5 мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень друку. Гэтае свята ахоплівае вялікую колькасць людзей, якія тым ці іншым чынам звязаны з гэтай галіной. Друкаваныя выданні карыстаюцца вялікай папулярнасцю і павагай у насельніцтва: каляровыя часопісы і газеты ёсць у кожным доме. У нашым горадзе можна заўважыць прыгожыя кіёскі з каляровай шыльдай “БЕЛСАЮЗДРУК”. Менавіта тут гараджане і жыхары раёна набываюць часопісы, газеты, дзіцячыя кнігі. Акрамя таго, тут можна набыць іншыя тавары: цацкі, сродкі асабістай гігіены, прысмакі, насенне, сувенірную прадукцыю. У гарадскіх кіёсках працуюць сапраўдныя спецыялісты з вялікім працоўным стажам. Сярод іх – Ірына і Ганна Ігнатовіч. Ірына і Ганна – родныя сёстры. Калісьці яны і падумаць не маглі, што будуць працаваць у адной сферы, аднак лёсам было наканавана па-іншаму.
Ірыну са школы прываблівала бухгалтэрыя, таму яна без ваганняў вырашыла атрымліваць гэтую спецыяльнасць. Прафесія яе захапляла дакладнасцю, а праца з лічбамі была па душы. Аднак працаваць па спецыяльнасці давялося нядоўга. Адпрацаваўшы адзін год у аддзяленні сувязі бухгалтарам, жанчына паспрабавала свае сілы ў якасці сакратара. На гэтай пасадзе давялося адпрацаваць два гады. Пасля хтосьці са знаёмых у размове прыгадаў, што ў гарадскім кіёску вызвалілася месца. Жанчына вырашыла паспрабаваць і ўладкавалася ў кіёск. З таго дня прайшло дваццаць восем год. Ірына ніколі не задумвалася пра тое, каб памяняць працу і знайсці іншы занятак.
Праца ў кіёску сумяшчае і працу з лічбамі, і жывыя зносіны з пакупнікамі. Многія прыходзяць за газетамі і часопісамі на працягу доўгіх гадоў, з імі наладжаны асаблівы кантакт, бо за гэты час пастаянныя пакупнікі сталі блізкімі, па-сапраўднаму сваімі. З 1994 года многае змянілася: абнавіўся калектыў, памяняўся знешні выгляд кіёскаў, а ў асартыменце з’явіліся новыя выданні. Ірына за гэты час працавала ў розных кіёсках. Зараз працуе ў кіёску № 5, што знаходзіцца ў квартале Будаўнікоў. Пазнаць жанчыну можна па шчырай усмешцы і добразычлівасці.
-Мне цяжка ўявіць сябе на іншым месцы. Я вельмі прызвычаілася да сваёй працы, да нашых людзей, а за 28 гадоў сабралася безліч цёплых успамінаў. Безумоўна, як і кожны чалавек, я часам стамляюся, аднак гэта не адбіваецца на маёй дзейнасці.
Як сталася, што і малодшая сястра прыйшла працаваць у кіёск? Гэтае пытанне ўвесь час круціцца ў маёй галаве, а праз некаторы час я наважваюся задаць яго сваім суразмоўцам. На гэты раз адказвае Ганна:
— Старэйшая сястра Іра заўсёды была для мяне прыкладам і ўзорам. Я імкнулася быць падобнай да яе нават у дробязях. Я скончыла Маладзечанскі політэхнічны каледж, непрацяглы час працавала ў адной з арганізацый нашага горада. У 1998 годзе ў адным з гарадскіх кіёскаў вызвалілася месца. І я вырашыла пайсці па слядах старэйшай сястры. Так і засталася ў гэтай прафесіі.
Месяц таму споўнілася 25 год з таго часу, як Ганна прыйшла на працу ў кіёск. З прыгожай датай жанчыну павіншаваў калектыў. Цяпер Ганна працуе ў кіёску № 2. Пакупнікоў заўсёды багата: кіёск размяшчаецца каля аўтастанцыі, таму пасажыры часта забягаюць за газетай ці часопісам. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца раённая газета, бо яна з’яўляецца крыніцай мясцовых навін. Цікавяцца пакупнікі і рэспубліканскімі выданнямі. Часопісы з крыжаванкамі, дзіцячыя газеты таксама вельмі запатрабаваны. Сродкі асабістай гігіены, ласункі, цацкі – пакупнікі прыходзяць за рознымі таварамі.
Ірына жыве ў горадзе, а Ганна – у вёсцы Повішні. У вольны ад працы час яны працуюць на зямлі, займаюцца вырошчваннем кветак і гародніны. У вёсцы Ганну ведаюць як руплівую гаспадыню, а яе двор патанае ў кветках і дэкаратыўных кустарніках. Ірыну вабіць кулінарыя. Яна імкнецца парадаваць сваіх родных незвычайнымі стравамі. У абедзвюх жанчын ёсць дарослыя дзеці. Ірына выхавала цудоўных сыноў – Ігара і Вадзіма. Яе хлопцы трывала стаяць на нагах, таму за іх жанчына спакойная. Пакрысе падрастае і ўнучка Вікторыя. Яна дапамагае бабулі спраўляцца з хатнімі справамі, разам кулінарыць. У Ганны таксама двое дарослых дзяцей. Дачцэ Дзіяне споўнілася 27 год, а сыну Аляксандру – 17. Дзеці – сапраўдная радасць для жанчын. Яны акрыляюць, стымулююць да руплівай працы.
Самі жанчыны таксама прызвычаіліся да кніг, часопісаў і газет. Чытанне – неад’емная частка іх жыцця. Яны добра ведаюць структуру і змест кожнага выдання, таму заўсёды могуць параіць пакупнікам патрэбную газету ці часопіс. Кажуць, што ў наш час людзі мала чытаюць. Жанчыны не згодны з гэтым выказваннем, бо попыт на газеты і часопісы і зараз знаходзіцца на высокім узроўні. Пакуль ёсць попыт на выданні, працай жанчыны будуць забяспечаны.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.



