Школа, у якую хочацца вяртацца. Яўгеній Юргелевіч

Образование

Пралятае лёгкі сняжок, які надае асаблівую прыгажосць гораду. Спяшаюся ў СШ № 3 на гутарку з маладым настаўнікам англійскай мовы Яўгеніем Юргелевічам. Педагог ужо чакае мяне і гасцінна запрашае да патрэбнага кабінета.

— Бачыце, ужо ўпрыгожылі ўстанову да Новага года. У школе мне кожны куток родны — у 2020 годзе выпусціўся адсюль, — расказвае Яўгеній Вітальевіч. — Прыемна, што сёння працую з педагогамі, якія некалі мяне вучылі. Адчуваецца падтрымка, былыя настаўнікі прынялі мяне як кампетэнтнага калегу.

Малады педагог скончыў філалагічны факультэт БДУ. Мэтавае накіраванне дало магчымасць вярнуцца ў свой раён. Яўгеній лічыць, што рэалізоўвацца ў прафесійным плане патрэбна менавіта на маленькай радзіме. Тады гэта прынясе свае плёны.

— Прызнаюся, што “сяб-­роўства” з дакладнымі дысцыплінамі ў мяне не задалося, а вось прадметы гуманітарнага цыклу даваліся лёгка і выклікалі цікавасць. Калі вучыўся ў сярэдніх класах, вырашыў, што звяжу сваё жыццё з філалагічным кірункам, — прыгадвае малады настаўнік.

Праз некалькі хвілін адпраўляемся на ўрок англійскай мовы ў 9 “Б” клас. Лёгкай і ўпэўненай хадой Яўгеній Вітальевіч заходзіць у клас, вітае вучняў. Змяняюцца віды дзейнасці, вучні актыўна ўключаюцца ў працу, даюць разгорнутыя адказы. Пасля ўрока педагог прызнаецца:

”— Усё пачынаецца з дысцыпліны. Калі яе няма на занятках, то не атрымаецца перадаць патрэбныя веды. У першыя месяцы працы адчуваў з гэтым пэўныя цяжкасці. Старэйшыя вучні бачылі ўва мне сябра, а не настаўніка. Аднак я паставіў мэту заваяваць іх аўтарытэт. А яго можна заслужыць толькі праз веданне свайго прадмета, унутраны стрыжань, прафесійную прынцыповасць.

Нягледзячы на знешнюю строгасць, Яўгеній дазваляе сабе пажартаваць, каб “разварушыць” клас на першым уроку, расказаць прытчу або жарт, звязаны з чарговай тэмай. Такі падыход дапамагае сумяшчаць прафесіяналізм і чалавечыя якасці. Гэта дае першыя вынікі. Разам з вучнямі настаўнік падрыхтаваў даследчую працу для абласнога конкурсу “Крыштальная Альфа”, у межах якой былі разгледжаны і прааналізаваны англамоўныя запазычанні ў інтэрнэт-прасторы. Праца была высока ацэнена і ўдастоена дыплома трэцяй ступені. Прыняў удзел таленавіты настаўнік і ў абласным конкурсе “ІТ-майстар”. Яўгеній прызнаецца, што на перамогу тады не разлічваў, аднак па выніках конкурсу быў узнагароджаны дыпломам другой ступені.

— На ўроках актыўна карыстаюся магчымасцямі штучнага інтэлекту. Ён адкрывае новыя гарызонты. На сённяшні дзень існуе безліч праграм для стварэння якаснага матэрыялу, які пасля можна выкарыстоўваць. Заўважыў, што ўрокі з яго выкарыстаннем выклікаюць цікавасць, спрыяюць запамінанню, — дзеліцца вопытам настаўнік.

З цеплынёй пра маладога педагога гавораць і калегі. Калі камп’ютар у кагосьці перастае працаваць належным чынам, то па дапамогу ідуць да Яўгенія. І ён ніколі не адмаўляе.

— Хочацца расці ў прафесійным плане. У мяне ўжо ёсць першыя дасягненні, планую і далей працаваць у гэтым кірунку — займацца самаадукацыяй, удасканальваць якасць урокаў. Бываюць моманты, калі выходжу з урока і выдыхаю з палёгкай: сёння ўсё атрымалася. Некаторы час таму давялося даваць адкрыты ўрок у 8 “А” класе па тэме “Падарожжы”. Актыўна да яго рыхтаваўся, выкарыстоўваў лічбавыя карты, звяртаўся да інтэрактыву. А перад пачаткам вельмі хваляваўся. У выніку ўрок быў высока ацэнены. Я выходзіў з гонарам за сябе і свой першы прафесійны поспех, — дзеліцца ўспамінамі настаўнік.

Яўгеній лічыць, што няма нічога немагчымага, усяго можна дасягнуць, галоўнае — ісці да мэты. Гэты прынцып і дапамагае яму ў жыцці і прафесійнай дзейнасці. На пытанне пра жыццёвую мэту хлопец адказвае проста — у перспектыве ён жадае сустрэць абранніцу і стварыць уласную сям’ю, якая стане для яго важным жыццёвым сэнсам.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *