6 лістапада ў Ашмянах канцэрт Дзяніса Дзямідава

Главное

6 лістапада ашмянцаў чакае прыемны сюрпрыз – быць сведкамі нараджэння новай эстраднай “зоркі”. Шчыра кажучы, разгарацца яна пачала раней, падчас рэгіянальных конкурсаў спевакоў. А зараз, перайшоўшы на новую вышэйшую арбіту, пачынае свяціць для большага кола прыхільнікаў песеннага жанру.

pFVT7iI75DY

З нядаўняга часу ўраджэнец Смаргоншчыны Дзяніс Дзямідаў (больш вядомы землякам як Пацэвіч) распачаў сольную кар’еру. Першыя самастойныя крокі на эстрадзе – гэта пошукі сябе, свайго сцэнічнага іміджу, а не славы і грошай. Таму часта спявак выступае на дабрачынных канцэртах. Вось і вясной у Ашмянах разам з мясцовымі выканаўцамі Валерам Готка і Іванам Валадзько збіралі сродкі для лячэння хворага дзіцяці.

Дзяніса ведаюць як пераможцу і лаўрэата шматлікіх конкурсаў і фестываляў, а яшчэ як экс-саліста легендарнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Песняры”. Уладальнік моцнага і адначасова пяшчотнага галасавога тэмбру, Дзяніс кожным сваім выступленнем зачароўвае слухачоў, а яго станоўчая пазітыўная энергетыка бадзёрыць і радуе душу. Спалучэнне гэтых двух галоўных складнікаў стварыла падмурак для фарміравання вобраза вельмі індывідуальнага. Хаця ў рэпертуары спевака пакуль большасць твораў іншых, даволі вядомых аўтараў і выканаўцаў, па прызнанні спевака, гледачы з імпэтам рэагуюць і на творы, якія ён піша сам, прычым і словы, і музыку. Многія песні зала пачынае падпяваць ужо на прыпеве.

Свой музычны стыль Дзяніс Дзямідаў называе “СтасМіхайлаўска-Кіркораўскі ў манеры Аляксандра Сярова”. Але яго творчая індывідуальнасць настойліва прабіваецца праз напластаванні чужых рыс, яму не ўласцівых. У гэтым зарука яго будучага поспеху, на які разлічвае і сам артыст, і ўсе прыхільнікі яго таленту. Песні ў выкананні Дзяніса гучаць на Першым нацыянальным радыёканале. У наш час даволі складана некага здзівіць выканальніцкім майстэрствам, таму на першы план выходзіць уменне зачапіць слухача за жывое, усталяваць з публікай кантакт на энергетычным узроўні і ўтрымліваць, сілкаваць гэты своеасаблівы медыя-мост на працягу ўсяго канцэрта. Прычым, проста канцэрт па традыцыйных акадэмічных канонах мала каго зацікавіць. Большасці патрэбна або шоу, або яркая і пажадана аптымістычная імпрэза. Маючы на сваім рахунку Гран-пры міжрэгіянальнага конкурсу “Адна зямля”, дыпломы першай ступені Гродзенскага конкурсу “І вечная вясна”, рэгіянальнага конкурсу ў Смаленску, званне лаўрэата Маладзечанскага фэсту нацыянальнай паэзіі і песні і тры гады гастралявання ў складзе “Песняроў”, Дзяніс адчуў патрэбу і ўстойлівае жаданне далейшага ўласнага развіцця і персанальнага прафесійнага росту. Ён распачаў сольную кар’еру. Але, як вядома, аднаму прабівацца на вялікую сцэну — справа даволі складаная. Аднак яго падтрымалі і натхняюць на творчасць вопытныя ў свеце эстрады людзі.

У асобе Сяргея Сухамліна – “адкрывальніка” Б’янкі і колішняга прадзюсара “зоркі” Еўрабачання Паліны Смолавай –  знайшоў Дзяніс і паплечніка, і сябра. Сяргей Сухамлін – аўтар шырока раскручанага шлягера “Девушки бывают разные», а таксама двух альбомаў песень, напісаных для Віктара Каліны.

У канцэртнай праграме ў выкананні Дзяніса Дзямідава прагучаць песні, якія ўвайшлі ў нядаўна выдадзеную першую аўтарскую кружэлку.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *