Пляцак “Спадчына” ад гаспадароў Шыманскіх. Што яшчэ прапануе аграсядзіба?

Общество

Безумоўна, большасці з нас хочацца вырвацца з гарадской мітусні, каб наталіць душу прыгажосцю прыроды, знайсці гармонію ў сабе і аднавіць сілы. Заморскія курорты вабяць нас прыгожымі здымкамі, назойлівай рэкламай і нязведанымі магчымасцямі.

Аднак я загугліла, каб знайсці варыянты адпачынку ў Беларусі, і першае, што мне трапіла на вочы, не паверыце, — мая Ашмяншчына — аграсядзіба “Спадчына”, вёска Буні, што за чатыры кіламетры ад горада. Вось і з’явілася інфармацыйная нагода наведацца туды.

Гаспадары Зянон і Ядзвіга Шыманскія ветліва згадзіліся на сустрэчу.

— Дзверы нашай сядзібы заўсёды адкрыты для гасцей, — гавораць муж з жонкай, гасцінна запрашаючы нас на сваю тэрыторыю. Яна невялікая, але па-гаспадарску дагледжаная і акуратная. Тут і лазня, і банкетная зала на 40 месцаў, летняя альтанка, якая ўмяшчае каля 20 чалавек, ёсць і фотазона для маляўнічых фотаздымкаў. А для падарожнікаў, якія маюць намер заначаваць у сядзібе, — сем спальных месцаў. Кожны куток аформлены з густам і ў нацыянальных традыцыях. Тут і беларускі ручнік — не проста рэч хатняга карыстання, але і нацыянальная каштоўнасць, льняныя абрусы на сталах — сімвал багацця, чысціні, удачы ў любой справе, а тканыя посцілкі на ложках надаюць пакоям своеасаблівую ўтульнасць. Гаспадыня Ядзвіга таксама сустракае гасцей у нацыянальным строі, нягледзячы на тое, што пашыла сабе адмысловае працоўнае аддзенне з эмблемай аграсядзібы.

Шмат у сядзібе і іншых прадметаў даўніны. Іх гаспадары збіралі і шанавалі: нешта засталося ад родных, а нешта знаходзілі выпадкова. Упрыгожвае вялікую залу старадаўні куфар. Кажуць, што на Ашмяншчыне такіх было тры. Магчыма, захаваўся ў такім прывабным стане толькі адзін — у гаспадароў аграсядзібы.

Зянон Шыманскі лічыць, што нельга адкідаць тое, што з намі было раней, бо гэта наша гісторыя, без якой немагчыма будучыня.

Гаспадыня Ядзвіга імкнецца, каб на тэрыторыі заўсёды панавалі ўтульнасць, прыгажосць, чысціня і парадак: у кожным куточку сядзібы — рознакаляровыя кветкі, за хатай — бульба і дагледжаны агарод з агуркамі і цыбуляй, буракамі і капустай. Пакуль размаўлялі з гаспадыняй, Зянон Казіміравіч накапаў свежай бульбы. Сорт “белыя росы” даспадобы і гаспадарам, і гасцям.

— Вось і пакаштуеце наш пляцак “Спадчына” з гэтай бульбы, — гаворыць гаспадар. — Гэты сорт я знайшоў аж у Пінску.

— Усе бульбяныя стравы, — дадае гаспадыня Ядзвіга, — асабліва смачныя з гэтай бульбы. Водгукі нашых гасцей — станоўчыя.

Пакаштавалі смажаны пляцак і мы. Ён уяўляе сабой бульбяную аладку, а вось унутранае напаўненне — самае разнастайнае, нават незвычайнае. Дзеля гэтага варта наведацца ў аграсядзібу. Безумоўна, самыя патрабавальныя гурманы ацэняць гэтую страву на выдатна. А на дэсерт нам прапанавалі блінчыкі па-бунёўску. Таксама асабісты рэцэпт ад гаспадыні Ядзвігі. Наша заключэнне: смачна, арыгінальна, індывідуальна.

У двары — мангал, шашлычніца, казаны, патэльні розных памераў, дровы і іншыя магчымасці для таго, каб гасцям гатаваць самастойна. Акрамя таго, у меню аграсядзібы мноства прысмакаў, якія сама гаспадыня гатуе для гасцей. Стравы і беларускай кухні, і польскай, і літоўскай, і ўсходняй.

— Да кожнай групы гасцей — індывідуальны падыход. Галоўны інгрэдыент у нашых стравах — душа. Да кожнага банкета ці прыёму гасцей падыходзім адказна. Мы першымі ў раёне прайшлі перарэгістрацыю сваёй дзейнасці, чым пацвердзілі свой прафесіяналізм у адносінах да агратурызму. Працуем сёмы год, — гаворыць гаспадыня. — Нічога не змянілася: галоўнае — старанна і адказна працаваць для людзей, прыносіць ім задавальненне сваімі намаганнямі, — падкрэслівае Ядзвіга Шыманская. — З пачатку года ў аграсядзібу наведалася больш за 150 гасцей. Ёсць заказы і ад нашых пастаянных наведвальнікаў. Кожны тыдзень нехта адпачывае — то на выхадныя, то на некалькі гадзін, то сямейныя святы, то невялікія кампаніі сяброў, то прафесійны карпаратыўны адпачынак, дзелавыя сустрэчы, юбілеі, вяселлі, хрэсьбіны.

— З пачатку года наведваліся да нас толькі беларусы, відаць, што ўнутраны турызм набывае шырокую папулярнаць і большасць людзей імкнецца правесці свой адпачынак на ўлонні прыроды, у цішыні, цеснай кампаніі сяброў, — расказвае Зянон Шыманскі. — У нас у банкетнай зале стаіць музычны цэнтр з наборам музычных дыскаў на любы густ. Бывае, што госці аддаюць перавагу толькі гармоніку ці песням пад гітару. Спяваюць самі, танцуюць, адным словам, адпачываюць. Гэта радуе, бо, як кажуць, калі госць заспяваў і застаўся начаваць, значыць, гаспадар даспадобы прыйшоўся, — падкрэслівае ён.

Не пустуе і спартыўная пляцоўка: валейбол, баскетбол таксама вабяць на свежым паветры.

Зянон Казіміравіч — заядлы пчаляр. Аграсядзіба “Спадчына” круглы год рэалізуе натуральны мёд са свайго пчальніка. Свежы мядок — ласунак для гасцей. А для тых, хто жадае набыць натуральны мёд у якасці сувеніра, — калі ласка.

Акрамя таго, пастаянна ёсць магчымасць ранняга браніравання на любыя даты. Гаспадары абяцаюць шчодры стол з нацыянальнымі стравамі, гасціннасць, утульнасць і парадак ва ўсім. Жывая прырода і каларытны сялянскі быт нікога не пакінуць абыякавым. Тут па-гаспадарску спалучаюцца стыль, прастата, прыгажосць і натуральнасць.
Гаспадыня Ядзвіга на тэрыторыі аграсядзібы трымае курэй.

— Гэта заўседы і свежыя яйкі да стала, і курыны натуральны булён. А калі госці з дзеткамі, то і ім занятак ёсць — пакарміць птаства, вады наліць, — гаворыць яна. Усё патрабуе чалавечай адказнасці і адданасці, за ўсім стаіць праца і рупліваць гаспадароў.

Зянон і Ядзвіга Шыманскія разам 42 гады. Выгадавалі дачок, радуюцца поспехам унукаў. Яны даўно на заслужаным адпачынку, для іх аграсядзіба — гэта не проста сямейны бізнес, але і занятак для душы, магчымасць быць карысным людзям, прыносіць ім задавальненне і станоўчыя эмоцыі.

Ганна ДАВІДОВІЧ.
Фота Марты БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *