Адзін дзень з жыцця сельскай школьніцы

Образование

«Хто рана ўстае, таму Бог падае» – усім нам вядома гэта прыказка. Яна мае непасрэднае дачыненне і да мяне. Зараз паспрабую растлумачыць чаму.

Жыву я ў мілай сэрцу вёсцы Маствілішкі, што размяшчаецца ў шасці кіламетрах ад Навасёлак. Каб дабрацца да месца вучобы, прыходзіцца прачынацца рана. Школьны аўтобус ад’язджае ў 7:20 раніцы, а ўстаю я ў 6:15.

Як цяжка прачынацца, калі навокал яшчэ ўсё спіць! Прачнешся, а затым яшчэ хвілін 15 углядаешся ў сваю “цікавую” сцяну са шпалерамі ў палоску. Затым бярэш усю сваю моц у кулак і становішся на ногі, каб пайсці вымыць твар і пачысціць зубы.

Прывёўшы сябе ў парадак, хуценька бягу апранацца. Калі звечара лянота не захопіць мяне ў свае ўладанні, і ранец з падручнікамі будзе сабраны, то ў мяне застаецца ў запасе яшчэ цэлых 5 хвілін!

Як бы з раніцы матуля ні прымушала мяне есці, не магу ўзяць у рот ніводнага кавалачка. Усё, што я гатова прыняць зранку, гэта звычайная вада.

Пакуль палётаю туды-сюды, на гадзінніку ўжо 7:20, і я стаю з мясцовымі дзецьмі ў чаканні нашага жоўценькага аўтобусіка, які павязе нас у школу. На месцы я ўжо ў 7:40-7:45, пераабуваюся і іду ў свой клас. У мяне больш за гадзіну часу да пачатку заняткаў, якую я магла б соладка правесці ў сваім ложку, але ж выбару ў мяне няма.

Чаму я прысвячаю гэты час? Як варыянт, можна паўтарыць хатняе заданне ці завіснуць у тэлефоне. А можна проста сядзець і марыць у чаканні сваіх аднакласніц.

У класе нас – тры дзяўчынкі. Вось вы падумаеце: “Ого, усяго тры чалавекі! Гэта ж на кожным уроку выклікаюць!”. А я вам адкажу, што так, на кожным, але чалавек прывыкае да ўсяго. Вось і мы прывыклі! Затое ў нас практычна індывідуальнае навучанне! На носе ўжо заканчэнне вучобы. Я — дзесяцікласніца, хаця зусім яшчэ нядаўна стаяла “ў белых бантах” на першай школьнай лінейцы і з цікавасцю глядзела, што адбываецца навокал. Час ляціць так хутка, што не паспяваеш азірнуцца.

Мае развагі парушае званок. У 9:00 пачынаюцца ўрокі. На першым сяджу ў задуменні: толькі б не заснуць. Галоўнае – зрабіць выгляд, што я ўважліва слухаю і мне ўсё зразумела. У нашай школе адкрылі профільны клас – педагагічны з ухілам на фізкультуру і біялогію. Так атрымалася, што ў яго трапілі менавіта мы. Штодня фізкультура – мара кожнага школьніка (напэўна!), таму можаце нам пазайздросціць! Але вось кожны дзень біялогія – не надта лёгка. Але вялікі плюс у тым, што з нашай настаўніцай біялогіі вельмі цікава. Часам мне здаецца, што яна можа расказаць увесь курс біялогіі без дапаможнікаў, і нават больш. На яе ўроках не засумуеш, што мне вельмі імпануе!

І вось мой арганізм пачынае прачынацца і прасіць ежы. Чаму ж я не ела на раніцы, калі мама накладвала мне ў талерку столькі прысмакаў?! Я з нецярпеннем чакаю чацвёртага ўрока, пасля якога мы пойдзем у сталоўку. Зараз вы мне не паверыце, але я лічу, што ў нашай сталовай гатуюць самую смачную ежу! Мы часта просім дабаўкі, і нам ніколі ў гэтым не адказваюць.

Люблю я нашу Навасёлкаўскую школу. І не толькі таму, што вучуся тут столькі часу і ўсё мне знаёмае і роднае. Калектыў тут вельмі дружны. Нядаўна прайшлі майскія святы, і мы ўсёй школай рыхтаваліся да мерапрыемстваў. Так цікава было назіраць за тым, як усе мітусяцца, стараюцца, аж на душы станавілася радасна.

У такой прыемнай мітусні праходзіць дзень за днём. Вось і чарговы прамільгнуў бясследна. А на гадзінніку ўжо 15:10. Я стаю на ганку школы і чакаю, калі настаўнік збярэ ўсіх дзяцей і мы паедзем дадому на нашым жоўтым аўтобусе. Недзе а палове чацвёртай я ў хаце. Матуля нагатавала шмат прысмакаў і ўжо чакае, каб мяне накарміць. Пасля падвячорка цела ахоплівае лёгкая стома: хочацца трошкі адпачыць. Зімой лягчэй: прыйшоў, паеў, зрабіў “дамашку” і ўвесь вечар займайся сваімі справамі. Вясной жа чакае праца. То клумбы неабходна прапалоць, то дапамагчы маме на агародзе. Работа на вёсцы знойдзецца заўсёды, без справы ніхто не сядзіць. Тут усе ведаюць адзін аднаго, калі што – дапамагаюць і жывуць дружна!

Не аглянешся, як наступае вечар. У 21:00 мне вельмі хочацца спаць, сіл зусім не засталося. Засынаю я хутка, ледзь толькі галава дакранецца да падушкі.

А заўтра мяне ізноў чакае новая раніца, каб прадоўжыць кругазварот майго такога цікавага і такога кароткага дзяцінства.

Іаланта АЎСЯНІК, вучаніца 10 класа Навасёлкаўскай СШ, слухач школы маладога журналіста пры раённай газеце.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *