Ва ўсе часы акуляры лічыліся прыкметай інтэлігентнасці, шырокай эрудыцыі, начытанасці. Да людзей у акулярах адносіліся з асаблівай пашанай і павагай. Зараз на вуліцах горада ўсё часцей і часцей можна заўважыць людзей, якія носяць такі аксэсуар. І гэта зразумела: гаджэты, камп’ютар, тэлевізар даюць вялікую нагрузку на зрок. З цягам часу яго вастрыня зніжаецца, а чалавек пачынае адчуваць значны дыскамфорт. Больш актыўна стала насіць акуляры і моладзь. Аднак некаторыя юнакі і дзяўчыты выкарыстоўваюць дадзены аксэсуар са “звычайным” шклом для падтрымання стылю.
Зайшоўшы ў цэнтральную аптэку пасля працы, заўважыла, што каля вітрыны з оптыкай сабралася дастатковая колькасць людзей. Людзі старэйшага ўзросту маюць патрэбу набыць акуляры для чытання, моладзь выбірае чарговую пару пад адпаведны стыль адзення. Здзіўляе і тое, колькі цікавых і незвычайных мадэляў аправы створана. Сапраўды, кожная аправа стварае іншы вобраз, змяняе рысы твару, надае сур’ёзнасці або, наадварот, рамантычнасці і ўзнёсласці. Загадчыца аптэкі Марына Гучык зазначае, што на сённяшні час складана знайсці чалавека з ідэальным зрокам, таму кліентаў у аптэцы заўжды хапае. Людзі старэйшага ўзросту скардзяцца на дальназоркасць. Ім падыходзяць акуляры “з плюсам”. На шчасце, выбар вялікі. Розная форма, колеравая гама, матэрыял – выбраць ёсць з чаго. Кошт на акуляры дэмакратычны, таму некаторыя выбіраюць адразу некалькі варыянтаў на розныя жыццёвыя выпадкі. Для людзей, зрок якіх “у мінусе”, асартымент не такі шырокі, аднак штосьці выбраць для сябе ўсё ж такі можна. Пакупнікі “залатога веку” ў большасці сваёй адносяцца да выбару акуляраў кансерватыўна: яны рэдка выбіраюць яркія аправы або незвычайныя формы. А вось моладзь любіць эксперыментаваць, аддаючы перавагу самым незвычайным мадэлям.
Многія набываюць акуляры без рэцэпта ўрача. Марына Міхайлаўна адзначае, што так рабіць нельга. Каб правільна выбраць акуляры, адразу неабходна звярнуцца да акуліста. Няправільна выбраная оптыка можа выклікаць галавакружэнне, млоснасць і нават дэзарыентацыю ў прасторы. Людзі, гонячыся за ўяўнай вастрынёй зрока, набываюць шэраг праблем са здароўем. Некаторыя ж, адчуваючы, што зрок значна сапсаваўся, не спяшаюцца купляць акуляры і звяртацца да спецыяліста. Яны жывуць дзесяцігоддзямі са сваёй праблемай. З часам зрок яшчэ больш псуецца, таму лепш адразу звярнуць увагу на сваю праблему, бо з цягам часу яна стане яшчэ больш сур’ёзнай.
Нягледзячы на тое, што акуляры зараз знаходзяцца на піку папулярнасці, камусьці такі стыльны аксэсуар не падабаецца. Яны маюць магчымасць набыць кантактныя лінзы. Безумоўна, лінзы патрабуюць большай увагі і больш пільнага догляду. Маладых людзей гэта не палохае. Яны часцей і часцей звяртаюцца за кантактнымі лінзамі.
У аптэцы можна набыць акуляры ў гатовым выглядзе. Няма патрэбы чакаць, пакуль оптыка будзе падрыхтавана. Гэта вельмі зручна. Дастаткова толькі падабраць пару, якая падыходзіць па медыцынскіх паказчыках, а таксама гарманічна спалучаецца з рысамі твару і стылем адзення.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.


