Многія з нас, паважаныя чытачы, яшчэ нават не нарадзіліся, калі Таіса Бабраўніцкая пачала працавать фармацэўтам. Першага жніўня 1973 года маладым дзяўчом яна пераступіла парог аптэкі ў Жупранах. Тады выпускніца фармацэўтычнага аддзялення Магілёўскага вучылішча нават і падумаць не магла, што прыкіпіць сэрцам не толькі да першага месца працы, але і да маляўнічай вёсачкі.
Пакрысе набіралася вопыту, разам з развіццём аптэчнай сферы рос і прафесіяналізм Таісы Эдуардаўны. Пяцьдзясят год таму даводзілася карыстацца лічыльнікамі – касавых апаратаў тады ніхто не ведаў, назвы медыкаментаў трэба было запісваць у адмысловы сшытак, а будынак аптэкі ацяпляць з дапамогай печы. Шмат вады сплыло з таго часу, зараз у аптэцы ўсё аўтаматызавана, а памяшканне ўтульнае, светлае і цёплае. І толькі Таіса Эдуардаўна нязменна сустракае наведвальнікаў, дае слушныя парады, падтрымлівае добрым словам і эфектыўнымі лекамі.
Як і раней, яна трымае ў галаве сотні назваў прэпаратаў, рэкамендаваныя дозы, пабочныя эфекты. Трэба адзначыць, што і пералік тавараў, якія размешчаны на паліцах аптэкі, значна ўзрос. Зараз гэта каля тысячы найменняў самага шырокага спектру дзеяння.
– У перыяд сезонных захворванняў папулярнасцю карыстаюцца гарачкапаніжальныя сродкі, супрацьвірусныя. Часта набываюць у нас прэпараты ад гіпертаніі. У параўнанні з некалькімі дзясяткамі год таму ўзрос попыт і на медыкаменты ад цукровага дыябету, – адзначае Таіса Эдуардаўна і звяртае нашу ўвагу на вітрыну з акулярамі. – Жыхары Жупранаў і навакольных вёсак звяртаюцца і за гэтым таварам.
Пры лёгкім недамаганні многія з нас ідуць не да ўрача, а ў аптэку. Часам робяць так і жупранцы, бо ведаюць, што атрымаюць тут добрую параду. Зрэшты, як адзначае Таіса Бабраўніцкая, фармацэўты не ставяць дыягназы і не назначаюць лячэнне – яны могуць толькі параіць штосьці з безрэцэптурных лякарстваў, каб аблегчыць стан, і парэкамендаваць звярнуцца да ўрача.
За гады працы Таісы Эдуардаўны аптэка змяніла прапіску – з 2007 года яна размясцілася пад адным дахам з амбулаторыяй. Гэта акалічнасць вельмі зручная і для персаналу ўстаноў, і для пацыентаў, якія ад урача накіроўваюцца адразу ў аптэку. Так, у цеснай сувязі з медыкамі фармацэўт фарміруе заказы на новыя паступленні прэпаратаў. Арыентуецца, акрамя таго, на рэкламу, якая ўплывае на попыт вяскоўцаў.
Жупранцы ведаюць, што пры неабходнасці тэрміновай дапамогі, могуць звярнуцца да сваёй “аптэкаркі” і па-за працоўным днём – Таіса Эдуардаўна заўсёды прыйдзе ў аптэку і адпусціць неабходны прэпарат. Хіба будзеш лічыцца з часам, калі справа тычыцца здароўя!
У калектыве фармацэўтаў раённай аптэчнай сеткі Таіса Бабраўніцкая самая вопытная, аднак гэта не перашкаджае ёй спраўляцца з абавязкамі, а іх, трэба адзначыць, нямала. Прыём і водпуск медыкаментаў, іх улік, кантроль за правільным захоўваннем лякарственных сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, клопат пра чысціню. Адно з найважнейшых, на думку Таісы Эдуардаўны, патрабаванняў – гэта водпуск правільнай дазіроўкі прэпарата: нават калі ўрач зрабіў механічную памылку, фармацэўт павінен звярнуць увагу і рэалізаваць медыкамент толькі пасля карэкціроўкі рэцэпта.
За столькі год у прафесіі Таіса Эдуардаўна выдатна арыентуецца ў моры лекаў, нават новыя прэпараты запамінае хутка. Лёгка адкладваюцца ў памяці лякарствы-сінонімы, якія маюць адзін і той жа спіс дзеючых рэчываў – выпускаюцца яны пад рознымі назвамі і рознымі вытворцамі. Дапамагае спецыялісту добрае веданне хіміі, а таксама рэгулярныя курсы, якія дазваляюць заставацца ў прафесійным тонусе.
Таіса Бабраўніцкая даўно навучылася спраўляцца з цяжкасцямі, якія здараюцца ў любой рабоце. Галоўнае, лічыць яна, магчымасць дапамагаць людзям, якія не забываюць аддзячыць фармацэўта добрым словам і шчырай усмешкай.
Людміла РЫБІК.
Фота аўтара.

