Прадстаўнікі славутага роду Агінскіх на Ашмянскай зямлі

Главное

Сёлетні год ЮНЕСКА абвясціла Годам Агінскага, а святкаванне 250-гадовага юбілею з дня нараджэння выдатнага кампазітара, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча ўключыла ў Каляндар памятных дат. Гэтай даце прысвечаны шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на ўзнаўленне, захаванне і папулярызацыю матэрыяльнай і духоўнай спадчыны выдатнай асобы. Сярод іх значацца музыкальныя і тэатральныя фестывалі, мастацкія пленэры і семінары, выпуск дастаткова шырокай нотнай спадчыны аўтара знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай”.

Урачыстасці па ўшанаванні памяці Міхала Клеафаса Агінскага пройдуць як у Беларусі, так і за яе межамі, таму што ён узбагаціў сваёй дзейнасцю культурную прастору Літвы, Расіі, Польшчы, Італіі і іншых краін. Асноўныя мерапрыемствы запланавана правесці ў верасні бягучага года ў поўнасцю адрэстаўрыраванай сядзібе Агінскага ў Залессі, у знакавым месцы колішняга Ашмянскага павета. У жыхароў нашага раёна таксама ёсць нагода далучыцца да юбілейнай даты і прыгадаць тыя ашмянскія паселішчы, якія былі звязаны з жыццём і дзейнасцю некаторых прадстаўнікоў славутага роду.

Як вядома (аб чым сведчыць не адна пісьмовая крыніца), дзед кампазітара князь Тадэвуш Агінскі (1712-1783) даволі працяглы час выконваў абавязкі ашмянскага старасты. У 1739 годзе, у час нарады сената, кароль надае яму староства, а да пасады пісара далучае тытул палкоўніка яго каралеўскай вялікасці. Тадэвуш Агінскі 2 мая 1740 года склаў прысягу ашмянскаму суддзі Барановічу (падрабязны вопіс гэтай падзеі падаў “Кур”ер Польскі”). Узбагацілі бібліяграфію «ўваходу ў ашмянскі суд» яшчэ два панегірыкі.

Вясной 1757 года бацька кампазітара Андрэй Агінскі (1740-1787) пераймае правы на ашмянскае староства, а 4 лістапада 1757 года змяняе Т.Агінскага ў наглядзе за Ашмянскімі сеймікамі. Князь А. Агінскі выконваў абавязкі галоўнай службовай асобы мясцовага самакіравання да 1763 года.

Крычынскія ў Гарэцкаўшчыне 1939

Другой мясцовасцю, якая ўжо ў міжваенны час мінулага стагоддзя была злучана з Агінскімі, з’яўляецца Мураваная Ашмянка. Менавіта з ёю, а дакладней са старадаўнім мясцовым маёнткам, звязваюць сваё жыццё нашчадкі Міхала Клеафаса Агінскага па лініі яго сына Тадэвуша Антонія Агінскага (1798-1844). Пасля Першай сусветнай вайны ў гэтай мясціне пачынаецца сямейнае жыццё прапраўнучкі кампазітара графіні Адэлаіды Любенскай. Пра яе вядома некалькі фактаў. Нарадзілася Адэлаіда, на мясцовы лад Адэля, 7 снежня 1894 года ў маёнтку Вялікая Глуша, які належаў яе маці Марыі Казіміры Красіцкай — праўнучцы М.К.Агінскага. Пасля бурнага рамана з сямейным настаўнікам Вацлавам Загорскім выходзіць за яго замуж і атрымлівае ў пасаг Мураваную Ашмянку і чыншавую камяніцу ў Вільні. У шлюбе нараджаюцца дачка Зоф’ я і два сыны — Ежы і Ян Загорскія, якія праводзяць тут дзіцячыя гады, атрымліваюць пачатковую адукацыю, а пасля наведваюць мураванашмянкоўскі маёнтак у летнія часы. Па ўспамінах старажылаў, прыязджалі яны сюды ў гады ваенных ліхалеццяў, калі сядзіба ўжо была знішчана пажарам. Усе дзеці Загорскіх прынялі ўдзел у Другой сусветнай вайне, змагаліся ў складзе Арміі Краёвай і загінулі ў час ваенных дзеянняў. На іх згасла гэтая галіна ў радаводным дрэве Агінскіх.

Сямейнае жыццё Адэлаіды Загорскай з часам не заладзілася. Магчыма, з той прычыны, што муж кепска вёў гаспадарку, прызвычаіўся да гульні ў карты. Паступова вялікая зямельная маёмасць у амаль 600 гектараў пачала перадавацца ў арэнду. Пасля разрыву з Вацлавам Загорскім яна выходзіць у другі раз замуж за шырокавядомага грамадска-культурнага дзеяча руху мусульман міжваеннай Польшчы, віцэпракурора касацыйнага суда Альгерда Крычынскага.

Мужава Гарэцкаўшчына ў летнія часы становіцца наступнай ашмянскай мясцінай, з якой звязваецца жыццёвы лёс Адэлаіды. У 1938 годзе ў іх сям’і нараджаецца сын Сялім, які ў далейшым стаў актыўным дзеячам аб’яднання польскіх татар. З 1939 па 1941 год Адэлаіда выкладала французскую і рускую мовы ў дзясятай польскай гімназіі, пражывала ў Вільні ва ўласным доме па вуліцы Універсітэцкай. Пасля вайны па рэпатрыяцыі выехала ў Польшчу, жыла ў горадзе Гожув Велькапольскі, дзе і памерла 11 лістапада 1979 года.

Апошнім уладальнікам залескай сядзібы з роду Агінскіх быў прапраўнук адной з дачок кампазітара Генрых Высоцкі. У 20-х гадах мінулага стагоддзя ён назаўсёды развітаўся з «прыстанкам муз» у Залессі. Што цікава, амаль адначасова Мураваная Ашмянка прытуліла ў сябе іншых нашчадкаў славутага роду, якія сталі ў міжваенны час і ў гады Другой сусветнай вайны апошнімі прадстаўнікамі роду Агінскіх ў нашым краі. Такім чынам была запісана яшчэ адна адметная старонка ў гісторыі вядомай ашмянскай мясціны.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *