За закладкай сянажных траншэй на Ашмяншчыне сочыць ветэрынарная служба

Общество

Лета прыспешвае вяскоўцаў: пакуль адныя клапоцяцца пра пасевы — праводзяць хімпраполкі і апрацоўкі, другія шчыруюць на корманарыхтоўцы. Усім вядома, што пераважна кармавая база вызначае ўзровень прадуктыўнасці жывёлы і валавыя аб’ёмы вытворчасці. Нават нязначная незбалансаванасць рацыёна вядзе да парушэння ў арганізме абменных працэсаў, функцыі ўзнаўлення, развіцця захворванняў і заўчаснага выбыцця пагалоўя, памяншэння надояў і прыбаўленняў у вазе. Як ніхто, разумеюць гэта ветэрынарныя ўрачы. Менавіта таму пільную ўвагу надаюць яны кантролю за якасцю нарыхтоўкі кармоў.

Ветурач аддзела таксікалогіі і біяхіміі Ашмянскай ветэрынарнай станцыі Вікторыя Войшніс штодзень наведваецца ў гаспадаркі раёна. У полі яе зроку — закладка сенажных траншэй. Пры выкананні тэхналогіі яны стануць крыніцай пажыўных кансерваў для жывёлы.

— На сённяшні дзень закладка зялёнай масы на сянаж ажыццяўляецца ў васьмі траншэях. Усе яны — у нашым маршруце, — адзначае Вікторыя Войшніс, калі мы накіроўваемся ў гаспадаркі. — Наша служба ўважліва сочыць за працэсам. У сваёй рабоце карыстаемся тэхналагічным рэгламентам нарыхтоўкі травяных кармоў. Згодна з ім сянаж нарыхтоўваюць з правяленай травы з выкарыстаннем кансерванту. Важна атрымаць 40-45 адсоткаў сухога рэчыва.

Першым прыпынкам на нашым шляху стала траншэя ля фермы «Чуркі» КСУП «Гальшаны». Адразу бачна, што справа тут кіпіць. Два «Амкадоры» займаюцца трамбоўкай зялёнай масы. Кантралюе закладку заатэхнік Алег Абугель. Некалькі разоў на дзень у гаспадарцы самастойна вызначаюць тэмпературу закладзенай масы — яна не павінна перавышаць 37 °С. Усе дадзеныя — батанічны склад траў, пачатак закладкі траншэі, фаза вегетацыі раслін, ступень здрабнення масы, вільготнасць, тэмпература, звесткі пра кансервант — заносяцца ў акт кантролю якасці нарыхтоўкі.

Ветурач Вікторыя Войшніс правярае запісы і накіроўваецца мераць тэмпературу бабова-злакавай сумясі шматлетніх траў — менавіта яе нарыхтоўваюць у Чурках. Паколькі ўдзельная шчыльнасць зялёнай масы вельмі высокая — прасунуць доўгі тэрмометр, атрымліваецца не адразу. Для надзейнасці спецыяліст робіць некалькі замераў, на тэрмометры — 33-34 °С. Вызначаць вільготнасць ветурач будзе ў лабараторыі, для гэтага Вікторыя Аляксандраўна адбірае пробу, каб затым атрымаць дакладныя паказчыкі.

Гэтак, ад адной да другой, пераязджаем да фермаў «Біюцішкі», «Навасёлкі» эксперыментальнай базы «Баруны», потым шлях ляжыць да фермаў «Кракоўка» КСУП «Кракоўка», «Дружба» УП «АграГродзі» і іншых.

На кожнай траншэі стаіць гул тэхнікі — з сенажацяў дастаўляецца зялёная маса, наладжана трамбоўка. За тым, каб травы былі раўнамерна правялены, сочаць аграномы. Спецыялісты ведаюць, што ўборка траў на сянаж прамым камбайнаваннем, без папярэдняга правяльвання, недапушчальна. Пасля таго як траву скасілі, яна павінна падсохнуць да вільготнасці 55-60 %. Ля траншэй дзяжураць ветурачы гаспадарак, заатэхнікі, загадчыкі малочнатаварных комплексаў — большасць траншэй размешчана побач з фермамі.

— Сёння плануем закрыць траншэю, — расказвае загадчык комплексу «Біюцішкі» Ганна Шамко. — Для герметычнасці ўтрамбаваная маса накрываецца плёнкай, а зверху — выкарыстанымі шынамі або мяшкамі з пяском. Дзесьці праз месяц кансервацыі можна будзе даследаваць корм на ўтрыманне галоўнага пажыўнага рэчыва — бялка.

А пакуль наш «палявы дэсант» вяртаецца ў ветэрынарную станцыю, у лабараторыі пачынаецца «хімія». Каб вызначыць вільготнасць зялёнай масы, частку пробы памяшчаюць у бюрэтку, узважваюць, а пасля некалькі гадзін сушаць у спецыяльнай машыне. На выхадзе — сена, якое зноў адпраўляюць на шалі. З дапамогай розніцы ў вазе вылічваюць вільготнасць.

Вось такі, няпросты ён, працэс нарыхтоўкі кармоў, — вымагае не толькі фізічных сіл, добрага надвор’я і часу, але і навуковых ведаў.

Людміла РЫБІК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *