У сям’і педагогаў Ашмяншчыны — папаўненне

Образование

Сёлета педагагічная сям’я раёна папоўнілася 44 маладымі настаўнікамі і выхавацелямі.

IMG_1872

 

Памяць – дзіўная рэч. Увесь час нешта адшукваеш у яе запасніках: падзеі, людзі, краіны, сустрэчы, расстанні… Як пейзажы за акном цягніка, змяняюць адзін адно жыццёвыя эпізоды. Безумоўна, нешта знікае бясследна, сціраецца, адыходзіць у нябыт. А штосьці, наадварот, так засядае ў галаве, што і сярод ночы разбудзі — узгадаеш да самай драбніцы. Больш такіх карцінак нам дорыць дзяцінства. Менавіта адтуль памяць шле нам часцей за ўсё свае прывітанні.

Вось і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Кучынская падчас віншавання маладых настаўнікаў на штогадовай урачыстасці з нагоды ўручэння працоўных кніжак узгадала, здавалася б простую рэч, адзначыўшы, што імёны сваіх першых, а таксама любімых настаўнікаў мы праносім праз усё жыццё.

І адразу перад вачыма паўстала наша невялічкая драўляная школа, што патанала ў квецені аксамітак і петуній, утульны клас у канцы калідора і Аляксей Георгіевіч Каральчук, першы настаўнік, узор інтэлігентнасці і адданасці педагагічнай прафесіі, дзякуючы якому я пайшла вучыцца ў Лідскае педагагічнае вучылішча…

Шчыра верыцца, што і маладых педагогаў, якія папоўнілі вялікую настаўніцкую сям’ю Ашмяншчыны ў гэтым годзе, будуць памятаць іх выхаванцы, на іх будуць раўняцца і не зважаючы ні на што, захочуць стаць прадаўжальнікамі іх высакароднай справы.

IMG_1861

Галоўны спецыяліст па рабоце з кадрамі аддзела адукацыі Тамара Сахарчук на працягу двух жнівеньскіх тыдняў сустракала маладых спецыялістаў, уладкоўвала іх на працу ва ўстановы адукацыі раёна, знаёміла з новымі калектывамі, якія гасцінна прынялі ў сваю сям’ю 44 маладыя настаўнікі і выхавацелі. Большасць з іх – пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў: Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Баранавічскага дзяржаўнага ўніверсітэта. 14 спецыялістаў маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Яны былі размеркаваны ў наш раён пасля заканчэння Лідскага і Ваўкавыскага педкаледжаў, а таксама Гродзенскага гуманітарнага каледжа.

Сёлетняе размеркаванне ў чарговы раз пацвярджае, што педагогіка па-ранейшаму з’яўляецца жаночай прафесіяй: сярод маладых настаўнікаў толькі два мужчыны. У мінулым годзе, дарэчы, іх было больш – ажно восем спецыялістаў-мужчын прыбылі ў раён. Сёлета 27 маладых педагогаў маюць мэтавае накіраванне, а гэта значыць, што на педагагічнай ніве Ашмяншчыны ім прыйдзецца працаваць як мінімум 5 год. Радуе той факт, што амаль 78 працэнтаў настаўнікаў і выхавацелеў – ураджэнцы нашага раёна, а гэта дае надзею на тое, што яны застануцца на радзіме, а не раз’едуцца пасля абавязковай адпрацоўкі. Большасць педагогаў распачне сваю працоўную дзейнасць ва ўстановах адукацыі горада (61, 4 працэнта). Калі аналізаваць маладое папаўненне з боку прафесійнай прыналежнасці, то 9 з іх маюць дыпломы з дашкольнай адукацыяй, значная колькасць размеркавана да нас псіхолагаў — ажно 7, настаўнікаў замежнай мовы — 5. А вось настаўнік матэматыкі, у якіх адчуваецца недахоп па ўсёй рэспубліцы, прыйшоў да нас толькі адзін.

Аб тым, што маладым педагогам у нашым раёне заўсёды рады, сведчыць традыцыйнае ўрачыстае ўручэнне працоўных кніжак з запрашэннем кіраўніцтва раёна. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Тамара Сахарчук заўсёды імкнецца да таго, каб зрабіць гэта мерапрыемства сапраўдным святам, падчас якога моладзі было б утульна і спакойна, каб педагогі з першых дзён працоўнай дзейнасці адчулі сябе патрэбнымі ў сістэме адукацыі раёна.

Знаёмства з Ашмяншчынай было вырашана распачаць наведваннем краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча, куды і накіраваліся маладыя спецыялісты. З гісторыяй Ашмянскага краю, са слыннымі людзьмі нашай зямлі шаноўных наведвальнікаў пазнаёміла навуковы супрацоўнік музея Вольга Вінцаловіч.

А затым перад маладымі педагогамі гасцінна расчыніла дзверы гарадская гімназія №1. У  святочна прыбранай актавай зале гэтай установы яны прымалі віншаванні ад старшыні райвыканкама Міраслава Сарасека, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Кучынскай, начальніка аддзела адукацыі Святланы Баркоўскай, галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі Тамары Сахарчук, дырэктара гімназіі №1 Вольгі Саванец, а таксама гімназістаў, якія падарылі сваім гасцям музычныя падарункі.

Больш блізкае знаёмства з маладымі педагогамі адбылося праз дэманстрацыю іх талентаў, сабраных на выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці, у якой прынялі ўдзел работы выхавацеля дзіцячага садка №6 Марыны Шэўчык і яе калегі Веранікі Ціхончык, сацыяльнага педагога сайыяльна-педагагічнага цэнтра Анастасіі Сухажэўскай, настаўніцы пачатковых класаў Гальшанскай СШ Анжалікі Чуйко. А вось педагог-псіхолаг ясляў-сада №3 Вікторыя Бізукойць прадэманстравала кулінарныя здольнасці: спякла торт у выглядзе працоўнай кніжкі з пажаданнем да сваіх маладых калег. Настаўніца музыкі Анастасія Шукяловіч прывітала прысутных песняй. Разважаннямі аб сваім прафесійным выбары падзяліліся настаўніца нямецкай мовы Гальшанскай СШ Сабіна Чымбар, настаўнік гісторыі Граўжышкоўскага НПК Аляксей Акінча, настаўніца пачатковых класаў СШ №1 Вікторыя Шынкевіч, настаўніца англійскай мовы СШ №3 Лізавета Камінская.

Парады маладым настаўнікам як з найменшымі цяжкасцямі і хутчэй адаптавацца на новым рабочым месцы дала педагог-псіхолаг СШ №3 Вольга Прасняк.

Разам з працоўнымі кніжкамі, якія ўручылі маладым педагогам старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек і начальнік аддзела адукацыі Святлана Баркоўская, настаўнікіам былі падораны штотыднёвікі ад прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Яшчэ адной старонкай святочнага мерапрыемства стала прэзентацыя Кнігі славы педагогаў Ашмяншчыны, адзін з раздзелаў якой пад назвай “Маладосць. Талент. Перспектыва” прысвечаны маладым настаўнікам. Пакуль у віртуальную кнігу занесены толькі чатыры прозвішчы: Марты Мацкевіч (Барунскі ВПК), Вікторыі Місюта (гімназія №1), Наталлі Станчык (СШ №2) і Вольгі Ярошка (СШ №3). У кнізе шмат вольных старонак: там заўсёды знойдзецца месца для тых, хто будзе аддана служыць сваёй прафесіі, імкнуцца да самаўдасканалення, расці і развівацца.

 

Вучыцца і расці разам з вучнямі

 Маладыя, творчыя, крэатыўныя настаўнікі і выхавацелі, якія прыйшлі на працу ва ўстановы адукацыі нашага раёна, ужо пазнаёміліся з калектывамі, а некаторыя і са сваімі выхаванцамі. Наперадзе іх чакае нялёгкае, але цікавае і насычанае жыццё. І толькі ад іх залежыць, якімі настаўнікамі яны стануць, наколькі запатрабаванымі будуць у сваёй прафесіі, які след пакінуць у сэрцах сваіх вучняў.

Аляксей Акінча, настаўнік гісторыі Граўжышкоўскага ВПК:

IMG_1880-Крыху хвалююся перад першай сустрэчай са сваімі вучнямі. Якой яна будзе? Як успрымуць мяне дзеці? Задаю сабе гэтыя пытанні і веру, што мы абавязкова станем сябрамі. Пры гэтым не пакідае пачуццё вялікай адказнасці за выхаванне і навучанне падрастаючаючага пакалення. У многім менавіта ад мяне залежыць, якім яно стане у будучым. Мне, як настаўніку гісторыі, вельмі хочацца, каб вучні любілі і шанавалі родны край, не толькі ганарыліся яго слаўнай гісторыяй, але і вывучалі яе. Тут шмат будзе залежаць і ад мяне, ад майго ўмення цікава падаць матэрыял, дапамагчы разабрацца у спрэчных пытаннях гісторыі. Ведамі, якія я набыў у вышэйшай навучальнай установе, буду шчыра дзяліцца са сваімі вучнямі і прыкладу ўсе намаганні, каб адпавядаць ідэалу настаўніка. А для гэтага не трэба спыняцца ў сваім развіцці, неабходна ўвесь час самаўдасканальвацца і любіць сваю прафесію і дзяцей.

Лізавета Камінская, настаўніца замежнай мовы СШ №3:

— Выкладаць замежную мову я буду ў школе, у якой калісьці вучылася сама. Аднак я ўжо не вучаніца, а IMG_1875настаўніца, і мая задача заключаецца ў тым, каб дапамагаць і накіроўваць вучняў, вучыць іх самастойна знаходзіць адказы на шматлікія пытанні як па маім прадмеце, так і па складаным прадмеце з назвай “жыццё”. Мне, як настаўніку, безумоўна, важна, каб вучні любілі і ведалі англійскую мову, аднак не трэба забывацца і пра свае карані. Ад кожнага з нас, а не толькі ад настаўнікаў беларускай мовы залежыць, як будзе развівацца родная мова, як актыўна яна будзе ўваходзіць у паўсядзённы ўжытак.

Мы – часцінка сваёй Радзімы пад прыгожай назвай Беларусь, носьбіты сваёй багатай культуры, мовы і традыцый. Разам са сваімі вучнямі мы будзем ісці наперад, спасцігаць новыя веды, імкнуцца да таго, каб краіна наша квітнела і развівалася.

Віялета Смагур, выхавацель дзіцячага садка №7:

IMG_1884Калі я пераступіла парог дзіцячага садка і сустрэлася з дапытлівымі вачыма сваіх выхаванцаў, адчула, што, нават не ведаючы гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак, праніклася да іх шчырым і цёплым пачуццём. Разам з бацькамі і сваімі калегамі мы зробім усё неабходнае, каб у дзетак было шчаслівае і цікавае дзяцінства. Трывалым падмуркам для дастойнага выхавання маладога пакалення з’яўляюцца нашы слаўныя традыцыі. Важна памятаць нашых дзядоў і прадзедаў, якія змагаліся за светлую будучыню і незалежнасць нашай Беларусі і зрабілі ўсё неабходнае, каб мы жылі пад мірным небам.

Наша задача — навучыць дзетак паважаць старэйшых, цаніць працу сваіх бацькоў і выхавацелеў, клапаціцца аб роднай прыродзе і братах нашых меншых. Мы будзем разам падарожнічаць па роднай краіне, рабіць цікавыя адкрыцці, знаёміцца з дасягненнямі людзей, якія праслаўляюць свой край нястомнай працай. Разам з вучнямі буду вучыцца, расці і развівацца я сама.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *