У Ашмянскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшлі майстар-класы для педагогаў дадатковай адукацыі

Образование

Творчасць – неад’емная частка жыцця чалавека, бо праз выяўленчае мастацтва, музыку, танцы ўзбагачаецца ўнутраны свет, а кожная асоба самаўдасканальваецца. Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – установа, якая дае магчымасць пашырыць уласныя гарызонты, навучыцца новаму, узбагаціць свае веды.

17 мая на базе Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі адбыліся V адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы, якія закранулі тэму мастацкай рэканструкцыі і аднаўлення элементаў этнакультуры ў дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах фальклорнага і дэкаратыўна-прыкладнога накірункаў. У гэты дзень у цэнтры сабраліся педагогі дадатковай адукацыі з Астравецкага, Смаргонскага і Ашмянскага раёнаў. Ірына Буйніцкая, дырэктар установы, прывітала ўдзельнікаў, а пасля правяла для іх невялікую аглядавую экскурсію. Педагогі наведалі музей піянерскага руху, пазнаёміліся з выставамі, наведалі кабінеты, у якіх праводзяцца заняткі.

У актавай зале ўдзельнікаў майстар-класаў ужо чакаў узорны ансамбль песні і танца “Званочкі”. Удзельнікі ансамбля прывіталі гасцей і падаравалі ім некалькі выдатных нумароў. Фальклорныя кампазіцыі здзівілі і ўразілі слухачоў. Кіраўнік ансамбля Вера Федарэнка расказала пра станаўленне фальклорнай групы, удзел у конкурсах і фестывалях, а таксама падзялілася сакрэтамі паспяховай дзейнасці. Прысутнічала на мерапрыемстве і Святлана Баркоўская, начальнік упраўлення адукацыі. Яна падзякавала прысутным за тое, што знайшлі час і прыехалі на майстар-класы.

Батлеечны спектакль дапамог акунуцца ў свет фальклору, дакракнуцца да вытокаў вуснай народнай творчасці. Іна Яновіч прыехала са Смаргонскага раёна. Разам са сваімі выхаванцамі яна прадставіла фальклорную казку “Калабок”. Яшчэ ў студэнцкія гады жанчына захапілася фальклорам і лялечным тэатрам, а пасля здолела зацікавіць гэтым і падрастаючае пакаленне. А Кацярына Дудзінская заклікала ўсіх паспрабаваць сябе ў народных танцах. Разам з педагогам прыехалі і вучні, якія ўвішна танцавалі і запрашалі гасцей далучыцца да танцаў. Майстар-клас Анастасіі Бандарэнка аказаўся вельмі цікавым і запамінальным. Яна вучыла гасцей майстраваць керамічную птушку-свістульку. Некалькі лёгкіх рухаў – і вось ужо ў руках удзельнікаў з’явіліся маленькія вясновыя птушачкі.

Таццяна Дзёмка прадстаўляла Астравецкі цэнтр творчасці. Яна прапанавала прысутным зрабіць ляльку сваімі рукамі. У кожнага атрымалася свая прыгажуня-беларусачка. З тэхналогіяй вырабу саламяных кветак пазнаёміла прысутных Валянціна Віннічак. Яна прадэманстравала ўдзельнікам і свае гатовыя вырабы, якія ўразілі і здзівілі.

Педагогам з Ашмянскага раёна таксама ёсць што паказаць. Валянціна Вербіловіч з’яўляецца кіраўніком узорнай студыі выяўленчага мастацтва “АртМир”. Яна правяла для гасцей майстар-клас па працы з гіпсам. З вялікім энтузіязмам удзельнікі ўключыліся ў працу, а Валянціна Станіславаўна давала інструкцыі і аказвала дапамогу.

Лён – традыцыйная расліна для Беларусі. Ільняныя вырабы з’яўляюцца запатрабаванымі і папулярнымі. Аднак лён выкарыстоўваецца не толькі для стварэння сурвэтак, абрусоў, адзення. Наталля Ромаш, кіраўнік узорнай студыі “Чароўны куфэрак” Ашмянскага цэнтра творчасці, выкарыстоўвае стрыжаны лён для вырабу птушак. Паспрабавалі свае сілы ў гэтай нялёгкай справе і ўдзельнікі майстар-класа. Для большасці гасцей такі вопыт аказаўся першым.

Вольга Суравец прапанавала гасцям асвоіць тэхніку стрынг-арт і стварыць адмысловае пано. Многія чулі пра незвычайную тэхніку, але толькі адзінкі спрабавалі ў ёй працаваць.

Майстар-класы аказалі ўплыў на ўдзельнікаў, дапамаглі акунуцца ў свет творчасці, адкрыць для сябе штосьці новае, а таксама падзяліцца вопытам з калегамі. Завяршылася мерапрыемства рэфлексіяй. Кожны мог выказаць сваё меркаванне, падзяліцца адчуваннямі, расказаць пра свае ўражанні ад майстар-класаў і, напэўна, забраць з сабой добры настрой і каштоўны вопыт.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *