Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян падзяліліся сваімі талентамі

Культура

Элегантны ўзрост – час для новых адкрыццяў, самаразвіцця, раскрыцця ўласных талентаў. У маладосці не хапае часу на сябе: праца, быт, разнастайныя абавязкі забіраюць каштоўны час. Складана ўдзяліць ўвагу ўласным патрэбам. З выхадам на заслужаны адпачынак з’яўляецца больш магчымасцей для самарэалізацыі.

У Ашмянскім РЦК для людзей сталага ўзросту была арганізавана рэтра-кавярня “Багата талентамі Ашмянская зямля”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян Ашмянскага ТЦСАН. Маладыя душой мужчыны і жанчыны сабраліся, каб падзяліцца сваімі талентамі, расказаць пра сябе і свой шлях да творчасці. Выцінанка, вышыўка, вязанне, пляценне з бісеру – кола інтарэсаў удзельнікаў мерапрыемства дастаткова шырокае.

Клаўдзія Васілеўская на працягу доўгага часу займаецца вышыўкай. Яе працы – сапраўдныя шэдэўры, “намаляваныя” з дапамогай іголкі. Найбольш жанчыну прывабліваюць вышываныя іконы. Выявы Багародзіцы, святых, анёлаў склалі адмысловую выставу. Галіна Селістроўская таксама з’яўляецца аматарам вышыўкі. Жанчына зазначае, што любоў да справы ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве. Назіраючы за тым, як вышывае мама, яна вырашыла навучыцца гэтай нялёгкай справе. З-пад яе іголкі выходзяць вясновыя пейзажы, рамантычныя жаночыя вобразы, каляровыя нацюрморты. На працу над адной карцінай жанчына затрачвае каля чатырох месяцаў. Больш за 100 вышываных шэдэўраў з’явілася за ўвесь час. Часцей за ўсё свае працы яна дорыць родным і блізкім. Ігара Ціханскага і Гэлену Скавінскую захапіла бісерапляценне. Гэты занятак супакойвае, дорыць гармонію і радасць. Гэлена яшчэ і цудоўна вяжа. Яна прадэманстравала свой выраб, які надзвычай уразіў удзельнікаў. З мастацтвам выцінанкі прысутныя пазнаёміліся дзякуючы працам Святланы Сярпейкі. Адмысловыя матылькі, сняжынкі, жаночыя сілуэты – вырабы з паперы здзіўляюць. Многім вядома імя майстра на ўсе рукі Мар’яна Козара. Для выставы ён падрыхтаваў гліняныя вырабы. Калі глядзіш на іх, здаецца, пераносішся ў мінулае, вяртаешся да вытокаў і сваіх каранёў. Званочкі, свісцёлкі, збанкі, разнастайныя фігуркі перадаюць настрой аўтара, цеплыню яго рук і сэрца. І ў гэты час прыходзіць разуменне – чалавечым рукам падуладна ўсё. Але не толькі рукатворнай працай можна праслаўляць сваю краіну. Многія наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання валодаюць цудоўным голасам. Джэма Жураўлёва выдатна спявае і з’яўляецца ўдзельніцай хору ветэранаў. Падарыў добры настрой прысутным і фальклорны гурт “Скарбніца”. Галіна Даўгашэй і Генуэфа Кеўра пішуць вершы. Ашмянскія паэткі часта сустракаюцца з прыхільнікамі паэзіі, а іх творы з’яўляюцца на старонках перыядычных выданняў. Тамара Філіповіч расказала прысутным пра гісторыю стварэння сваёй кнігі, якая так палюбілася жыхарам Ашмянскага раёна.

Актыўныя, маладыя душой, яны паспяваюць займацца творчасцю, спортам, цікавяцца гісторыяй, літаратурай і шмат вандруюць. Дзіяна Купрыянюк, спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян, зазначае, што ўсе наведвальнікі – сапраўдныя аптымісты. Яны поўныя жыццёвай энергіі і не баяцца праблем і цяжкасцей.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *