У Гальшанах адкрылася фестывальная скарбніца

Культура

“Гальшаны… Мястэчка ў Беларусі ёсць, прыгожае, як слуцкі пояс тканы” ─  пісаў у сваім вершы былы вучань школы Мікалай Бразоўскі. Сапраўды, ёсць нешта прывабнае ў гэтай гістарычнай мясціне. Гальшаншчына прыцягвае да сябе людзей таямнічасцю, аўтэнтычнасцю, цудоўнымі паданнямі і легендамі. Невыпадкова, што менавіта тут ужо шосты раз праходзіць фестываль “Гальшанскі замак”.

Гольшанский замок 2015

Сёлета старадаўняму мястэчку Гальшаны споўнілася 735 гадоў, родапачынальніцы каралеўскай дынастыі Ягелонаў Соф’і Гальшанскай ─ 610 гадоў, а замку ─ 405 год з моманту яго ўзвядзення. Менавіта гэтыя даты Гольшанский замокаб’ядналі жыхароў і гасцей Гальшаншчыны на фестывалі. Здаецца, што час тут спыняецца, застываюць перад вачыма імгненні, здаецца, на месцы цаглінак з’явіцца буйны палац, у пышным строі выйдзе ўладальнік мястэчка Павел Сапега, каб павітаць сваіх гасцей і запрасіць у вялікую залу, дзе пад музыку раяля ўжо танцуюць дамы са сваімі кавалерамі…

Пачалося свята з касцюміраванага шэсця ўдзельнікаў фестывалю: услед за рыцарамі на конях з цэнтральнай плошчы ў бок руінаў замка пайшлі і ўдзельнікі фестывалю.

Адразу ўвагу гасцей Гальшан прыцягнулі да сябе рыцары. Звон мячоў, рыцарскай кальчугі і стрэлы з сярэднявечных гармат – сапраўдныя баталіі разгарнуліся тут.  Вялікую цікавасць выклікалі конныя і рыцарскія турніры, бугурты ў выкананні конна-спартыўнага клуба “Залатая шпора”. Апранутыя ў даспехі Гольшанский замок (2)рыцары паказвалі, як умеюць карыстацца кап’ём, мячом і стрэламі, скакаць на кані і заваёўваць сэрца дзяўчыны. Незвычайным было і выступленне гродзенскага клуба славянскіх адзінаборстваў “Арыдан”.  Нават дождж, які наляцеў невядома адкуль, не змог спыніць рыцарскія турніры. Зачараваныя гэтым відовішчам людзі не спяшаліся хавацца пад парасоны.

Упершыню адбылося выступленне вулічнага тэатра “Вір”, які паказаў спектакль па карціне “Карабель дурняў” нідэрландскага мастака Іераніма Босха. Пасля ўсіх жадаючых артысты вучылі хадзіць на хадулях.

Вакол замчышча раскінулі свае гандлёвыя палаткі народныя майстры са сваімі непаўторнымі вырабамі. На фестывалі можна было паспрабаваць беларускія нацыянальныя стравы, паласавацца кандытарскімі вырабамі мясцовых гаспадынь, набыць сувеніры ў народных умельцаў, што з’ехаліся амаль з усёй Беларусі. Плеценыя з лазы кошыкі, драўляны посуд, карціны мясцовых мастакоў, мяккія цацкі, лялькі, посуд з гліны – усё гэта кожны з прысутных мог набыць на памяць аб фестывалі. Таксама ў гэты святочны дзень гледачы маглі пастраляць з лука, апрануцца ў даспехі рыцараў, пакатацца на кані і навучыцца сярэднявечным танцам.Гольшанский замок (3)

Гледачоў сабраў майстар-клас па сярэднявечных і шатландскіх танцах, які правялі ўдзельнікі танцавальнага калектыву “Soleil”. Дзякуючы ім, можна было спаўна адчуць настрой сярэднявечнай эпохі.

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прадставіў фрагменты са сваіх найбольш вядомых спектакляў. А вечарам музычныя гурты “Літы талер”, “Дзівабор” і “PAWA” падарылі ўсім прысутным свае лепшыя песні  і добры настрой. Каля сцэны ўсе танцавалі і весяліліся разам з дзяўчатамі і хлопцамі з танцавальнага гурту “Soleil”.

Завяршыла фестываль вогненнае прадстаўленне вулічнага тэатра “Вір”. Удзельнікі калектыву выконвалі розныя акрабатычныя рухі, круцячы ў руках з дзясятак палаючых факелаў.

Ноччу поўня асвятляла руіны замка, надавала яму былую веліч і славу… Фестываль “Гальшанскі замак” дае надзею на тое, што памяць аб мястэчку і родапачынальніцы каралеўскай дынастыі Ягелонаў Соф’і Гальшанскай будзе жыць яшчэ не адно стагоддзе.

695 552

Уражаныя святам госці пачалі разыходзіцца. Арганізатары паабяцалі, што ў наступным годзе гасцей чакаюць новыя сюрпрызы і яшчэ больш разгорнутая праграма з новымі ідэямі. Таму збірайцеся на гальшанскай зямлі і адкрывайце фестывальную скарбніцу разам.

Кацярына РУДЗІК.

Фота і відэа Аляксандра НАУМЧЫКА.

584886

913860

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *