, прадметамі хатняга ўжытку і вопраткай загадчыка пошты Яна Томэка. Пан ваявода загадаў Ашмянскаму старасце пану Кавалеўскаму прадаставіць у выглядзе аднаразовай дапамогі для пагарэльцаў суму ў 2000 злотых і прапановы аб далейшай дапамозе.

У час выратавальнай акцыі атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні намеснік каменданта Ашмянскай пажарнай дружыны, чыноўнік староства пан Мацкевіч і тры жыхары Гальшан. Некалькі чалавек атрымалі больш лёгкія пашкоджанні.

На месца пажару неадкладна выехала з Вільні каманда Віленскай добраахвотнай пажарнай аховы, якая складалася з 4 пажарных і аднаго механічнага распырсквальніка са шлангамі агульнай даўжынёй 0,5 км, якія маглі быць патрэбны для забору вады з рэчкі, на якой ляжаць Гальшаны. Віленская пажарная каманда даехала да Ашмян і па загаду пана ваяводы вярнулася ў Вільню, бо пажар быў лакалізаваны дзякуючы энергічным дзеянням ашмянскай і мясцовых і пажарных каманд. Вынікі пажару проста катастрафічныя. Страты, хаця яшчэ і не падлічаныя, велізарныя”.

У наступным нумары, за 23 чэрвеня 1929 года, “Кур’ер Віленскі” паведамляў, што  пажар пачаўся з размешчанага на рагу вуліцы Трабскай дома гандляра спажывецкімі таварамі Лейзера Аркіна. Выклікаў пажар даўно звар’яцелы Моўша Аркін.

Страты ў будынках, не лічачы страт рухомай маёмасці, склалі каля 250 тысяч злотых. Па распараджэнні пана ваяводы быў створаны камітэт дапамогі пагарэльцам. У склад камітэта ўвайшлі прадстаўнікі ўлады, духавенства і грамадскасці.

Атрымаўшы страхоўкі на вялікія сумы і іншую фінансавую дапамогу ад суродзічаў, ужо ў 1930 годзе быў адноўлены цэлы квартал новых дамоў. Напэўна, пажар пасадзейнічаў яўрэям-гандлярам у пабудове мураваных гандлёвых радоў пасярод рынкавай плошчы  мястэчка. Сёння, разам з іншымі мясцовымі архітэктурнымі славутасцямі, гэтыя помнікі дойлідства прыцягваюць да сябе ўвагу турыстаў і гасцей Гальшан.

Працягваючы далейшае даследаванне тэмы, для мяне стала зразумелым падабенства архітэктурнага вобліку цэнтраў Гальшан і Іўя. Справа ў тым, што за месяц да гальшанскага пажару аналагічная трагедыя напаткала суседняе мястэчка, а пасля яны разам і аднаўляліся.

Пажар, які адбыўся ў Іўі 15 мая 1929 года, знішчыў 344 дамы, 386 гаспадарчых пабудоў, ад яго наступстваў пацярпелі 378 сямей, а без даху засталося 1813 дарослых і 742 дзіцяці. У час пажару загінулі два чалавекі, некалькі дзясяткаў жыхароў былі траўміраваны. Вогненная віхура знішчыла пошту, аптэку, паліцэйскі пастарунак, 4 бажніцы, школу, міравы суд і гмінныя будынкі. Таксама былі спалены літаральна ўсе драўляныя крамы на рынку і ў самім мястэчку.

Падводзячы вынікі ліквідацыі іўеўскага пажару, было адзначана, што мясцовая пажарная каманда не мела дастатковай колькасці патрэбнага абсталявання і не змагла арганізаваць жыхароў на лакалізацыю ачагу ўзгарання. Кожны жыхар ратаваў сваю маёмасць, выносячы яе на вуліцу, але ў далейшым гэтыя рэчы таксама былі знішчаны агнём. Паўплывала на памеры катастрофы спазненне дапамогі з Ліды і іншых суседніх пажарных дружын. У час дазнання было высветлена, што пажар выклікаў падпал крамы вінаў і гарэлкі Капелда, а цясніна размешчаных побач дамоў паспрыяла хуткаму распаўсюджванню агню.

Каб прадухіліць у будучым такія велізарныя наступствы пажару, былі выпрацаваны і разасланы ў вясковыя гміны Віленскага ваяводства адпаведныя рэкамендацыі. Вось чаму пажар у Гальшанах, хаця і нанёс вялікую шкоду і перапалох, але не набыў тых маштабаў, як у суседнім Іўі. Прыведзеныя гістарычныя факты яшчэ раз падкрэсліваюць, якую бяду нясе вогненная стыхія людзям. Пра гэта мы  павінны помніць.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *