Марына Гайдукевіч: “Трэба выхоўваць не толькі дзяцей, але яшчэ і саміх сябе”

Образование

Жанчына. Зазвычай у яе шмат роляў: матуля, жонка, гаспадыня, сяброўка. Жанчыны, якія займаюць дырэктарскую пасаду, складаюць асаблівую кагорту: на іх плечы ўскладзена велізарная адказнасць за калектыў і кожнае прынятае рашэнне. Такія жанчыны не дазваляюць сабе быць слабымі, няўпэўненымі. Яны ўмеюць ставіць канкрэтныя мэты і дасягаць іх.

Менавіта такімі якасцямі валодае Марына Гайдукевіч, дырэктар Гальшанскай сярэдняй школы. Хто ўпершыню аказваецца ў Гальшанах і трапляе на прышкольную тэрыторыю, зазначае, што такой разнастайнасці кветак і дэкаратыўных кустоў яшчэ не бачыў нідзе. Прыгажосць і гармонія бачны ва ўсім: у каваных вазаніцах, у сціплых каляровых клумбах і алейцы, якая вядзе да школы. Вучні змалку прызвычайваюцца да эстэтыкі і прыгажосці. Цікавым з’яўляецца і той факт, што ўсе кветкі і кусты вырошчваюцца ўласнымі сіламі. На працягу некалькіх год у школе існуе бізнес-кампанія Flores. Тут вырошчваюцца кветкі, расада капусты, таматаў і перцаў, а таксама дэкаратыўныя дрэўцы і кустарнікі.

— Я вельмі люблю кветкі і кусты. Каля свайго дома высаджваю розныя віды раслін. Зімой пачынаю абдумваць, якімі раслінамі ўпрыгожу свой прысядзібны ўчастак. Кветкі ў нашым двары паўсюль: на вокнах, у плеценых і каваных вазаніцах, уздоўж дома. Наш падворак пастаянна ўдзельнічае ў конкурсе на лепшы прысядзібны ўчастак. Не стаў выключэннем і гэты год. У 2018 годзе я стала дырэктарам Гальшанскай школы. Сама не заўважыла, як гэта мая звычка ўпрыгожваць уласны ўчастак перайшла і на школьную тэрыторыю. Яна ў нас дастаткова вялікая, таму ёсць дзе разгарнуцца. Вясной прадукцыя нашай кампаніі карыстаецца надзвычайным попытам: кветкі купляюць навучальныя ўстановы нашага раёна, сельсавет, розныя прадпрыемствы і арганізацыі. Вельмі важна, што да працы далучаны дзеці. Для іх гэта добрая практыка. Уменні, набытыя праз працу ў цяпліцах, абавязкова прыдадуцца ў далейшым жыцці.

Па спецыяльнасці Марына Віктараўна з’яўляецца настаўніцай пачатковых класаў. Сваю прафесійную дзейнасць жанчына пачынала ў Доргішках. З настальгіяй і замілаваннем яна прыгадвае той час і сваіх першых вучняў, якія выраслі і сталі прыстойнымі і выхаванымі людзьмі. Сапраўдным прыкладам адданасці і вернасці сваёй справе для яе стаў бацька Віктар Іванавіч, які быў настаўнікам гісторыі і замежнай мовы. Яго родная сястра Соф’я Іванаўна працавала настаўніцай пачатковых класаў. З дзяцінства Марына Гайдукевіч была ў школьным віры: назірала за падрыхтоўкай да ўрокаў, праверкай сшыткаў і іншымі цікавымі момантамі. І ўжо тады ў яе душы зарадзілася жаданне стаць настаўніцай, якое яна паспяхова рэалізавала. Ігар Каралевіч, родны брат Марыны Віктараўны, таксама абраў настаўніцкую сцяжыну і зараз працуе ў Гальшанскай школе. У тым жа калектыве на працягу доўгіх год працуюць стрыечныя сёстры Людміла і Таццяна. Яшчэ адна сястра, Валянціна, ўзначальвае школу ў Граўжышках. Дачка Марыны Віктараўны працуе настаўніцай замежнай мовы, а пляменніца Галіна выкладае музычныя дысцыпліны ў школе мастацтваў. Такім чынам, педагогіка стала справай цэлай дынастыі і аб’яднала тры пакаленні.

— Ніколі не думала, што буду дырэктарам школы, але лёс вырашыў па-іншаму. Трэба зазначыць, што маёй апорай з’яўляецца калектыў. У школе працуюць сапраўдныя спецыялісты. Кожны з іх адданы сваёй справе, накіраваны на канкрэтны вынік. Ёсць у нашай установе свае традыцыі, якія пераймае маладое пакаленне педагогаў. У адносінах з калегамі імкнуся кіравацца справядлівасцю і чалавечнасцю. У адносінах з дзецьмі — яшчэ і строгасцю. Вялікую дапамогу аказвае мой муж, які імкнецца дапамагчы ў розных пытаннях, даць парады і рэкамендацыі. Асабліва гэта актуальна ў гаспадарчай частцы. Нядаўна дзякуючы спонсарскай дапамозе на тэрыторыі школы з’явілася ўтульная альтанка. Яна ўжо стала любімым месцам для адпачынку нашых вучняў.

Аднак не толькі гаспадарчая частка хвалюе дырэктара. Цэнтральнае месца адводзіцца навучанню і выхаванню новага пакалення. Вучні Гальшанскай школы вынікова ўдзельнічаюць у раённых і абласных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях. Асабліва добра наладжана краязнаўчая работа. У аграгарадку безліч гістарычных аб’ектаў, якія выклікаюць цікавасць. А ў школе функцыянуе народны гісторыка-краязнаўчы музей імя Э.С. Корзуна, у якім сабрана каля 1700 розных экспанатаў. Марына Віктараўна зазначае, што важна заўважыць кожнага вучня, яго здольнасці і таленты. Толькі тады можна дасягнуць добрых вынікаў.

Кіраўніцкія здольнасці Марыны Віктараўны былі высока ацэнены. У гэтым годзе прозвішча дырэктара было занесена на раённую Дошку гонару. Для Марыны Гайдукевіч такая падзея стала надзвычай прыемнай і неспадзяванай.

Чым займаецца дырэктар па-за школай? Ці мае час на захапленні? Аб чым марыць і да чаго імкнецца? Здаровы лад жыцця для жанчыны заўсёды быў на першым месцы.
— Трэба выхоўваць не толькі дзяцей, але яшчэ і саміх сябе. Дзеці вырастуць і стануць падобнымі да нас. Калі настаўнік расказвае на ўроку аб шкодзе курэння, а на перапынку яго можна ўбачыць з папіросай, то наўрад ці яго словы паўплываюць на вучняў. Фізічная культура займае важнае месца ў маім жыцці. Штотыдзень разам з сям’ёй мы едзем у Валожын, каб наведаць басейн. Амаль штодня я здзяйсняю невялічкую велавандроўку. Гэта ўжо ўвайшло ў традыцыю. Падчас адпачынку разам з сям’ёй мы наведваем гістарычныя месцы. Кожную вольную хвілінку імкнуся выкарыстоўваць з карысцю.

Сапраўднай радасцю і гонарам для жанчыны з’яўляюцца яе дзеці — дачка Наталля і сын Дзмітрый. Падрастаюць у маладой бабулі дзве ўнучкі і ўнук. Яна не імкнецца іх выхоўваць або настаўляць. Калі ўнукі прыязджаюць да бабулі, яна стараецца даць ім усю сваю любоў, шчырасць, цеплыню і пяшчоту. Бо ўсім вядома, што выхаванне пачынаецца з любові і павагі да асобы.

Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *