Гераічныя старонкі жыцця Веры Жабінскай

Общество

Памяць – гэта аснова жыцця, на якой трымаецца кожны з нас. Гэта падмурак, аснова, глеба, дзякуючы якой мы існуём як нацыя, як народ. Яна дапамагае падтрымліваць сувязь з нашым мінулым, з тымі падзеямі, якія мелі месца ў гісторыі.

У краязнаўчым музеі Барунскай школы рупна захоўваюцца рэчы Веры Антонаўны Жабінскай: пасведчанне аб узнагароджанні яе медалем “За баявыя заслугі”, медалі “20 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” і “25 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”. Вера Антонаўна была актыўнай партызанкай, а пасля – ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Узнагарода “За баявыя заслугі” з’яўляецца найбольш каштоўнай. Медаль такога рангу ўручаўся ваеннаслужачым, якія актыўна праявілі сябе ў барацьбе з ворагам і сваімі ініцыятыўнымі дзеяннямі спрыялі поспеху. Узнагароджанне медалём праводзіў Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР. Сам медаль мае форму правільнага круга,  яго вага – 19,725 г, а дыяметр складае 31-32 мм. Аўтарам выявы на медалі з’яўляецца Сяргей Дзмітрыеў. Узнагароды вырабляліся з серабра 925 пробы. Сама ўзнагарода, на жаль, не захавалася. У школьным музеі захоўваецца толькі пасведчанне аб яе атрыманні.

Вера Жабінская за сваё жыццё неаднаразова адзначалася рознымі ўзнагародамі, якія паказвалі яе актыўную грамадзянскую пазіцыю. Медалі “Ветэран працы”, “За баявыя заслугі” – гэтыя і многія іншыя ўзнагароды гавораць аб мужнасці, смеласці і працалюбстве красамоўней любых слоў.

Нарадзілася Вера Антонаўна ў маі 1925 года ў невялікай вёсцы Дзясятнікі Валожынскага раёна ў простай сялянскай сям’і. Яе жыццё з маленства было звязана з цяжкай працай. Калі дзяўчыне споўнілася сем год, яна пайшла вучыцца ў школу. Аднак цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і перашкодзіла скончыць вучобу. Пасля трох класаў школы дзяўчына была вымушана ісці працаваць. У 1939 годзе Чырвоная армія вызваліла Заходнюю Беларусь, для людзей адкрываліся новыя перспектывы, з’явілася нязломная вера ў светлую будучыню. Вера Антонаўна хацела рупна працаваць і быць карыснай для сваёй краіны, таму накіравалася на курсы трактарыстаў у Крычаў. За шэсць месяцаў яна паспяхова асвоіла новую спецыяльнасць і пайшла працаваць на трактар.

У маі 1941 года жанчына выйшла замуж і разам з мужам паехала ў Віцебскую вобласць. Аднак жаночае шчасце было кароткім: пачалася вайна і муж быў накіраваны на фронт. Вера ж засталася ў Віцебску. Пэўны прамежак часу жанчына нідзе не працавала. Праз некаторы час моладзь сталі вывозіць у Германію. Менавіта тады далікатная Вера зрабіла сур’ёзны і гераічны крок – пайшла ў партызаны. Мужная жанчына змагалася з ворагам у складзе трэцяй партызанскай брыгады, удзельнічала ў розных партызанскіх акцыях. І, здаецца, зусім не баялася смерці. Неаднаразова адважная партызанка знаходзілася на валасок ад смерці. У той час партызаны арганізоўвалі “рэйкавыя войны”, знішчалі чыгуначныя камунікацыі, перашкаджаючы тым самым свабоднаму перамяшчэнню тэхнікі і жывой сілы ворага. Полацк – Невель і Віцебск – Полацк – гэтыя ўчасткі чыгункі былі пад пільнай увагай партызанскай брыгады. У чэрвені 1942 года брыгада вяла баі за вёскі Вялікае Сітна і Кавалі, а ў снежні 1942 года партызаны брыгады вялі жорсткія баі з захопнікамі каля вёсак Жуковічы і Забалоцце. У 1943 годзе Вера Антонаўна прымала актыўны ўдзел у абарончых баях каля вёсак Матарына і Лешня. У другой палове 1943 года партызаны нанеслі сур’ёзныя ўдары па пераправах праз раку Дрыса. Менавіта тут партызанская брыгада аб’ядналася з часткамі Чырвонай арміі ў лістападзе 1943 года.

Дома жанчыну чакала страшная навіна – на фронце загінуў муж Міхаіл Паўлавіч. Яе здароўе было моцна падарвана: ваенныя рэаліі, смерць роднага чалавека значна паўплывалі на яе фізічнае здароўе. Менавіта тады жанчына прыехала ў Баруны, уладкавалася на працу ў калгас, а пасля – у Вішнеўскую МТС. У 1952 годзе рупная праца Веры Антонаўны была адзначана і яе прынялі ў шэрагі КПСС.

3 ліпеня 2001 года Вера Антонаўна атрымала віншавальную паштоўку ад Прэзідэнта, у якой ёй была выказана падзяка за мужнасць, самаадданасць і гераізм, а таксама кіраўнік краіны жадаў адважнай партызанцы здароўя, аптымізму і дабрабыту.

Вера Жабінская – сапраўдны прыклад вытрымкі, патрыятызму, працалюбства. Яе жыццё складана назваць лёгкім і шчаслівым, аднак яно было напоўнена сапраўдным сэнсам. Для нашчадкаў яна пакінула своеасаблівы запавет: “Сонца – на ўсіх адно, Зямля – адна. Трымайся сваёй хаты, беражы свой гонар, не бяры чужога, ведай сваю гісторыю. І дзе б ні апынуўся, куды б ні закінуў цябе лёс – у сваёй душы, у сваім сэрцы заўсёды хай будзе адчуванне моцнай сувязі з родным краем, зямлёй нашых бацькоў”.

Праз удзел у адмысловых мерапрыемствах вучні Барунскай школы бліжэй знаёмяцца з лёсам Веры Жабінскай, яе жыццём, гераічнымі ўчынкамі, а медалі нагадваюць пра яе заслугі. Асоба Веры Антонаўны выклікае вялікую цікавасць у маладога пакалення. Вучні разам са сваімі педагогамі не раз рыхтавалі даследчыя працы для навукова-практычных канферэнцый і конкурсаў. Час ад часу ў музеі праходзяць адмысловыя заняткі, прысвечаныя асобе мужнай партызанкі. Найвялікшы скарб для чалавека – гэта яго Радзіма. Такую глыбокую і адначасова простую праўду Вера Антонаўна дэманстравала ўсім сваім жыццём.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *