Узорны ансамбль песні «Званочкі» сярэдняй школы № 1 г. Ашмяны імя М.М. Гружэўскага існуе больш за тры дзясяткі год. Створаны напачатку 1990 года музычны гурток з цягам часу вырас у ансамбль — ініцыятыва былога дырэктара школы Міхаіла Гружэўскага і настаўніцы музыкі Веры Федарэнкі атрымала працяг. І калі ў 1993 годзе гурток пачынаўся з дзесяці чалавек, то зараз у фальклорным ансамблі песні “Званочкі” каля ста ўдзельнікаў. Ансамбль складаецца з некалькіх груп: харавой, вакальнай, падрыхтоўчай. За час існавання ансамбля змянілася некалькі пакаленняў яго ўдзельнікаў, каля чатырохсот вучняў займаліся ў “Званочках”.
Захапленне народнай музыкай і танцамі для большасці з іх не закончылася выпускным балем. Многія працягваюць і далей займацца ў студэнцкіх творчых калектывах. “Званочкі” дапамаглі некаторым былым выхаванцам ператварыць сваё хобі ў жыццёвае і прафесійнае прызванне. Так, выпускніца школы Марына Завацкая з’яўляецца салісткай арт-групы “Багач”, Вольга Гайдзіс узначальвае народны ансамбль песні і танца “Крыніцы” ў раённым доме культуры, Вадзім Лукашэвіч стаў хормайстрам маладзёжнага камернага хору Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
Любоў да музыкі застаецца ў сэрцах колішніх удзельнікаў калектыву. Яскравыя выступленні, аўтэнтычныя песні, прадуманыя вобразы, жанравая рознабаковасць і паўнацэннасць рэпертуару адрозніваюць ансамбль «Званочкі», які рэгулярна адзначае перамогі. Першы дыплом лаўрэата калектыў атрымаў яшчэ ў 1991 годзе на ўсесаюзным конкурсе выканаўцаў народнай песні. Затым былі шматлікія конкурсы і фестывалі народнай творчасці абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.
У маі 1993 года за творчае развіццё нацыянальных, культурных традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць ансамблю песні і танца “Званочкі” было прысвоена высокае званне “Узорны аматарскі калектыў”, якое ў мінулым годзе было ў чарговы раз пацверджана. Бяззменным кіраўніком калектыву застаецца Вера Іванаўна Федарэнка, поруч з якой працуе таленавіты выканаўца і акампаніятар Мікалай Паўлавіч Федарэнка. Для ансамбля “Званочкі” Мікалай Федарэнка апрацоўвае песні, стварае аранжыроўкі. А яшчэ ён з’яўляецца кіраўніком узорнай студыі эстрадных спеваў “Палёт”. Вера Іванаўна і Мікалай Паўлавіч прыкладаюць шмат намаганняў, каб у дзяцей сфарміраваўся музычна-эстэтычны густ, любоў да беларускай песні, каб развіваліся творчыя здольнасці, а ва ўзаемаадносінах былі не толькі шчырасць і праўдзівасць, але і пачуццё высокай адказнасці.
Ансамбль па-ранейшаму вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, удзельнічае ў конкурсах, фестывалях, аглядах мастацкай самадзейнасці, займаецца пошукавай дзейнасцю, удзельнічае ў правядзенні майстар-класаў, семінараў. А нядаўна творчы калектыў даваў канцэртную праграму «Голасам Радзімы звіняць «Званочкі» на сталічнай сцэне. Падчас XX рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці, прысвечанай Году міра і стварэння, асабліва пранікнёна гучалі галасы ашмянскіх аматараў музыкі. На працягу дзесяцігоддзяў яны захоўваюць і прымнажаюць лепшыя традыцыі народных спеваў, знаёмяць слухачоў з музычным багаццем Беларусі, яе культурай і спадчынай.
Людміла РЫБІК.


