Сакрэт поспеху Святланы і Елізаветы Лабачэўскіх

Образование

Пра таленавітую вучаніцу СШ № 3 Елізавету Лабачэўскую неаднойчы пісала раённая газета. Дзяўчына актыўна ўдзельнічае ў раённых алімпіядах і творчых конкурсах, дзе паказвае выдатныя вынікі. У гэтым годзе школьніца заваявала трэцяе месца ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Акрамя таго, вучаніца стала пераможцай рэспубліканскага прававога турніру “Сіла Закона”. У пачатку года яна прыняла ўдзел у тэлевізійным праекце “Я ведаю!” За  плячыма  Елізаветы – безліч перамог рознага ўзроўню. Таленавітая дзяўчынка была заўважана і адзначана абласной прэміяй імя А. Дубко за высокія дасягненні ў вучэбнай дзейнасці і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Елізавета шмат чытае, цікавіцца літаратурай і гісторыяй, імкнецца развівацца і самаўдасканальвацца. Яна з’яўляецца добрым прыкладам для сваіх аднакласнікаў.

Аднак за плячыма кожнага таленавітага дзіцяці стаяць людзі, якія яго стымулююць, натхняюць, дапамагаюць рабіць першыя крокі. Бацькі і настаўнікі – гэта сапраўдная падтрымка і прыклад для дзяцей. Елізавеце ў гэтым плане пашанцавала. Святлана Уладзіміраўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, падтрымлівае сваю таленавітую вучаніцу, дапамагае ёй рэалізавацца, накіроўвае і стымулюе. Разам яны перачытваюць беларускую літаратуру, знаёмяцца з разнастайнай тэрміналогіяй, адольваюць усе цяжкія і складаныя моманты. А ў нефармальнай абстаноўцы дзяўчынка называе сваю настаўніцу шчырым і прыгожым словам – мама.

Быць настаўніцай у сваёй дачкі – справа адказная і складаная. Святлана Лабачэўская аднолькава адносіцца да ўсіх вучняў, а дачцэ ніколі не дае паслаблення. Ліза добра пра гэта ведае, таму да ўрокаў мовы і літаратуры рыхтуецца асабліва шчыра і рупліва. Напэўна, гэта паспрыяла таму, што школьніца ўсур’ёз зацікавілася беларускай мовай і літаратурай. Бясспрэчна, немалаважную ролю адыграў і прыклад мамы, якая з дзяцінства чытала дачушцы беларускія вершы і казкі, а са сваімі вучнямі размаўляла выключна на беларускай мове.

Святлана Лабачэўская – актыўны і апантаны педагог. Яна імкнецца паглыбляць свае веды, удасканальваць прафесійнае майстэрства. Настаўніца ўдзельнічае ў разнастайных конкурсах прафесійнага майстэрства, педагагічных фестывалях, а сваім вопытам дзеліцца на старонках педагагічнай перыёдыкі. У кабінеце беларускай мовы і літаратуры прыгожа і ўтульна. Усё гэта – справа рук апантанай настаўніцы. Кабінет беларускай мовы і літаратуры справядліва быў прызнаны лепшым у вобласці. Настаўніца з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, кіраўніком школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў-славеснікаў. А ў летні час Святлана Уладзіміраўна ўзначальвае школьны аздараўленчы лагер. Актыўна праяўляе сябе педагог і ў грамадскім жыцці: Святлана – старшыня першаснай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, сакратар першаснай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Настаўніца ўваходзіць у склад ідэалагічнага актыву СШ № 3, член інфармацыйнай групы ўстановы, уваходзіць у раённую Школу рэзерву кадраў, з’яўляецца народным засядацелем суда Ашмянскага раёна. Святлана – пуцяводная  зорка для дачкі, якая пераймае мамін энтузіязм, стараннасць і адказнасць. Зараз у сям’і Лабачэўскіх з’явілася яшчэ адна нагода для гонару: фотаздымак таленавітай настаўніцы ўпрыгожыў раённую Дошку гонару.

Выхоўваць на сваім прыкладзе – у гэтым заключаецца жыццёвая філасофія Святланы Лабачэўскай. І пакуль гэтая ісціна яе не падводзіла.

Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *