У Ашмянах прайшла акцыя «Чысты лес»

Главное

Калісьці нашыя продкі казалі: “Побач з лесам жыць – галоднаму не быць”, “Лес — багацце цара”, “Лес не толькі ваўка, але і мужыка корміць”. Сапраўды, нездарма лес лічаць сапраўдным скарбам нашай краіны. Сасновыя бары і цяністыя дубровы, яловыя гушчары і маляўнічыя бярозавыя гаі шырока раскінуліся па нашай зямлі. Сакавітыя ягадныя і грыбныя дарункі, чыстае лясное паветра, якое вабіць хвояй, імхом і маліннікам; мілагучны спеў птушак; паляны, сагрэтыя ласкавым сонцам. Гасцінны лес прываблівае сваёй прыгажосцю да сябе людзей.

IMG_5087

Але сёння існуе адна вялікая праблема, актуальная не толькі для нашага раёна, – гэта забруджванне лясоў. Адпачываць любяць усе, а вось прыбіраць за сабой – нямногія! Як толькі пачынаецца летні сезон адпачынку — альтанкі  ва ўрочышчы Сухая запаўняюцца не толькі людзьмі, але і грудамі смецця.

Таму неабыякавыя людзі далучаюцца да агульнарэспубліканскай акцыі “Чысты лес”, якая праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі. Вырашаючы важныя дзяржаўныя задачы ў галіне ўзнаўлення, аховы і абароны лясоў, арганізацыі Міністэрства лясной гаспадаркі штогод накіроўваюць значныя сілы і сродкі на работы па навядзенні парадку ў лесе. Але праблема несанкцыянаваных звалак будаўнічых і бытавых адходаў у лясах, якія прымыкаюць да аўтамабільных і чыгуначных дарог, вакол населеных пунктаў, садаводчых таварыстваў і дачных кааператываў, на пляцоўках адпачынку і аўтастаянках па-ранейшаму застаецца вострай.

IMG_5077

Штогод на Беларусі ў ачыстцы лясоў ад смецця прымае ўдзел каля 20 тысяч чалавек. За час правядзення акцыі “Чысты лес” і ў нашым горадзе, яна набыла сваіх пастаянных удзельнікаў. Вучні сярэдняй школы №1, моладзь БРСМ – навучэнцы аграрна-эканамічнага і аграрна-тэхнічнага каледжаў разам з ляснічым Ашмянскага лясніцтва Вячаславам Панасевічам, першым сакратаром РК ГА “БРСМ” Вольгай Шыдлоўскай і начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і абароны навакольнага асяроддзя Андрэем Гардзеем прынялі ўдзел у гэтай дабрачыннай справе.

— Мы далі другое дыханне ўрочышчу Сухая: пабудавалі альтанкі, паклалі веладарожкі, павесілі кармушкі, — адзначае Андрэй Гардзей. — Хацелася б, каб людзі больш задумваліся над сваімі ўчынкамі, тады і ў нас будзе больш часу для працы на карысць лесу, а не ўборкі смецця.

Патрэбна адзначыць, што ўборка лесу адбываецца не толькі падчас кастрычніцкай акцыі, але і амаль круглы год. Таму ў валанцёраў ёсць магчымасць зберагчы “зялёнае багацце” для сваіх нашчадкаў, а будуць яны гуляць па чыстым урочышчы ці прабірацца скрозь горы смецця – залежыць толькі ад нас!

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *