«Лясная акадэмія». Выбіраем летнік па душы

Образование

“Каникулы! Завтра я на все забью, на учебу не пойду»! Мне здаецца, што гэта песня знаёма ўсім. Амаль дзевяць месяцаў вучобы праляцелі імгненна. Не будзе надакучлівых званкоў на ўрок, дамашніх заданняў, ранняга пад’ему ў школу. Будуць толькі сонейка, цёплыя летнія вечары, безліч новых эмоцый. А яшчэ многія дзеці адправяцца ў летнікі.

З нецярпеннем чакаю гэтага часу і я. Вось ўжо трэці год запар аддаю перавагу летніку пры Мураванаашмянкоўскай школе, які стаў для мяне родным домам.

Летнік носіць назву “Лясная акадэмія”, а дырэктарам яго на працягу многіх гадоў з’яўляецца Марына Юр’еўна Швабовіч. Яна ўмее знайсці падыход абсалютна да кожнага дзіцяці. Вельмі любяць дзеці і важатага Генадзія Іванавіча Швабовіча. Весці гутаркі з ім –увесь час адкрываць для сябе нешта новае. Гэта чалавек, якога варта назваць “хадзячай энцыклапедыяй”, бо ён можа адказаць на ўсе дзіцячыя “чаму?”, асабліва па гісторыі. А яшчэ ён цудоўны садавод і агароднік.

Змена ў “Лясной акадэміі” пачынаецца звычайна 1 ліпеня і доўжыцца на працягу 18 дзён. Васямнаццаць самых лепшых дзянькоў лета! Колькі ўспамінаў, колькі радасных эмоцый! За тры гады склад дзяцей амаль не змяняецца. Хто пабываў тут аднойчы, захоча абавязкова вярнуцца.

Як праходзяць 18 дзён лагернай змены? Першы дзень – у прыемнай мітусні. Мы займаем пакоі, упрыгожваем школу, знаёмімся з новенькімі. Падчас першай дыскатэкі дзякуючы сакрэтнай гульні і адбываецца наша знаёмства. У першую ноч не спіцца: хочацца падзяліцца ўражаннямі, абгаварыць усё, але пасля доўгіх размоў вочы зліпаюцца самі.

“Дзеткі, пад’ём! Уставайце, ляноткі!”. Раніцай нехта з важатых ходзіць па пакоях і будзіць нас з такой пяшчотай. Пасля ранішніх працэдур і сняданку мы ідзём у “переговорочную”, дзе нам расказваюць план на дзень.

Дзелімся мы на два атрады, а затым на працягу васямнаццаці дзён спаборнічаем між сабой, але гэта аніяк не ўплывае на наша сяброўства. Мы не сядзім без справы ніводнай хвілінкі. Удзельнічаем у конкурсах, ходзім ў паходы. Аднаго разу прайшлі каля 20-ці кіламетраў і нават не стаміліся. Вечарамі мы глядзім фільмы. А яшчэ для нас арганізуюць розныя забаўляльныя мерапрыемствы: “Свая гульня”, “Форт Баярд”, “Слабое звяно”… Мы выбіраем містара і міс лагера і нават “палюем” на настаўнікаў. Мы вельмі любім паездкі за іх незвычайную і цёплую атмасферу, якая збліжае і адкрывае прастору для новых адкрыццяў. У мінулым годзе наведалі велічны Нясвіжскі замак.

Асаблівым месцам для нас з’яўляецца сталоўка. Найперш таму, што тут смачна кормяць – такіх дранікаў, як у Мураванай Ашмянцы, не спячэ вам нават матуля! А калі я ўжо загаварыла пра сталоўку, то раскажу пра дзень, калі ўсё наадварот. Прачнешся зранку і бачыш, што твайго тапка няма. Выходзіш з пакоя, а ў лагеры ўсё наадварот. Чыйсці тапак “прылеплены” да сцяны. А вунь куртка, якая вісіць так высока, што яе не дастаць. Але гэта яшчэ кветачкі! Самае цікавае пачынаецца, калі ты заходзіш у сталовую. Там лаўкі стаяць на сталах, а на іх – порцыі. Пашанцуе таму, хто першым дацягнецца да талеркі. А вось астатнім трэба шукаць свой сняданак па ўсёй сталоўцы. Вы не ўяўляеце, як гэта смешна! Мы атрымліваем зарад добрага настрою на цэлы дзень.

Як жа нам цяжка расставацца, калі змена падыходзіць да заканчэння. Плачам усе – і дарослыя, і дзеці. Такое ўражанне, што частку сэрца пакідаем у сценах гэтай школы.

Для сябе я ведаю дакладна, што тры гады ў “Лясной акадэміі” – гэта не канец. У гэтым годзе мяне ізноў чакае Мураваная Ашмянка!

Іаланта АЎСЯНІК, вучаніца Навасёлкаўскай СШ, слухач школы маладога журналіста пры раённай газеце.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *