Простае шчасце Марыі Саковіч

Общество

Шчасце – гэта тое, да чаго імкнецца кожны чалавек. Крок за крокам людзі ідуць да сваёй мары, не зважаючы на цяжкасці і складанасці. Аднак у кожнага гэтае паняцце атаясамліваецца з нечым сваім: для кагосьці шчасце – гэта ўласны дом ці кватэра, для кагосьці – кар’ерны рост, для кагосьці – магчымасць рэалізавацца ў бацькоўстве. Шчасце… Такое далёкае, але ў той жа час такое блізкае, роднае, сваё.

Еду ў Гродзі, а па дарозе пераасэнсоўваю гэтае простае слова. Што ж такое шчасце? Якое яно? У чым сакрэт шчаслівага жыцця? Вір пытанняў круціцца ў маёй галаве. “Простае шчасце людское, так, як і наша з табою…” – паэтычныя радкі Максіма Танка рытмічна гучаць у маёй падсвядомасці. Пад’язджаю да дома сваёй субяседніцы Марыі Саковіч. Жанчына выходзіць з-за варот, спатыкае мяне, абдымае і шчыра вітае. Лёгкія зморшынкі ад усмешкі разбягаюцца па твары, робячы яе вочы яшчэ больш шчырымі, лагоднымі, цёплымі. Дзесьці на заднім двары працяжна спявае певень, а мяне гарэзлівым брэхам ужо вітае сабака Арчык.

— Ну хопіць, хопіць ўжо, Арчык! Гэта свае! Во, паглядзі! – супакойвае сабаку гаспадыня.

Пільны вартаўнік паслухмяна сціхае і хаваецца ў будзе. Пад нагамі круцяцца рабыя кацяняткі. Зусім нядаўна гаспадарка жанчыны папоўнілася пяццю пухнатымі стварэннямі. Жанчына бярэ ў рукі аднаго, прыціскае да грудзей. Коцік задаволена мурлыкае, чакаючы ад гаспадыні якога-небудзь ласунку.

— Вось гэты найбольш ласкавы. Вунь які прыгажун! Дзе ты іх знішчыш гэтых жэўжыкаў! Яны ж столькі радасці прыносяць! – з усмешкай зазначае Марыя Віктараўна.

Заходзім у дом. Марыя Віктараўна гасцінна запрашае ў кожны пакой, расказвае пра тое, што атрымалася зрабіць, а што яшчэ толькі плануецца. Руплівая жаночая рука бачна паўсюль: з густам падабраны фіранкі і абрусы, а ў куточках хваляцца някідкай прыгажосцю фіялкі і фікусы. Зараз гаспадыня жыве адна. Павырасталі, паразляталіся па розных куточках дзеці. Аднак не забываюць наведваць самага блізкага і роднага чалавека – матулю. Сын Віталій – сапраўдная апора для жанчыны. Зусім нядаўна ён узяўся за абнаўленне плоту, ужо заліў фундамент і ўстанавіў слупы. Хутка новы плот упрыгожыць двор. Старэйшая дачка Ілона жыве ў суседнім Астравецкім раёне. Разам з сям’ёй яна часта прыязджае ў Гродзі, каб дапамагчы маме справіцца з хатнімі клопатамі, праполкай агароду, доглядам гаспадаркі. Малодшая Святлана прыязджае ў родныя Гродзі значна радзей, бо лёс занёс яе ў далёкія Старыя Дарогі. Штодня яна тэлефануе маме, спраўляючыся аб здароўі і хатніх справах.

Год таму не стала гаспадара дому Рамана. Жанчына засталася зусім адна. Першыя дні пранізлівая цішыня выбівала са звыклага кола спраў. Здаецца, вось-вось выйдзе з суседняга пакою яе Раман, як заўсёды, трапна пажартуе, а пасля яны разам сядуць за агульны стол, пасмяюцца і абмяркуюць надзённыя справы і патрэбы. Аднак суровае жыццё ўнесла свае карэктывы ў размераны сямейны быт…

— З цягам часу прывыкаю да адзіноты. Шмат думаць аб мінулым мне не дае гаспадарка: кароўка, парасяткі, курачкі, сабака, кацяняткі. Усе яны жывыя і патрабуюць клопату. Заходжу ў хлеў да свінак, аглядаюся, размаўляю з імі. А яны рэагуюць, адгукаюцца. Мая гаспадарка робіць падворак жывым, напаўняе жыццё сэнсам, дапамагае адчуць сябе патрэбнай.

На стале гаспадыні – заўсёды прадукты ад сваёй гаспадаркі: яйка, вяндліна, сала, кумпяк, паляндвіца, свежае малако і тварог. У краму жанчына ходзіць, бадай, толькі па хлеб. Калі ж прыязджаюць дзеці, заўсёды ёсць што паставіць на стол. Для ўнукаў бабуліны ласункі асабліва смачныя.

Летам Марыя Віктараўна сянуе на карову, закупляе корм для парасят, прыводзіць у парадак хлеў і гаспадарчыя пабудовы. Праца чалавека трымае і ўздымае – такога меркавання прытрымліваецца рупная гаспадыня. Усё сваё жыццё Марыя Саковіч прысвяціла бібліятэчнай справе. З дзяцінства яе вабіла кніга, а чытанне дапамагала зняць напружанне. Пасля заканчэння школы яна падала дакументы ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Гады навучання былі самымі шчаслівымі і цікавымі, бо давалі магчымасць цалкам аддавацца любімай справе. 31 год жанчына адпрацавала загадчыцай бібліятэкі ў мястэчку Гудагай, а апошнія 8 год працавала на станцыі Гудагай. З яе лёгкай рукі ладзіліся паэтычныя імпрэзы, кніжныя выставы, літаратурныя вечарыны і пазнавальныя віктарыны для дзяцей. Дзякуючы яе намаганням кніга ўвайшла ў кожны дом, стала жыццёвай неабходнасцю. Вялікая колькасць падзячных лістоў, дыпломаў і грамат захоўвае яе архіў. У 1998 годзе жанчына была пераможцай конкурсу “Бібліятэкар года”, а яе фотаздымак доўгі час упрыгожваў раённую Дошку гонару. У 2013 годзе Марыя Віктараўна пайшла на заслужаны адпачынак, пакінуўшы пасля сябе каштоўныя напрацоўкі для маладых калег. Час працы яна прыгадвае з асаблівай настальгіяй і замілаваннем.

За размовай час ляціць хутка. Насценны гадзіннік адбівае звыклы рытм, а ў акно заглядаюць цыбатыя лілеі. Двор руплівай гаспадыні цалкам патанае ў зелені і кветках. Ружы, флоксы, аксаміткі, анемоны – гэтыя і многія іншыя кветкі ўпрыгожваюць прысядзібны ўчастак руплівай гаспадыні. Сад, быццам райскі Эдэм, хваліцца багатай палітрай фарбаў і разнастайнасцю пахаў. З цеплынёй і любоўю жанчына расказвае пра кожнае дрэва і кожную кветку.

— Нядаўна набыла новыя віды гартэнзій. Колькі дзён радавалася такому свайму набытку. На шчасце, кусцікам спадабалася глеба і яны прыжыліся. А вунь там у мяне – півоневідная ружа. Пасадзіла яе каля ўваходу, каб штодня любавацца і ўдыхаць незвычайны водар. Багаты мой агарод аксаміткамі і цыніямі. Гэтыя кветкі непатрабавальныя, аднак вельмі прыгожыя і духмяныя.

Ёсць у Марыі Віктараўны і свой агарод, дзякуючы якому на стале заўсёды маюцца свежыя агурочкі і таматы, бульбачка і цыбулька. Таматы жанчына вырошчвае ў цяпліцы. З ранняй вясны пачынаецца сур’ёзная падрыхтоўка: апрацоўваецца зямля, рыхтуецца расада.

Як у жанчыны хапае на ўсё часу? Гаспадарка, агарод, прыгожы кветнік, дом – усё гэта патрабуе клапатлівай рукі гаспадыні. На маё пытанне жанчына адказвае проста:

— Галоўнае – любіць тое, чым займаешся, аддавацца справе поўнасцю, не ўспрымаць працу як цяжар, складанасць, нешта непад’ёмнае, а як сродак зняць напружанне, заняць сябе. Праца ўзбагачае. І працуюць людзі, каб атрымліваць асалоду ад сваёй працы. Мяне нават больш прываблівае працэс, чым вынік.

Як важна радавацца дробязям: яркаму жнівеньскаму сонейку, кветкам у сваім агародзе, першаму тамату, што сарамліва заружавеў у цяпліцы. З дробязяў і нязначных, на першы погляд, падзей складаецца наша шчасце і ўсё жыццё. Такія думкі прыйшлі да мяне пасля гутаркі з Марыяй Саковіч.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *