Галоўнае – тварыць. Іна Асмольская і яе захапленне

Общество

Настаўнік – чалавек, які сумяшчае ў сабе мноства ўменняў. Сёння ён з радасцю гуляе з вучнямі ў футбол, заўтра – спявае, а паслязаўтра пакарае чарговую навуковую вяршыню. Такая мнагазадачнасць асабліва характэрна для настаўнікаў пачатковых класаў, бо яны даюць першае ўяўленне аб навакольным свеце і рэчах.

Іна Асмольская працуе настаўніцай пачатковых класаў у СШ № 1 імя М.М. Гружэўскага. Яна ўсім сэрцам любіць сваю справу, імкнецца быць цікавай для вучняў. А ў вольны час настаўніца вяжа ўтульныя рэчы: сукенкі і спадніцы, сурвэткі і сумачкі, топы і пледы. Вязанне захапіла маладую жанчыну падчас дэкрэтнага адпачынку. Яна з цікавасцю праглядала відэаролікі, а пасля вырашыла паспрабаваць сама: набыла пруткі, ніткі і распачала працу.

Зразумела, што спачатку мяне чакалі расчараванні. Шмат чаго не атрымлівалася.

Аднак я не здавалася: яшчэ і яшчэ пераглядала схемы і відэа, па некалькі разоў перавязвала выраб. Спынялася толькі тады, калі якасць цалкам задавальняла. Для мяне гэта была сапраўдная школа цярпення і вытрымкі.

Першай мадэллю была дачка Таццяна. Менавіта для яе матуля вязала мініяцюрныя пінеткі, шапачкі і сукенкі. Яна ж стымулявала да творчасці і пошуку новых ідэй. З цягам часу вырабы становіліся ўсё больш тэхнічна складанымі і дасканалымі. Праз некаторы час Іна стала дзяліцца фотаздымкамі сваіх прац на старонках у сацыяльных сетках.

— Я была прыемна здзіўлена, калі пачала атрымліваць станоўчыя водгукі ад сваіх сяброў. Такая падтрымка стымулявала мяне на далейшую плённую працу. З цягам часу дачушка стала прасіць звязаць новае ўбранне для сваіх лялек. І я вырашыла паспрабаваць. Так у кожнай лялькі з’явілася індывідуальнасць і асабісты стыль. Многія лічаць, што вязанне – занятак для бабуль. Сваім прыкладам я абвяргаю гэты стэрэатып.

Гады дэкрэтнага адпачынку праляцелі надзвычай хутка. Маладая настаўніца ўжо і не спадзявалася, што будзе працягваць тварыць: падрыхтоўка да ўрокаў, праверка сшыткаў і хатнія абавязкі – усё гэта забірала шмат часу і сіл. Аднак пакрысе Іна навучылася сумяшчаць быт, працу і любімы занятак.

Вязанне – гэта занятак для душы, які дае сілы і натхненне. Я атрымліваю сапраўдную асалоду, калі бачу, што мае вырабы выкарыстоўваюцца: дачушка носіць мае сукенкі, сурвэткі ўпрыгожваюць стэлажы. Зараз працую над новай сумкай. Засталося не так шмат. З нецярпеннем чакаю таго моманту, калі змагу “выгуляць” новы выраб, бо рэчы, зробленыя сваімі рукамі, асабліва прыемныя і цёплыя.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *