Шчаслівы білет гальшанскага «Натхнення»

Культура

Музыка – гэта цуд, які існуе незалежна ад правілаў чалавечага розуму. Гэта стан душы кампазітара, яго перажыванні і фантазіі. І як важна адчуць настрой творцы і перадаць слухачу ўсеабдымную гармонію яго душы. Пагадзіцеся, далёка не кожнаму музыканту ўдаецца спасцігнуць глыбіню эмоцый кампазітара. Аднак калі гэта здараецца, калі яны супадаюць у сваім бачанні мелодыкі свету, абуджаюцца і нашы пачуцці. І кожную клетачку нашай душы запаўняюць чароўныя гукі…

IMG_4635

У душы педагогаў Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў Вікторыі Малахавай і Дар’і Антановіч музыка жыве з нараджэння. Свой талент да музыкі сёння яны перадаюць не толькі гальшанскім дзецям. Вікторыя працуе таксама ў Барунах, дзе адкрыты класы Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў, а Дар’я – у Ашмянах. Іх уласны шлях да музыкі быў у чымсьці падобны. Абедзьве пачыналі знаёмства з музыкай з дзіцячай школы мастацтваў. Дар’я вучылася ў Ашмянах па класе цымбалаў, Вікторыя Малахава спасцігала таямніцы фартэп’яннага майстэрства ў Смаргоні. Абедзвюх прывялі ў школу матулі, каб праз дзяцей ажыццявіць свае нязбыўныя мары. У школе дзяўчынкі былі актыўнымі ўдзельніцамі мастацкай самадзейнасці і з задавальненнем дэманстравалі свае здольнасці на сцэне. Затым яны вучыліся ў Лідскім музычным каледжы, скончылі навучальныя ўстановы з чырвоным дыпломам, а зараз паралельна з выкладчыцкай дзейнасцю завочна займаюцца ў ВНУ.

А яшчэ дзяўчаты супалі ў жаданні ніколі не спыняцца на дасягнутым і пастаянна развівацца. Дуэт “Натхненне” ўзнік спантанна. А чаму б і не? Чаму не паспрабаваць з’яднаць народны і класічны інструменты? Дырэктар Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў Наталля Трот прапанову маладых настаўнікаў прыняла з энтузіязмам і пагадзілася стаць кіраўніком творчага калектыву.

Удзел у міжнародным праекце “Салют талентаў” для музыкантаў пачаўся з Мінска, дзе праходзіў адборачны рэспубліканскі тур – фестываль-конкурс “Беларускія ўзоры”. У сталіцы дуэт з аграгарадка Гальшаны атрымаў дыплом лаўрэата першай ступені, што і стала шчаслівым білетам у суперфінал прэстыжнага міжнароднага конкурсу, за права трапіць у які змагалася больш за 17 тысяч таленавітых вакалістаў, музыкантаў, мастакоў, артыстаў тэатральнага жанру з 29 гарадоў Еўропы. У суперфінал выйшла дзве з паловай тысячы пераможцаў рэгіянальных тураў.

У Санкт-Пецярбург Вікторыя і Дар’я накіраваліся з моцным жаданнем трапіць у гала-канцэрт праекта. А для гэтага ім неабходна было абысці каля 600 маладых музыкантаў з 67 гарадоў Расіі, Казахстана, Беларусі, Узбекістана, Фінляндыі, якія таксама выступалі ў намінацыі “Музыка”. Дуэт “Натхненне” паланіў журы сваім артыстызмам, уменнем трымацца на сцэне і высокім узроўнем выканання інструментальнай кампазіцыі ў стылі кантры. У суперфінале гальшанскія педагогі атрымалі дыплом лаўрэата першай ступені, а разам з ім і ганаровае права прадстаўляць Рэспубліку Беларусь у ліку 25 лепшых выканаўцаў і калектываў у гала-канцэрце міжнароднага творчага праекта “Салют талентаў”.

Разам з двума дыпломамі (другі за ўдзел у гала-канцэрце) маладыя гальшанскія педагогі Дар’я Антановіч і Вікторыя Малахава атрымалі бясцэнны вопыт і масу станоўчых эмоцый, якія яны накіруюць на выхаванне ў сваіх вучняў мастацкага густу, на развіццё ў іх музычных здольнасцяў і, безумоўна, на пакарэнне новых творчых вяршыняў.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *