Школьнікі наведалі з экскурсіяй рэдакцыю газеты «Ашмянскі веснік»

Образование

Вясеннія канікулы — час адпачынку і экскурсій. З карысцю правесці вольны час вырашылі выхаванцы школьных лагераў. Разам з настаўнікамі яны распрацавалі маршруты і накіраваліся насустрач цікаваму і невядомаму.

З радасцю сустрэлі хлопчыкаў і дзяўчат і ў рэдакцыі раённай газеты. Нягледзячы на юны ўзрост, малечы з лагера «Усмешка» Барунскай сярэдняй школы цікавіліся прафесіяй журналіста, задавалі пытанні і гарталі старонкі нумароў раёнкі. Дарэчы, як адзначылі дзеці, «Ашмянскі веснік» ім добра знаёмы:  два разы на тыдзень — у аўторак і пятніцу — ён жаданы госць у іх дамах. Бацькі знаёмяцца з навінамі, а яны сочаць за выпускам дзіцячай старонкі з яе красвордамі і віктарынамі.

Нечаканасцю для школьнікаў стала тое, што сёлета раёнцы споўніцца 84 гады, а рэдакцыйны архіў захоўвае газетныя «падшыўкі» з далёкіх 1940-х гадоў. «Знамя свабоды», «Красное знамя», Ашмянскі веснік» — не проста розныя назвы раённай газеты, але і этапы яе развіцця.

— Пажоўклыя старонкі старых выданняў вельмі адрозніваюцца ад сучасных каляровых нумароў, — заўважылі дзеці і з інтарэсам пазнаёміліся з працэсам стварэння газеты.

Галоўны рэдактар Людміла Рыбік расказала пра збор інфармацыі, яе апрацоўку, а таксама пра вёрстку старонак і выпуск нумара. Падчас экскурсіі дзеці прыгадалі пра з’яўленне першага друкарскага станка, а таксама пра Францыска Скарыну, які паклаў пачатак беларускаму кнігадрукаванню.

Пасля знаёмства з працай карэспандэнтаў, стылістычнага рэдактара, рэдактара сайта дзеці прыйшлі да высновы, што праца ў рэдакцыі вымагае не толькі часу, але і трывалых ведаў беларускай і рускай мовы, а таксама ўмення падтрымліваць стасункі з людзьмі розных прафесій.

У завяршэнне эксурсіі школьнікі частаваліся прысмакамі, дзяліліся сваімі ўражаннямі і дзіцячымі марамі. Хто ведае, магчыма, хтосьці з іх з цягам часу абярэ прафесію журналіста і папоўніць шэраг карэспандэнтаў раёнкі.

Людміла ВЕРАС.

Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *