Аматараў гісторыі запрасіў Ашмянскі краязнаўчы музей

Культура

На мінулым тыдні, 19 лістапада ва ўстанове культуры “Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К. Багушэвіча” адбылася гістарычная гасцёўня “Сучаснае старое мястэчка”. Імпрэза сабрала ўсіх неабыякавых да мінулага Гальшан. Акрамя дарослых наведвальнікаў, былі і вучні СШ № 3.Вялі мерапрыемства супрацоўнікі музея Вольга Вінцаловіч і Ірына Бусловіч.

IMG_6400 Вучаніца 6-га класа Гальшанскай сярэдняй школы Паліна Бартановіч уразіла прысутных аповедам “Падарожжа па Гальшанскім краі”. Выдатнае выступленне было адметна яшчэ і тым, што дзяўчынка расказвала пра сваю малую радзіму на памяць. Дапамагла Паліне рыхтавацца яе настаўніца Алена Мікалаеўна Малышка.

IMG_6376

Гальшанская краязнаўца Валянціна Сцяпанаўна Лабуніна пазнаёміла наведвальнікаў музея з валунамі і камянямі – помнікамі Гальшанскай зямлі. Змястоўны расповед суправаджалі аўтарскія фотаздымкі.

IMG_6378

Выступленне настаўніка гісторыі сярэдняй школы № 2 Алены Іванаўны Апанэль было прысвечана фотапраекту “Старыя і новыя Гальшаны”. Яна разам з вучнямі наведала даўняе мястэчка і правяла там фотапленэр, падчас якога школьнікі суаднеслі фота стагадовай даўнасці з сучаснымі гальшанскімі краявідамі. Вынікі былі прадстаўлены ў выглядзе медыяпрэзентацыі.

Завяршыў мерапрыемства дызайнер і краязнаўца Сяргей Іванавіч Верамейчык з выступленнем “Спробы рэканструкцыі замка Паўла Стэфана Сапегі”. Сяргей Іванавіч не пагадзіўся са зробленымі ў савецкі час IMG_6394рэканструкцыямі гальшанскага замка  ў галандскім стылі. Ён падышоў да вырашэння гэтай задачы з педантычнасцю сапраўднага знаўцы. Галоўнае, чым вылучаецца яго рэканструкцыя, – імкненне наблізіцца да асаблівасцяў архітэктуры, якая ўласціва менавіта будынкам роду Сапегаў, і перанесці іх на рэшткі замка. Таксама ён выкарыстаў усе даступныя яму выявы Гальшанскага замка  і замкавых пабудоў у ХХ стагоддзі для максімальнай дакладнасці рэканструкцыі.

Яго займальнае, эмацыянальнае і дасціпнае выступленне закранула пытанні рэканструкцыі былога замка  на паперы і ў рэальнасці. Цікавым фактам стала паведамленне аб тым, што ўжо ў даўнія часы гаспадарлівасць і нядбайнасць валадароў замка моцна адбілася на захаванасці будынка: як стала вядома, палова замка , якой валодаў больш руплівы спадкаемца, захавалася нашмат лепш за другую палову, дзе гаспадарыў не такі дбайны ўладальнік. Цяпер гісторыя мае ўсе шансы паўтарыцца: калі тэрмінова не прыняць усе неабходныя захады па рэстаўрацыі, замак можа застацца ў руінах назаўжды.

Напрыканцы Сяргей Іванавіч парадаваў гасцей некалькімі музычнымі творамі, якія выканаў на блок-флейце. Яны перанеслі гасцей у часы крыжакоў (ХІІ ст.) і “Полацкага сшытку” (ХV – ХVII стст.). Фіналам стала невялікая імправізацыя, якой тут жа прыдумалі назву слухачы. А яшчэ мастак падарыў Паліне Бартановіч за яе выступленне ўласныя малюнкі.

IMG_6403

Мепрапрыемства стала своеасаблівым прысвячэннем юбілейным датам: 405-годдзю заканчэння будаўніцтва гальшанскага замка, 450-годдзю з дня нараджэння яго ўладальніка Паўла Стэфана Сапегі, а таксама 735-годдзю самога мястэчка.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *