Ашмянскі музей сабраў сяброў

Культура

Бадай што кожны ашмянец ведае, што ў яго горадзе ёсць такая ўстанова культуры як музей. Сюды прыходзяць угледзіцца ў твары на партрэтах вядомых дзеячаў гісторыі, паслухаць цікавы аповяд пра мінулае роднага краю, убачыць старадаўнія рэчы, прызначэнне якіх з часам забылася. Тут – сапраўдны храм памяці і гісторыі. Штогод тут ладзяцца новыя і новыя выставы, прэзентуюцца новыя імёны мастакоў, ажываюць традыцыі мінулага. Усё ў музеі нагадвае пра хуткаплыннасць часу. Пра гэта сведчаць самі сцены, якія захавалі подых даўніны і разам з тым не пазбаўлены навізны.

IMG_4673

Сярэдзіна кастрычніка стала знакавай падзеяй у гісторыі Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча. У яго сценах адзначалася шасцідзясятая гадавіна першай экспазіцыі. Урачыстасць сабрала шмат людзей, неабыякавых да справаў дома муз.  У ліку запрошаных былі прадстаўнікі афіцыйных устаноў і проста аматары музейных імпрэзаў. Ужо на ўваходзе можна было пазнаёміцца з новай выставай, прысвечанай юбілейнай даце.

Адкрыла мерапрыемства намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Антонаўна Каханоўская. У сваёй прамове яна павіншавала супрацоўнікаў музея з юбілейнай датай, пажадала творчага натхнення і поспехаў у здзяйсненні ўсіх задумаў.

IMG_4677

Мерапрыемства вялі Сяргей Жылік і Марта Ланеўская. Вядучыя прыгадалі, як 19 кастрычніка 1955 года раённая газета “Знамя Свободы” паведаміла: “У мінулую нядзелю адбылося адкрыццё раённага краязнаўчага музея. Музей размешчаны ў цэнтры горада па вуліцы Савецкай у доме № 80 у спецыяльна пабудаваным будынку…”. Адкрыццё ўстановы стала важнай падзеяй у культурным жыцці Ашмяншчыны і выклікала вялікую цікаваць людзей. Пра гэта сведчыць такі факт – у дзень адкрыцця музей наведала больш за дзве тысячы чалавек.

IMG_3629

Больш падрабязна пра развіццё ўстановы прысутныя даведаліся з відэафільма “Гісторыя музея”, які агучыў Аляксандр Спірыдонаў. Ля вытокаў музейнай справы першапачаткова стаялі дырэктар Анатоль Міхайлавіч Кушнароў і яго падначаленыя Вікенцій Уладзіміравіч Свенціхоўскі, Браніслава Іванаўна Лакуціеўская і Іван Лаўрэнцьевіч Багушэвіч.

Далейшыя архіўныя і даследчыцкія дасягненні па праве належаць дырэктару музея, пазней – супрацоўніку рэдакцыі раённай газеты, Аляксандру Рыгоравічу Каранеўскаму. Менавіта ён стаў укладальнікам кнігі “Памяць. Ашмянскі раён”.

Яшчэ адной старонкай гісторыі музею стала праца пад кіраўніцтвам Дануты Іванаўны Васілеўскай. Гэта была эпоха, калі краіна жыла “па запаветах Леніна”. У сценах музея ладзіліся піянерскія зборы, праводзіліся ўрокі мужнасці, адбываліся сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і працы. Музейныя супрацоўнікі арганізоўвалі і выставы народнай творчасці, дзякуючы якім сталі вядомымі імёны многіх ашмянскіх умельцаў.

IMG_4687

Надышлі складаныя часы, калі супрацоўнікам даводзілася працаваць ва ўмовах адсутнасці экспазіцыі, у ледзь прыстасаваных памяшканнях. Кіраўніцтва ўстановай узяла на сябе Жанна Іванаўна Іванова. Яна аддала музею больш за чвэрць стагоддзя, з іх пятнаццаць год яна ўзначальвала калектыў. За гэты перыяд адбыліся значныя змены: афармляліся перасоўныя выставы, на сустрэчы запрашалі народных майстроў і паэтаў, была ўведзена новая форма работы – музейны занятак, а калектыў далучыўся да ўдзелу ў міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”, ішла праца над стварэннем тэматыка-экспазіцыйнага плана новай экспазіцыі. Але галоўнай падзеяй стаў доўгачаканы пераезд у гістарычны будынак былой аптэкі ў цэнтры горада. Пра гэта ў свой час паклапацілася Валянціна Міхайлаўна Лузіна. Тагачасны старшыня райвыканкама Юрый Уладзіміравіч Адамчык ініцыятыву ўхваліў, і ў 2009-м годзе будынак пасля рэстаўрацыі адчыніў дзверы для жыхароў і гасцей Ашмяншчыны.

Жанна Іванаўна не магла прайсці міма свайго “другога дома” ў такі вечар. Яна пастаралася прыгадаць імёны ўсіх сяброў і калег, з якімі ёй давялося сустракацца і працаваць. Асаблівыя словы ўдзячнасці яна адрасавала музейшчыкам са стажам – Валянціне Станіславаўне Цішчанцы і Ірыне Раманаўне Бусловіч. Успомніла, што музейныя імпрэзы наведвалі госці не толькі з нашага горада і нават не толькі з Беларусі, але і з іншых краін Еўропы, Амерыкі і нават з Паўднёвай Афрыкі.

Вядучыя прыгадалі, што першым экспанатам, які быў зарэгістраваны ў кнізе паступленняў 26 ліпеня 1954 года, стала медная дзвюхакапеечная манета 1907 года. На сённяшні дзень у фондах музея сабрана каля 24 тысяч прадметаў, якія падзелены на 17 калекцый.

Цягам амаль сарака год аддзел фондаў узначальвала Валянціна Станіславаўна Цішчанка. За гэты час змяніліся чатыры дырэктары, многа супрацоўнікаў, а яна працягвала сваю працу. У сваёй прамове яна падзялілася ўспамінамі пра былыя дні.

Вядучыя нагадалі і пра ўклад Вольгі Сямёнаўны Краско, чые клапатлівыя рукі стваралі чысціню і ўтульнасць у музейных залах.

Сувеніры і музычны падарунак былі падрыхтаваныя для тых, хто звязаў з музеем частку свайго жыцця і завітаў на святочнае мерапрыемства.

Слова было прадстаўлена дырэктару СШ №1 Міхаілу Мар’янавічу Гружэўскаму. Ён зачытаў прывітальны IMG_3595адрас дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, намесніка старшыні камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Наталлі Генадзьеўны Кучынскай. У ім была адзначана важная роля нашага краязнаўчага музея як цэнтра духоўна-патрыятычнага развіцця ў культурнай сферы Ашмяншчыны. Прагучалі словы падзякі за працу і добрыя пажаданні на адрас калектыву ўстановы. Асабіста ад сябе Міхаіл Мар’янавіч адзначыў, што музей стаў часткай яго выхаваўчай і вучэбнай работы. Вучні школы – пастаянныя наведвальнікі гэтай культурнай установы. Да таго ж, і музейшчыкі актыўна дапамагалі яму ў свой час пры стварэнні школьнага музея. Ён уручыў у падарунак працаўнікам музея кнігу па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Выступілі з вершаваным віншаваннем вучні СШ №1 і №3.

Верш пра музей і яго супрацоўнікаў адмыслова да юбілея напісаў і прачытаў Пётр Валяр’янавіч Шакола. Акрамя верша ён падарыў музею кнігу “бацькі народаў” Іосіфа Сталіна “Пытанні ленінізму” – можна сказаць, рарытэт.

IMG_3605

Доктар мастацтвазнаўства і мастак Сяргей Лявонавіч Шэмет – даўні сябар музея. Ён абавязаны музейным сценам не толькі магчымасцю выставіць свае творы, але і лёсавызначальнай сустрэчай са сваёй жонкай Веранікай Рэмізевіч. Родам з Ашмян, ён ніколі не парываў сувязі са сваёй малой радзімай. Вось і нядаўна на выставе ў Фларэнцыі (Італія) сярод іншых карцін можна было пабачыць і ашмянскі краявід. У падарунак музею ён прывёз выяву капліцы ў Гародніках з размешчаным побач помнікам Енджэю Снядэцкаму.

Галоўны рэдактар “Ашмянска весніка” Ганна Мікалаеўна Давідовіч павіншавала калектыў установы з урачыстай датай, прыгадала агульныя праекты і выказала спадзяванне на далейшае творчае супрацоўніцтва. Яна падарыла падшыўку газеты “Знамя Свободы” за пераможны 1945 і 1946 гады.

З добрымі словамі ад імя сваёй арганізацыі выступіла ветэран мытнай службы Алена Аркадзьеўна Калыбіна. Ашмянскія музейшчыкі не толькі неаднаразова выступалі перад мытнікамі, але і прынялі чынны ўдзел у стварэнні музея гэтай службы.

Віншаванні выказала і загадчык раённай дзіцячай бібліятэкі Галіна Францаўна Гардзей. Дарэчы, менавіта яе ўстанова цяпер знаходзіцца па адрасе першай “прапіскі” музея.

З віншаваннямі прыйшла экс-дырэктар Ашмянскага мясакамбіната Тамара Уладзіміраўна Філіповіч. Сярод яе заслуг – дапамога ў перавозцы больш за 400 карцін, якія калісьці падарыў музею Прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі “Мастацтва народаў свету” Мікалай Карнілаў.

З падарункамі і віншаваннямі таксама завіталі верныя сябры і памочнікі музейных спраў: самадзейны мастак Лідзія Віктараўна Дзедушкевіч, незаменны памочнік ва ўсіх музейных мерапрыемствах Аляксандр Рыгоравіч Спірыдонаў, былыя супрацоўнікі Ганна Вячаславаўна Пігоцкая і Вераніка Уладзіміраўна Рэмізевіч, народныя майстрыхі Алена Баляславаўна Буйко і Галіна Міхайлаўна Селістроўская.

Музычным суправаджэннем упрыгожылі вечар Надзея Міцэвіч, Таццяна Казак, Наталля Давыдава.

А завяршыла вечар выступленне цяперашняга дырэктара музея Анастасіі Васільеўны Навіцкай. Яна ад імя свайго калектыву падзякавала ўсім гасцям за падарункі, вершы, карціны і песні, урэшце за тое, што прыйшлі. Важна, што поспехі і дасягенні музея – агульная справа, на якую працуе ўвесь калектыў, ад дырэктара да тэхработніка. На агульны внік працуюць навуковыя супрацоўнікі Ірына Раманаўна Бусловіч і Вольга Станіславаўна Вінцаловіч, захавальнік фондаў Наталля Іванаўна Багдановіч, мастак Алена Адамаўна Будзько, музейныя дазорцы Марыя Гендрыкаўна Горыд і Ніна Іванаўна Роліч, прыбіральшчык памяшканняў Тэрэса Эдвардаўна Родзь і загадчык гаспадаркі Франц Іванавіч Асінскі. Анастасія Васільеўна падкрэсліла, што не бывае малых дасягненняў, бо з часам яны становяцца часткай нечага большага і важкага. Таму асабіста ад сябе яна падзякавала ўсім супрацоўнікам і выказала надзею на тое, што ў далейшым музей яшчэ не раз сабярэ гасцей на новыя імпрэзы. Музею час не страшны, бо музей – храм часу.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



1 комментарий по теме “Ашмянскі музей сабраў сяброў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *