Па сельскую экзотыку — у «Лілію»!

Главное

Тых, хто стаміўся ад гарадскога вірлівага жыцця, ад гулу аўтамабіляў, выкіду выхлапных газаў, ад стаяння ў чарзе, каб штосьці набыць да вячэры, ад цікаўных позіркаў.., запрашае аграсядзіба «Лілія», што ў Берніках. Тут вы сапраўды адпачнеце душой.

Вы калі-небудзь адчувалі водар свежага хлеба? Не, не таго — няхай сабе і сённяшняга, што прынеслі з крамы… Водар жытняга бохана, спечанага ў сапраўднай рускай печы, на дубовым або кляновым лісці, а папярэдне старанна замешанага ў дзежцы і «выпешчанага» гаспадыняй — каб хлеб атрымаўся, патрэбны ўменне, стараннасць і час.


Гэты водар запаўняе ўсю хату і праз вокны і дзверы рвецца на вуліцу. У кожным акрайчыку такога каравая — любоў і добразычлівасць гаспадыні, цеплыня яе рук, часцінка душы. Ну як не пранікнуцца павагай да чалавека, які і сёння, калі амаль усё можна набыць у краме, захоўвае даўнейшыя беларускія традыцыі?!

А традыцыі, якія хочацца працягваць, у Ліліі Уладзіміраўны, гаспадыні аграсядзібы ў Берніках, не абмяжоўваюцца выпечкай хлеба. Ва ўсёй кухні яна, повар па прафесіі, прытрымліваецца спрадвечных беларускіх рэцэптаў, якімі заўсёды слыла вёска. Магчыма, менавіта таму сюды так ахвотна едуць турысты (каля тысячы чалавек у год прымаюць Янушкевічы). Іх ужо не здзівіш заморскімі курортамі, пяцізорнымі гатэлямі, а вось беларуская экзотыка падабаецца многім.

Гасцей тут сустракаюць не толькі хлебам-соллю, але і дамашнімі блінамі, гарбатай на травах, сонечным падарункам пчол… Частуюцца наведвальнікі аграсядзібы і скрылікамі духмянага сала, паляндвіцай, вяндлінай, «пальцам піханай» каўбаскай, якіх не знойдзеш ні на адной паліцы магазіна. А зеляніну, што ўдосталь расце ў агародзе, зазначае маці Ліліі Настасся Іванаўна, ядуць цэлымі вехцямі. «Ды і на здароўе!» — шчыра ўсміхаюцца гаспадары.

Натуральныя прадукты – мёд, каўбасу, яйкі, канечне ж хлеб ці пірог – госці Ліліі Уладзіміраўны вязуць з сабой у горад, каб там, за сталом у сваім шматпавярховіку, частуючы сяброў, успомніць гасціннасць гаспадароў «Ліліі» (так называецца сядзіба), прыгадаць прыгажосць мясцовых краявідаў, цішыню і спакой, якімі дыхаюць клёны, яблыні, шматлікія насаджэнні.

Дарэчы, гэтую размеранасць і няпешнасць сельскага жыцця ацанілі і насельнікі лесу: акрамя асмялеўшых зайцоў, што, надараецца, зазірнуць на градку, каб паласавацца морквай ці ўвабраўшайся ў моц капустай, часам можна ўбачыць агністую прыгажуню-лісу і нават амаль бяспечнага для чалавека янотавіднага сабаку, які таксама блукае ў пошуках корму. У Берніках кожны чуў пранізлівае курлыканне журавоў, а вось характэрны рытуальны танец гэтых шэрых прыгажуноў, што абвяшчае пачатак шлюбнага перыяду, шчасціць убачыць нямногім. Таінства ўсё ж!

Мужчынам, якія аблюбавалі вясковы адпачынак у «Ліліі», сапраўдную асалоду прыносіць і яшчэ адзін занятак — рыбалка. Не столькі той улоў клапоціць валадароў вуды, колькі магчымасць застацца вось так, сам-насам са сваімі думкамі і марамі, падслухаць якія могуць хіба што невялічкія карасікі і акуні, што час ад часу трапляюць на кручок, ды конікі, што наперабой стракочуць у высокай траве.

Для кабет з дзецьмі, якім надакучыла бавіць час з гаспадарскім званочкам Жучком (для парадку ўсіх чужых ён сустракае залівістым брэхам, а пасля лашчыцца ля рук і шукае ўвагі), фатаграфавацца з трусамі і глядзець на іншых насельнікаў хлява, няма лепшай справы, як адправіцца па пахучыя суніцы, чарніцы, маліны. Пешыя прагулкі падабаюцца не ўсім, але і на ўчастку Лілііі Уладзіміраўны з лёгкасцю можна знайсці ласунак — чырвоныя і чорныя парэчкі, алычу, ажыну, яблыкі, грушы, чорную рабіну, увесну – спатоліць смагу бярозавым ці кляновым сокам…

Увосень аматары ціхага палявання вяртаюцца з лесу з поўнымі кошыкамі крамяных баравікоў і чырвонагаловікаў, прыгажуняў-лісічак і крэпенькіх сыраежак. Пасля некалькіх гадзін у лесе, а тым больш у зімовую сцюжу, вельмі дарэчы выпаленая лазня. Тут у кожнага свае правілы і метады: хтосьці абавязкова прыхопіць бярозавы ці дубовы, а можа нават і ядлоўцавы венік, нехта — настой траў, у якіх не адчуваецца недахопу, а экстрэмалы з задавальненнем чаргуюць гарачую парыльню са снежнымі сумётамі. Гэта ўжо як каму здароўе дазваляе!

Канечне, здараюцца для гаспадароў сядзібы і «зацішныя» дні, калі турыстаў няма, а без іх, здавалася б, і клопатаў аніякіх. Але гэта толькі на першы погляд. На самой справе сядзець Ліліі і яе мужу Міхаілу, а таксама маці Настассі Іванаўне і яе мужу Леаніду Андрэевічу няма калі: трэба займацца агародам, цяпліцамі, садам (жартачкі, апрацаваць каля пяцідзесяці сотак зямлі!), даглядаць скаціну, дбаць пра пчол, што знаходзяць прытулак у трыццаці вуллях. Нельга забывацца і на зімовыя нарыхтоўкі — традыцыйныя агуркі з памідорамі, квашаную капусту, грыбочкі, сокі і нават сваё дамашняе віно, якое спрабуюць атрымліваць не толькі са сліў, яблыкаў, алычы, але і з кабачкоў.

Гаспадарскай рукі і пастаяннага догляду патрабуюць і самі хаты — іх тут дзве, і тая ж лазня, і кожны куточак на ўчастку. Трэба і валейбольную пляцоўку глядзець, на якой госці так любяць бавіць час, і альтанкі абнаўляць. Дарэчы, пад камышовай страхой з задавальненнем хаваюцца і ад летняй спёкі, і ад моцных ліўняў.  Стосам падушак аж пад самую столь, чаго ўжо амаль не ўбачыш нават у вясковых дамах, сустракаюць сваіх начлежнікаў невялічкія ўтульныя пакоі. Перабіранкі, вышыўкі, а на покуці абавязкова абразы напамінаюць, што менавіта так жылі нашы бабулі і дзядулі — канечне ж, без плазменных тэлевізараў і водаправоду. Але час патрабуе!

Сваю сельскую ідылію старэйшыя і маладзейшыя гаспадары час ад часу ўсё ж пакідаюць, хаця і па чарзе — знаходзяць час на адпачынак.

Задумаў, прызнаюцца гасцінныя ўладальнікі сядзібы, хапае. У першую чаргу плануюць пашырыць кухню і залу, увесці элементы турэцкай лазні ў парыльню. Ніколі не перастаюць збіраць прадметы народнага побыту, бо «шкада, што ўсё гэта знікае».

Гледзячы на тое, як змянілася «Лілія» за пяць год — сёлета яна адзначыла свой маленькі юбілей, — можна быць упэўненым, што ў яе шчырых і руплівых гаспадароў усё атрымаецца, а наведвальнікі сядзібы будуць пакідаць гэты ціхі маляўнічы куточак заўсёды з добрым настроем.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



2 комментария по теме “Па сельскую экзотыку — у «Лілію»!

  1. яки сэнс? няужо нельга тэлефон гаспадыни надрукаваць. як и раней-канстатавали факт што есць сядзиба и сядзи гартай тэлефонны даведник у пошуках кантакта. нумар кали ласка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *