Музеі ў аграгарадках: на што падзівіцца і што паглядзець?

Образование

Ашмяншчына – заходнебеларускі куточак з багатай гісторыяй. Тут нарадзіліся славутыя людзі, а ў розныя часы адбываліся лёсавызначальныя для нашага рэгіёна падзеі. Гістарычныя помнікі і зараз нагадваюць аб тых часах і славутых эпізодах. Галоўным захавальнікам гісторыі нашага краю справядліва лічыцца Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча: тут захоўваюцца дакументы, рэчы і фотаздымкі рознага часу. Аматары гісторыі з задавальненнем наведваюць музей, адкрываюць для сябе новыя факты аб сваёй старонцы, кожным населеным пункце Ашмянскага раёна. Аднак дзе яшчэ можна пазнаёміцца з гісторыяй нашага краю? Захавальнікамі інфармацыі і архіўных звестак з’яўляюцца школьныя музеі. Прапануем пазнаёміцца з трыма найбольш цікавымі і папулярнымі.

У кутку родным – музей народны

Самай запатрабаванай і цікавай кропкай на карце Ашмянскага раёна лічацца маляўнічыя Гальшаны. Замак, касцёл, царква, гарадзішча – гэтыя і многія іншыя аб’екты здаўна вабяць турыстаў. У 1963 годзе пры Гальшанскай сярэдняй школе быў заснаваны гісторыка-краязнаўчы музей імя Э.С. Корзуна, а ў 1997 годзе яму было прысвоена званне народнага. Зараз у музеі захоўваецца каля 1700 аўтэнтычных экспанатаў. Апантаны гісторык і краязнаўца Эдуард Корзун не толькі сам вёў актыўную пошукавую работу, але яшчэ далучаў да гэтай дзейнасці і сваіх вучняў. Адной з найбольш цікавых залаў у музеі з’яўляецца этнаграфічная. Яна захоўвае прадметы побыту беларусаў: прасы, маслабойкі, дзіцячыя люлькі, калаўроты і многія іншыя рэчы.

Трапляючы ў першую залу, здаецца, пераносішся ў іншую рэальнасць, датыкаешся да традыцый і побыту нашых продкаў. Важнае месца адводзіцца гісторыі мястэчка. Копіі дакументаў апавядаюць пра развіццё населенага пункта ў розныя перыяды, сабраны і фальклорныя звесткі пра заснаванне Гальшан. Вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў карыстаецца вугалок знаходак. Манеты, рэшткі ўпрыгожанняў, кафлі з замка знайшлі месца ў сценах школьнага музея. Зала з летапісам школы – яшчэ адна цікавая старонка. Фотаздымкі, узнагароды, піянерскія гальштукі і іншыя атрыбуты школьнага жыцця ўтварылі своеасаблівы вугалок успамінаў. Былыя выпускнікі, што прыязджаюць у музей, акунаюцца ў вір мінулых падзей, знаходзяць сябе на фотаздымках. Асобнае месца адведзена падарункам. Наведваючы музей, госці часта жадаюць пакінуць пасля сябе добрую памяць, таму дораць сувеніры, кнігі, рэчы свайго дзяцінства. Ліст Уладзіміра Караткевіча вучням Гальшанскай школы, драўляная скульптура “Лясны казачнік”, замкавыя знаходкі – гэтыя экспанаты асабліва папулярныя. Ёсць у музея і свая старонка ў Instagram, дзе сабрана ўся актуальная інфармацыя  і публікуюцца апошнія навіны.

Шляхамі паэта

Аматары мастацкага слова захапляюцца маляўнічымі Жупранамі, якія непарыўна звязаны з імем паэта, публіцыста і грамадскага дзеяча Францішка Багушэвіча. Пры школе намаганнямі былых дырэктараў установы створаны літаратурны музей. Яго экспазіцыя стваралася паступова, а першыя экспанаты трапілі сюды з Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча. Кіраўнікі школьнага музея цесна ўзаемадзейнічалі з дзяржаўным архівам Беларусі. Інфармацыя збіралася па драбніцах. Маштабы працы ўражваюць і здзіўляюць.

У цэнтры прасторнай залы ўсталяваны драўляны бюст класіка, а стэнды змяшчаюць старыя фотаздымкі розных куточкаў нашага раёна. Багатая калекцыя зборнікаў і рукапісаў заварожвае. Сцены калідора, які вядзе ў музей, упрыгожаны малюнкамі архітэктурных аб’ектаў Ашмян і наваколля. Прыехаўшы ў Жупраны, нельга абмінуць помнік і магілу паэта, а таксама касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла, у якім змешчана мемарыяльная шыльда, прысвечаная паэту.

Едзем у Баруны!

Безліч легенд і паданняў звязана з заснаваннем прыгожага аграгарадка Баруны і будаўніцтвам касцёла ў ім. Пакінула ў мястэчку свой след і Першая сусветная вайна. Непадалёк ад школы ўстаноўлены помнік лётчыкам самалёта, збітага немцамі. Шмат інфармацыі аб падзеях Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў захоўвае школьны гісторыка-этнаграфічны музей “Спадчына”, які гасцінна расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у далёкім 2000-м годзе.

А яго экспазіцыі актыўна папаўняліся педагогамі, вучнямі і проста неабыякавымі людзьмі, якія аддавалі побытавыя рэчы, узнагароды і фотаздымкі. Зараз этнаграфічны вугалок можа пахваліцца багаццем і разнастайнасцю экспанатаў. Жамчужынай вугалка з’яўляецца ткацкі станок, беражліва перададзены мясцовымі жыхарамі ў фонд музея. Асобнае месца адведзена воінам-афганцам. Іх успаміны і фотаздымкі ўпрыгожваюць экспазіцыю. Гісторыі школы і яе выхаванцам прысвечана асобная старонка.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *