Першая сусветная вайна на Ашмяншчыне

Главное

Сто год таму, у верасні 1915 года, Першая сусветная вайна прыйшла ў наш край, і ваенныя дзеянні пачалі разгортвацца на тэрыторыі былога Ашмянскага павета. У выніку Свянцянскага прарыву конныя раз’езды немцаў 1(14) верасня былі заўважаны на чыгунцы Маладзечна — Вільня. На наступны дзень германскія кавалерыйскія дывізіі ўварваліся ў Солы і Смаргонь, маючы на мэце перарваць у гэтых мясцінах шляхі адыходу Віленскай групоўкі рускай арміі. У гэты ж дзень 1-я кавалерыйская дывізія саперніка выдвігаецца праз Смаргонь на Крэва і Баруны, а 4-я дывізія накіроўваецца ў тыл рускай арміі, на лінію ракі Ашмянкі паміж Жупранамі і Соламі. З раніцы 3(16) верасня 1915 года паміж часткамі 10-й рускай пяхотнай дывізіі і 4-й германскай кавалерыйскай дывізіяй пачынаецца перастрэлка, якая пераходзіць у вострае супрацьстаянне.

Газета 10 Арміі1

Напружанасць барацьбы перадае адзін паказальны ваенны эпізод. Падышоўшы да ракі Ашмянкі ў раёне Нарбутаў, нямецкая разведка даведалася, што руская пяхота не мае патронаў і змагаецца выключна штыкамі. Германская кавалерыя вырашае яе атакаваць у конным строі, а пазбаўленыя патронаў рускія салдаты чакаюць трагічнай развязкі. Але як толькі немцы падрыхтаваліся да атакі, на іх самкнуты строй конніцы быў адкрыты знішчальны агонь падаспеўшай на дапамогу рускай артылерыі, што парушыла ўсе планы захопніка. Такі паварот дзеянняў адбыўся дзякуючы асобнаму артылерыйскаму ўзводу з адборных байцоў і афіцэраў, прызначаных да адпраўкі ў Францыю. Камандзір чатырохгарматнай батарэі, які выявіў немцаў, з ходу разгарнуў свае гарматы і завяршыў бой на карысць рускай арміі.

Пад Жупранамі сутычкі працягваюцца надалей, рускія салдаты захоўваюць баявы дух і мужна змагаюцца, пра што сведчыць загад на ўзнагароджанне Георгіеўскай зброяй капітана 100-га пяхотнага Астроўскага палка Мікалая Андрэевіча Радзянкі. У ім адзначана: « … у баях 4 верасня 1915 года ля мястэчка Жупраны, будучы высланым са сваёй ротай у ахоп злева ад мястэчка, хутка рушыў уперад, заняў яго і пасля па асабістай ініцыятыве перайшоў затым з ротай рэчку Ашмянку, у брод, па пояс у вадзе, і пад моцным ружэйным і кулямётным агнём выбіў ворага з занятых ім вышынь, пры гэтым былі захоплены два кулямёты. Авалоданне вышынь мела велізарнае значэнне для наступных дзеянняў дывізіі». Таксама за баі ў верасні 1915 года пад Жупранамі і Данюшавам быў узнагароджаны ордэнам св. Георгія 4-й ступені палкоўнік таго ж палка І.Ф. Грыгор’еў.

На працягу верасня баявыя дзеянні паміж рускімі і нямецкімі вайсковымі фарміраваннямі адбываюцца ў розных кутках Ашмянскага краю. Назвы мясцовых населеных пунктаў трапляюць у сухія зводкі афіцыйных паведамленняў з фронту. Але сёння трагедыю Першай сусветнай найбольш эмацыянальна перадаюць успаміны сведкаў, якія апынуліся ў цэнтры той вогненнай ваеннай віхуры. Вядомы каталіцкі святар і наш зямляк Міхал Сапоцька свае ўражанні ад наведвання 14(27) верасня 1915 года Мураванай Ашмянкі занатаваў наступным чынам: «У Ашмянцы знайшоў вялікае зруйнаванне: плябанія апустошаная, дзверы, вокны павыдзіраныя, унутры мэбля паламаная, зямля зрытая снарадамі, якія густа падалі каля касцёла і плябаніі, аднак сцен не пашкодзілі.

Тутэйшы ксёндз (Л. Клюк- Ул.П.) са службай і роднымі на працягу трох дзён сядзеў у акопах пад градам рускіх і нямецкіх куль. Перад адступленнем ар’ергард казакоў зрабіў страшнае спусташэнне, пагражалі смерцю ксяндзу і яго родным, калі не дадуць грошай. Мусіў бядак аддаць апошнія 80 рублёў, з якіх пакінулі яму толькі на пражытак. Пайшлі паглядзець на поле бітвы: акопы рускіх фундаментальныя, каля іх безліч слядоў ад узрываў снарадаў. Нямецкія акопы да атакі менш практычныя; каля іх некалькі магіл са свежымі слядамі людской крыві.

Газета 10 Арміі

Назаўтра, вяртаючыся дамоў (на той час служыў М.Сапоцька ў Табарышскім касцёле-Ул.П.), убачыў на касцёльным муры аб’яву аб пакаранні смерцю некага Маркоўскага за абрыў тэлефонных правадоў. На другі дзень наведаў нас ксёндз-дэкан, які расказаў аб жудасных здзеках над раненымі, прывезенымі з-пад Клявіцы, у яго на плябаніі».

Напэўна, гэтыя « жудасныя дзеянні» адносіліся да рускіх салдат, якія былі паранены ў час баёў пад Клявіцай. Менавіта ў той мясцовасці адбылося адно з самых моцных супрацьстаянняў на Ашмяншчыне. Пра гэта сведчыць не толькі нямецкі вайсковы могільнік пад Доржамі, але і падрабязнае апісанне аперацыі ў нямецкай гісторыі 333 пяхотнага палка. Ход баёў з 20 па 22 верасня 1915 года вылучаны ў асобны раздзел пад назвай «Слабодка», бо ў наваколлях гэтай неіснуючай сёння вёскі працягваліся некалькі дзён крывавыя ваенныя падзеі. На васьмі старонках кнігі пададзена падрабязная храналогія жахлівых баёў і колькасць ахвяраў, расказваецца аб мужнасці рускіх вайскоўцаў.

Да канца верасня ўся тэрыторыя Ашмянскага краю была захоплена кайзераўскім войскам. Лінія расійска-нямецкага фронту з кастрычніка 1915 года пралягла па суседняй Смаргоншчыне і Валожыншчыне. Пачалося гаротнае жыццё пад прэсам акупацыі.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

НА ЗДЫМКУ: газета 10-й германскай арміі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *