Сталы ўзрост – час мудрасці і ўспамінаў, а таксама перыяд, калі чалавеку асабліва патрэбна апора: фізічная дапамога, калі ўжо цяжка самастойна спраўляцца са справамі. А часам проста хочацца пачуць добрае слова, пагутарыць, падзяліцца думкамі і ўспамінамі. Менавіта таму важна, каб побач з пажылымі людзьмі былі тыя, хто гатовы працягнуць руку дапамогі – не па абавязку, а па шчыраму закліку сэрца.
Днямі такую дапамогу атрымала Марыя Ягораўна Селядцова – жанчына, якая прайшла праз страшныя выпрабаванні вайны, была вязнем фашысцкіх лагераў. Наведалі яе вучні Гальшанскай школы, якія ўваходзяць у склад валанцёрскага атрада “Мы разам”. Хлопцы і дзяўчаты ўзяліся за справу дружна: ачысцілі двор ад лісця і апалых яблыкаў. Пакуль дзяўчаты старанна зграбалі, хлопцы збіралі лісце. Праца ішла хутка, а настрой, нягледзячы на пахмурнае надвор’е, быў бадзёры.
Марыя Ягораўна, якой ужо складана выходзіць на вуліцу, напякла для дзяцей здобы і пачаставала сваіх памочнікаў. А потым, за цёплай размовай, падзялілася ўспамінамі пра сваё няпростае жыццё і з цікавасцю распытала дзяцей пра іх штодзённасць – вучобу, захапленні, планы. Так валанцёры аказалі не толькі фізічную дапамогу, але і падтрымалі жанчыну добрым словам, падарылі ёй увагу, якой часам не хапае асобам сталага ўзросту.
-У наш атрад уваходзяць дванаццаць хлопцаў і дзяўчат, — расказвае камандзір атрада Таццяна Траццяк. – Мы аказваем дапамогу людзям сталага веку, пенсіянерам, якія працавалі ў школе: наводзім парадак на агародах, прыбіраем прысядзібны ўчастак, расчышчаем снег зімой. Гэта становіцца не толькі агульнай справай, а ўрокам дабрыні і павагі да тых, хто побач.
Такія візіты з’яўляюцца яскравым прыкладам таго, што сапраўдная дапамога складаецца з дробязей: з простай гутаркі, з маленькай дапамогі і шчырай усмешкі. І вельмі хочацца, каб такіх дробязей было як мага больш.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.




