Як чытаюць ашмянцы кнігі беларускіх аўтараў

Культура

Дзень беларускага пісьменства ладзіцца ў нашай краіне з 1994 года. Традыцыйна свята адбываецца ў першую нядзелю верасня ў гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, старадаўніх цэнтрах асветы і кнігадрукавання. Нагадаем, што свята ў розныя гады сярод іншых прымалі Полацк, Тураў, Навагрудак, у 2009-м свята адбылося ў Смаргоні. У гэтым годзе святкаванне пройдзе ў г. Гарадку Віцебскай вобласці.

Да дня беларускага пісьменства маюць дачыненне ўсе, хто лічыць сябе беларусам і карыстаецца беларускай мовай. Напярэдадні свята мы звярнуліся ў Ашмянскую раённую бібліятэку і папрасілі расказаць, якіх беларускіх аўтараў чытаюць ашмянцы. Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Алена Янкоўская адказала на нашы пытанні.

— Папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў работы нашай установы, — расказвае спецыяліст. — У нашай бібліятэцы створаны вялікі фонд літаратуры на беларускай мове, які складае больш дзесяці тысяч экзэмпляраў. У фондзе маюцца кнігі і класікаў беларускай літаратуры, і сучасных аўтараў. Найбольшай папулярнасцю ў чытачоў карыстаюцца кнігі Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Івана Шамякіна, Кузьмы Чорнага, Андрэя Макаёнка, Янкі Маўра. Дарослыя з цікавасцю чытаюць творы сучасных аўтараў Аляксандра Афяроўскага, Васіля Ткачова, Алега Ждана, Міколы Мятліцкага, Андрэя Федарэнкі, Анатоля Бутэвіча, падлеткі захапляюцца кнігамі Алеся Бадака, Яўгена Хвалея, Валерыя Гапеева. Попыт на творы беларускіх аўтараў у параўнанні з мінулымі гадамі расце.

У зале з паліцамі кніг пачэснае месца разам з творамі сусветнай і рускай літаратуры займаюць сачыненні беларускіх аўтараў. Зразумела, кніга толькі тады прыносіць карысць, калі яе чытаюць, і бібліятэкары робяць усё для таго, каб на яе звярнулі ўвагу. Калі пэўныя выданні доўгі час не карыстаюцца попытам, то бібліятэкары размяшчаюць іх навідавоку ў рубрыцы “Незаслужана забытая кніга”. Так, на “сумнай” паліцы апынуліся “Чорны замак Альшанскі” Уладзіміра Караткевіча, “Круглянскі мост” Васіля Быкава, “Мудрамер” Мікалая Матукоўскага. Не магу пагадзіцца з тым, што адзін з маіх любімых раманаў — “Чорны замак Альшанскі” — апынуўся ў самоце: прачытаю яго зноў.

Зацікавіла мяне яшчэ адна выстава — кніг-юбіляраў 2023 года. Сто год назад упершыню была выдадзена паэма Якуба Коласа “Новая зямля”, радкі з якой ведае з маленства кожны беларус. У гэтым годзе 135 год спаўняецца раману Элізы Ажэшкі “Хам”.

Ладзяцца ў бібліятэцы і выставы твораў пісьменнікаў-юбіляраў. У 2023 годзе адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Гарэцкага, 80 год з дня нараджэння нашага земляка Мар’яна Дуксы, які працаваў настаўнікам у Сольскай сярэдняй школе, 140 год з дня нараджэння дзіцячага пісьменніка Янкі Маўра, 85 год з дня нараджэння Уладзіміра Карызны, аднаго з аўтараў тэксту Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, заслужанага дзеяча культуры Беларусі.

Для таго, каб кніга знайшла свайго чытача, праводзяцца ў бібліятэцы літаратурна-музычныя імпрэзы, пасяджэнні аматарскага аб’яднання “Мудрасць+”, літаратурнага клуба “Сустрэча”. У верасні пройдзе захапляльная акцыя “Бібліяноч”. Усё лета працавалі дзіцячыя перасоўныя кніжныя пляцоўкі. Заваяваў давер сельскіх жыхароў бібліобус, які штомесяц па прывычным маршруце накіроўваецца ў невялікія населеныя пункты раёна.

Не змагла не спытаць пра новыя паступленні кніг беларускіх аўтараў. Для прыхільнікаў празаічных твораў — аповесць Аляксея Якімовіча “Нязваныя госці”, якая зацікавіць аматараў гістарычнай прозы, і кніга Алеся Жука “Сок манга” пра маладую пару чалавечага жыцця, пра шчасце любіць і кахаць. Новы зборнік вершаў Анатоля Сыса “Званы” складаецца з выбраных твораў аўтара розных гадоў і падкупляе неўтаймоўным тэмпераментам творцы і шчырай спавядальнасцю. Дарэчы, свой першы верш на роднай мове Анатоль Сыс напісаў у дзевяць год і ўжо тады быў перакананы, што яго вершы будуць вывучаць у школе. З’явіўся ў бібліятэцы і зборнік вершаў Алеся Бадака “Уладар ветру”, дзе змешчаны як ужо знаёмыя творы аўтара, так і новыя творы. Прадстаўленыя ўвазе чытача тэксты дазваляюць зазірнуць у самыя патаемныя куткі паэтавай душы і падзяліць з ім і горкую слодыч закаханасці, і ўзнёслыя летуценні, і глыбокую, шчырую любоў да Радзімы.

Работнікі бібліятэкі рады кожнаму чытачу і з задавальненнем дапамогуць знайсці патрэбную кнігу, падкажуць, што пачытаць, а прозвішчы і чытацкія прыхільнасці найбольш актыўных чытачоў ведаюць на памяць. Частымі наведвальнікамі бібліятэкі з’яўляюцца Яўген Куст, Галіна Даўгашэй, Тарэса Карповіч, Леанарда Васілеўская, Ала Дзянісава, Ганна Лянкоўская, Таццяна Бушмовіч. Радуе і тое, што кнігі чытае і маладое пакаленне ашмянцаў. Сярод найбольш актыўных чытачоў-падлеткаў — Кацярына Мешчановіч, Карына Дранковіч, Дамініка Дранковіч, Анастасія Мацкевіч, Ян Клінцэвіч, Аляксей Яркевіч.

Дзень беларускага пісьменства — добрая нагода ўспомніць пра матчыну мову і тых людзей, якія сваёй творчасцю праслаўлялі і праслаўляюць родную зямлю, аб’ядноўваюць людзей у іх лепшых памкненнях.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.
Фота Антона Мальшэўскага.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *