Касавіца для вяскоўцаў — адзін з самых адказных перыядаў у кругавароце сельгасработ. Ад яе вынікаў залежыць прадуктыўнасць малочнага статка, яго здароўе і захаванасць, эканамічная эфектыўнасць жывёлагадоўчай галіны. Гэта калі глядзець маштабна. А калі зірнуць на справу вачыма рагулі ці жывёлавода, які штодзень напаўняе жлабы спажыўным кормам, то менавіта касавіца вызначае, наколькі буйны рагаты скот будзе забяспечаны кармавымі адзінкамі. Таму і шчыруюць аграрыі зранку і да позняга вечара на палях.
Аператыўнасці ў нарыхтоўцы кармоў не займаць і працаўнікам УП «АграГродзі».
— У нашых планах нарыхтоўка 5617 тон сенажу, 332 тон сена, 440 тон травы плануем закруціць у стрэйч-плёнку, – адзначае галоўны аграном гаспадаркі Вадзім Субач. – На сённяшні дзень працы ў самым разгары: палову плошчаў ужо скасілі.
Непараўнальны водар свежаскошанай травы стаіць у вёсцы Дружба — побач, на сенажаці, рупяцца механізатары. Вадзім Блажэвіч займаецца кашэннем, на кормаўборачным камбайне працуе Мар’ян Фалевіч, на адвозцы задзейнічаны Антон Маркевіч, Станіслаў Пуцята і Міхаіл Чарняўскі.
Упэўнена вядзе па лузе свой КВК-800 Мар’ян Фалевіч.
— На корманарыхтоўцы працую з 1989-га. Справу гэту добра ведаю, з тэхнікай сябрую, — сціпла ўсміхаецца мужчына, зрабіўшы кароткі перапынак. — Даводзілася кіраваць КСК. Зараз мой надзейны памочнік — КВК-800 «Палессе», прадуктыўнасць якога ў паўтара-два разы вышэйшая. Ды і кормамаса атрымліваецца больш якасная — драбнейшая. Зразумела, што і ўмовы працы ў кабіне не ідуць ні ў якое параўнанне з КСК. Магутны рухавік, кандыцыянер, бартавы камп’ютар значна палягчаюць выкананне задач.
За дзень, адзначае механізатар, можна нарыхтаваць 250 — 300 тон зялёнай масы — канешне, калі не перашкодзяць дождж або раптоўная паломка.
Нягледзячы на не зусім спрыяльнае для росту траў першага ўкосу надвор’е, сумессю на аснове люцэрны, клевера, цімафееўкі мясцовыя аграрыі задаволены — травы наліліся. Цяпер галоўнае — сачыць за выкананнем тэхналогіі і правільна закласці сенаж у траншэі. Яны, дарэчы, знаходзяцца побач з сенажаццю, таму тры адзінкі тэхнікі, якія задзейнічаны на адвозцы, удала спраўляюцца.
Кормаўборачны канвеер працягваецца — трамбоўкай зялёнай масы ўдзень займаецца Аляксандр Блажэвіч, ноччу яго змяняе другі механізатар. Спыняць справу нельга нават на некалькі гадзін. Тэхналогія, акрамя іншага, прадугледжвае асаблівую ўвагу да вільготнасці — на ўсіх стадыях гэтага працэсу. Важна, каб маса не нагрэлася, а пры трамбоўцы выйшла паветра, якое перашкаджае захоўванню сенажу. Для гэтага штодзень патрэбна закладваць слой таўшчынёй не менш за 1 метр. Тэрмін закладкі траншэі — да трох дзён. За гэты час патрэбна паспець скасіць, падвяліць траву, здрабніць, прывезці зялёную масу і ўтрамбаваць яе. Толькі так атрымаецца нарыхтаваць высокаэнергетычны корм з захаваннем усіх пажыўных рэчываў, за які рагулі аддзячаць высокімі надоямі.
— Першы ўкос — гэта толькі пачатак корманарыхтоўкі, наперадзе яшчэ шмат працы, — зазначае галоўны аграном Вадзім Субач. — Касавіца звычайна заканчваецца ажно ў верасні, так што тэхніка будзе працаваць без перапынку.
Людміла РЫБІК.
Фота аўтара.






