У Ашмянах пачала працаваць акадэмія дзіцячых гульняў

Образование

На базе Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пачаў працаваць дзённы дзіцячы аздараўленчы летнік. У гэтым годзе яго наведваюць 35 дзяўчынак і хлопчыкаў з гарадскіх школ і гімназіі.

На 18 дзён у цэнтры творчасці разгарнула сваю працу акадэмія дзіцячых гульняў, дзе кожны выхаванец становіцца «студэнтам» і на працягу гэтага часу вучыцца наладжваць узаемаадносіны са сваімі аднагодкамі, адточвае навыкі і становіцца лепшым у розных відах гульняў.

Усе гурткі на гэты час перайменаваны ў артлабараторыі, у якіх з дзецьмі займаюцца «акадэмікі»-педагогі, і ўсё гэта пад прыглядам “рэктара” – дырэктара лагера Таццяны Давідовіч.

Кожны дзень прысвечаны знаёмству з новай дзіцячай гульнёй. Праз правядзенне тэматычных мерапрыемстваў кожнаму дзіцяці даецца магчымасць адчуць сябе ініцыятарам, арганізатарам і актыўным удзельнікам жыцця акадэміі.

Напрыклад, у чацвер праходзіў дзень беларускіх гульняў, падчас якога малечы майстравалі традыцыйныя беларуския цацкі, спаборнічалі ў гульнях, а таксама наведалі народны гісторыка-краязнаўчы музей “Ашмяны: падзеі, людзі” у сярэдняй школе №2.

– Сімвалам нашай акадэміі з’яўляецца Вучоны Кот, які прыглядвае за нашымі дзеткамі. Адпаведна ў нас уведзены і мясцовая ўзнагарода – яе дзеці атрымліваюць за актыўнасць і паспяховасць, за працу ў камандзе і за асабістыя заслугі, – распавяла дырэктар лагера Таццяна Давідовіч.

Акрамя забаў і гульняў педагогі штодня надаюць вялікую ўвагу прафілактыцы бяспечных паводзін дзяцей на вадзе, у лесе, на дарозе, пры абыходжанні з агнём альбо падчас момантаў, калі яны застаюцца без увагі дарослых.

Антон МАЛЬШЭЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *