Па слядах гісторыі. Краязнаўчае падарожжа да каменя Божы слядок

Культура

27 верасня прайшоў Дзень турызму, які акцэнтуе ўвагу на важнасці падарожжаў, атрымання новых ведаў і вопыту. Ашмянская зямля багатая на разнастайныя турыстычныя аб’екты. Цэрквы, касцёлы, замак, прыродныя аб’екты прывабліваюць турыстаў і гасцей нашага раёна. Многія з іх з’яўляюцца надзвычай папулярнымі і знакамітымі. Штодзённа яны збіраюць безліч зацікаўленых людзей. Некаторыя ж толькі вывучаюцца, пачынаюць набываць папулярнасць.

Непадалёк ад аграгарадка Мураваная Ашмянка знаходзіцца старажытны камень. З усіх бакоў яго абступае лес. Камень атрымаў дзіўную назву – Божы слядок. Такой назвай ён абавязаны сваёй адметнасці: на валуне адлюстраваўся слядок, які вельмі нагадвае чалавечы. Легенда сцвярджае, што нага Бога калісьці ступіла на гэты камень, у выніку чаго застаўся прыгожы адбітак. Менавіта на гэтай падставе прыродны аб’ект называюць каменем-следавіком. Валуны такога тыпу вядомы ва ўсім свеце, але асабліва шмат іх на тэрыторыі Беларусі. Вада са слядкоў лічыцца святой і гаючай.

У Дзень турызму супрацоўніца бібліятэкі аграгарадка Мураваная Ашмянка  Таццяна Ціхановіч правяла экалагічнае падарожжа “Цуды прыроды роднага краю” для вучняў мясцовай школы. У мерапремстве прынялі ўдзел супрацоўнікі Ашмянскага раённага турысцкага інфармацыйнага цэнтра. Бібліятэкар расказала ўдзельнікам вандроўкі легенду, згодна з якой у 1812 годзе ля каменя быў знойдзены скарб. Знайшоў яго мясцовы жыхар Станіслаў Малышка. Ніхто са старажылаў не ведае, што гэта быў за скарб, але пасля гэтага сям’я Станіслава стала жыць багата. Удзельнікі экалагічнага падарожжа даведаліся новыя факты аб камені, паўдзельнічалі ў віктарыне, а пасля задалі пытанні, на якія атрымалі разгорнутыя адказы.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *