Рамуальда Ануфрыева: старонкі жыцця і творчасці

Общество

Днямі жыхарцы Ашмян Рамуальдзе Іосіфаўне Ануфрыевай спаўняецца восемдзесят гадоў. Жанчыну добра ведаюць у раёне: хто — як былога партыйнага работніка, хто – як настаўніка рускай мовы і літаратуры, хто – як сацыяльнага педагога і кіраўніка музея сярэдняй школы № 1, хто – як выдатную самабытную паэтку. Яе жыццё заўсёды было напоўнена падзеямі, працай і творчасцю. Рамуальда Іосіфаўна ніколі не шукала лёгкіх дарог, а там, куды накіроўваў яе лёс, заўсёды працавала самааддана і натхнёна. Няма ў жанчыне пафаснасці і ганарлівасці, яна адкрытая і шчырая, уважлівая і тактоўная. На стале – стос ганаровых грамат і падзяк, два медалі, працоўная кніжка і зборнік вершаў, якія красамоўна расказваюць аб яе жыцці.

“Вёска лясная – край мой дзяцінства”

Нарадзілася Рамуальда на Дзятлаўшчыне, у вёсцы Вялікія Шастакі, была сярэдняй з траіх дачок у сялян Іосіфа і Марыі Тарасік. Пасляваеннае дзяцінства не было салодкім і бясхмарным. Дзеці вайны адчулі і голад, і нястачу, але бацькі, якія атулілі клопатам сваіх дзяцей, выхавалі ў іх любоў да родных мясцін. Вясковая хата, дзе прайшло дзяцінства, стала здавацца маленькай з гадамі. Але толькі тут заўсёды чакалі бацькі, тут сніліся, “як у юнацтве, маладыя сны”, толькі тут можна было адчуць незвычайны спакой на сэрцы. Даўно няма бацькоў – “і тата, і матуля спяць на ўзгорку, дзе жоўценькі, бы золата, пясок”, але сувязь з імі не разрываецца. Рамуальда Іосіфаўна, наведаўшы іх магілы, адчувае  бацькоўскае бласлаўленне, якое адчуваецца ад святла дзвюх свечак, якія прыветна гараць услед: ”Шчаслівай, дачушачка, дарогі”. І вершы ў Рамуальды часцей складаюцца на роднай мове. Свой першы паэтычны твор яна напісала яшчэ ў пятым класе – у школьную насценную газету. Гэта быў сатырычны верш пра двоечнікаў. Ніхто не прапаноўваў ёй пісаць, вершы сталі нараджацца самі. Многія з іх, асабліва першыя, не захаваліся.

“…Мо й не было іх, тысячы дарог?!”

Нягледзячы на творчую натуру, Рамуальда паступае ў Слонімскае медыцынскае вучылішча – бліжэй да дома. А пасля заканчэння ўстановы ў 1960 годзе па размеркаванні едзе ў Астравец, дзе працуе ў раённай бальніцы інструктарам па санітарнай асвеце, у санстанцыі — загадчыкам дэзынфекцыйнага аддзела. А свае творчыя памкненні і здольнасці дзяўчына рэалізуе ў рабоце астравецкай агітбрыгады, складаючы прыпеўкі, з’яўляецца актыўным удзельнікам народнага тэатра, піша вершы, супрацоўнічае з астравецкай раённай газетай.

Праз тры гады, пасля аб’яднання Астравецкага і Ашмянскага раёнаў, Рамуальда пераязджае ў Ашмяны, дзе працуе памочнікам эпідэміёлага ў Ашмянскім санэпідаддзеле. Тут жа працягвае ўдзел у рабоце народнага тэатра. Маладую актыўную дзяўчыну заўважыла кіраўніцтва раёна, і ў 1976 годзе яна стала другім сакратаром Ашмянскага райкама камсамола. Рамуальдзе Іосіфаўне заўсёды хацелася вучыцца, спасцігаць штосьці новае. Каб можна было б вучыцца завочна ў медыцынскім інстытуце, яна працягнула б сваю адукацыю ў гэтай галіне. Але такое немагчыма, і дзяўчына вырашыла стаць настаўнікам. У 1971 годзе Рамуальда скончыла Гродзенскі педінстытут, некалькі гадоў працавала ў сярэдняй школе № 1. Затым на працяглы час, да 1991 года, лёс звязаў яе з Ашмянскім раённым камітэтам кампартыі Беларусі, дзе яна працавала на розных пасадах, узначальвала раённае таварыства “Веды”. У 70-х гадах пачалося і творчае супрацоўніцтва Рамуальды Ануфрыевай з раённай газетай.

“…Бо здаўна завецца першай школа першая мая”

1991 год для многіх стаў пераломным у жыцці. Аднойчы, прыйшоўшы як заўсёды на працу, Рамуальда ўбачыла запячатаныя сургучом дзверы – сектар партыйнага ўліку закрылі. Яшчэ некалькі дзён яна прыходзіла на працу і “адседжвала” рабочыя гадзіны ў калідоры. Запрашэнне дырэктара сярэдняй школы № 1 Міхаіла Гружэўскага вярнуцца на працу настаўнікам стала выратавальным і лёсавызначальным. Сярэдняй школе № 1 Рамуальда Іосіфаўна аддала трыццаць год. Школа стала для яе не проста местам працы, а яе другім жыццём. Дырэктар падтрымліваў, але ў той жа час быў патрабавальным і прынцыповым.

Настаўнікам рускай мовы і літаратуры, а таксама класным кіраўніком Рамуальда Іосіфаўна была пяць год, выпусціла адзін клас. Кожны год хто-небудзь з яе выпуска абавязкова бывае на вечары сустрэчы. Чатырнаццаць былых вучняў-гарэзаў прыйшлі ў школу да свайго любімага класнага кіраўніка і ў гэтым годзе — у юбілейны 25-ы год. “Неслухмянаму” шостаму класу прысвечаны радкі паэткі: “Усе розныя вы такія, часам – добрыя, часам – благія, адзіныя ў цэлым свеце дваццаць першага веку дзеці”. Гэты верш яе выпускнікі ведаюць на памяць.

З 1997 года на працягу шаснаццаці год Рамуальда Ануфрыева працавала сацыяльным педагогам, вырашала праблемы дзяцей і бацькоў, дапамагала апошнім пазбавіцца ад шкодных звычак, вырашала іх шматлікія сямейныя праблемы, бо немагчыма дапамагчы толькі дзіцяці — нешчаслівыя бацькі не могуць даць шчасця дзецям. Па ініцыятыве Рамуальды Іосіфаўны напярэдадні навагодніх і калядных свят у школе сталі ладзіцца дабрачынныя кірмашы. Сацыяльны педагог часцей сутыкаецца з праблемнымі сем’ямі, праблемнымі дзецьмі, у гэтай прафесіі можна хутка зачарсцвець душой. А Рамуальда Іосіфаўна піша вершы і ў іх знаходзіць выхад сваім пачуццям: “Опомнись, безумная мама, ты в пропасть стремишься упрямо…”

З самага пачатку працы ў школе ў Рамуальды Іосіфаўны быў яшчэ і грамадскі абавязак. Яна збірала матэрыял пра гісторыю школы, пісала пра яе былых кіраўнікоў, педагогаў-ветэранаў. Пазней распрацоўвала экскурсіі. Доўгі час матэрыялы музея размяшчаліся ў прыстасаваным памяшканні, а калі быў пабудаваны новы школьны корпус, музей заняў у ім сваё пачэснае месца, а ў 2012-м атрымаў званне “Народны”. З гэтага часу Рамуальда Іосіфаўна стала загадчыкам музея і да 2021 года працавала ў ім.

За патрыятычнае выхаванне моладзі жанчына ўзнагароджана медалём “70 лет Победы в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.” Сярод яе шматлікіх узнагарод – медаль “Ветэран працы”, ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Ашмянскага райвыканкама.

“У вас ёсць талент, пішыце”

Так некалі ёй сказаў Васіль Быкаў, з якім яна пазнаёмілася яшчэ ў час вучобы ў Гродне. І яна пісала: пра родную вёску, матулю, любую Беларусь, пра тое, што адчувае, ад чаго пакутуе і баліць душа, чым жыве і цешыцца сэрца. Яе вершы друкаваліся ў “Настаўніцкай газеце”, “Гродзенскай праўдзе”. Шмат шчымлівых паэтычных радкоў было размешчана і на старонках раённай газеты. Яе вершы чыталі на радыё, з біяграфіяй паэткі можна пазнаёміцца на старонках выдання “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь” (Жанчыны Беларусі). Каля дваццаці вершаваных твораў Рамуальды Ануфрыевай паклалі на музыку мясцовыя кампазітары Мікалай Федарэнка, Мікалай Разенберг, Уладзімір Карасёў. Кожны навучальны год пачынаецца і заканчваецца ў першай школе гімнам на яе словы. Верш Рамуальды Іосіфаўны стаў і гімнам настаўніцтва Ашмяншчыны. Шмат радкоў яна прысвяціла калегам, дырэктару і ўстанове адукацыі, Ашмянам, якія сталі для яе другой радзімай. У 2012 годзе камп’ютарным спосабам пры дапамозе раённай бібліятэкі быў выдадзены зборнік вершаў паэткі “І вера, і вернасць, і вечнасць”. Прадмову да яго напісаў заслужаны работнік культуры Беларусі, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, былы рэдактар раённай газеты Юрый Нікалаеў. Гэта яму належаць радкі “бо лёсам ёй наканавана пісаць, тварыць і жыць у Ашмянах”.

Хутка бяжыць час, адлічваючы хвіліны, гадзіны, гады. Зусім нядаўна, здаецца, усё было ўперадзе, не паспела азірнуцца, а большая частка жыцця – за плячыма… Сын Аляксандр сам тройчы стаў татам. Радуюць сваімі поспехамі ўнукі і баліць за іх душа: “Молюсь за них тихонько Богу, чтоб жизнь у них счастливою была”.

Здароўя і творчага плёну Вам – сціплы чалавек, выдатны педагог, годны грамадзянін, сапраўдны паэт.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *